18.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
На трасе M1 жорстка затрымалі дырэктара брэсцкай кампаніі
Мужчыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пазней пад'ехалі сілавікі, якія яго і затрымалі.На «пакаяльным відэа» берасцеец кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце. Паводле інфармацыі "Медыязона", затрыманы — Яўген Бычко.
Палітзняволенага Яўгена Кладова не вызвалілі пасля адбыцця першага тэрміну — яго будуць зноў судзіць
Стала вядома, што супраць Кладова завялі крымінальную справу па новых артыкулах — «масавыя беспарадкі» (293 КК), «распальванне варожасці або варажнечы» (130 КК) і «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (361 КК). Жыхару Баранавічаў можа пагражаць да 12 гадоў калоніі, піша «Наша Ніва».
Жыхара Баранавічаў арыштавалі на 13 сутак у жніўні 2023-га, а таксама канфіскавалі тэлефон. Але пасля гэтага Яўгена не выпусцілі — у лістападзе 2023 года адбыўся суд па крымінальнай справе. Яму прысудзілі год калоніі за лайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку.
У мінулую пятніцу Яўгена дадалі ў спіс «тэрарыстаў».
Палітвязня Андрэя Любецкага перавялі ў жодзінскую турму
У Бабруйску 26 чэрвеня разгледзелі справу аб замене Андрэю рэжыма ўтрымання на турэмны. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня ў турму да канца тэрміну.
Сківічны хірург Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні №4 у Мінску. Быў валанцёрам каля ізалятара на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Палітвязня затрымалі 4 траўня 2021 года.
У красавіку 2022 года суддзя Святлана Чарапанава прызначыла лекару пяць гадоў калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.
Спецыяліста па продажах адной з мінскіх кампаній затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года.
Крыніца: Ціск на палітвязняў, затрыманні за пратэсты: хроніка пераследу 17-18 ліпеня