15.07.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-15 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

25-гадовага мінчука затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту

У "пакаяльным" відэа ад 15 ліпеня сцвярджаецца, што затрыманаму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

У Полацку адмянілі фестываль касплея і K-pop з-за "прапаганды няправільных каштоўнасцяў"

Гаворка пра касплей-шоу "Кампай Полацк", якое было прызначана на 27 ліпеня ў мясцовым палацы культуры. Пра адмену мерапрыемства напісалі арганізатары:

"З 1 ліпеня 2024 года ў ПК новы дырэктар. Ён лічыць, што анімэ прапагандуе няправільныя каштоўнасці. Тыдзень вёў перамовы. Я не змог яго пераканаць, што Кампай бяскрыўдны дзіцячы ранішнік 12+".

МУС: на рок-канцэрце пад Пінскам затрымалі 56 чалавек

Ведамства паведаміла, што гэта былі жыхары Мінска, Гродна, Віцебска, Брэста, Пінска і Лунінца, сярод якіх былі «датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку да масавых беспарадкаў у 2020 годзе».

Таксама МУС адзначыла, што сярод затрыманых "былі сваякі ўдзельнікаў баявых дзеянняў ва Украіне".

11 удзельнікаў канцэрту былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за "распаўсюд нацысцкай сімволікі" і "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Арганізатараў (42-х і 41-х гадовыя жыхары Пінскага раёна) прыцягнулі да адказнасці за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў".

Палітзняволены святар Анджэй Юхневіч знаходзіцца ў знясіленым стане

andzhei-jukhnevicz_1.jpg
Анджэй Юхневіч

Пра гэта паведаміў Katolik.lifе, са спасылкай на вернікаў з ягонай парафіі.

Вернікам парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне дагэтуль невядома, у чым менавіта і па якім артыкуле абвінавачваюць іхняга пробашча — гэта тлумачаць таямніцай следства. У святара ёсць адвакат, але ён таксама нічога не паведамляе, паколькі вымушаны быў даць падпіску аб неразгалошванні.

Адзінае, што перадалі вернікам — святар знаходзіцца ў знясіленым стане, ён быў пазбаўлены многіх базавых чалавечых патрэбаў. Да прыкладу, толькі нядаўна яму далі магчымасць прыняць душ — пасля амаль двух месяцаў зняволення.

Вернікі пішуць пробашчу лісты ў СІЗА, перадаюць перадачы, каб ён не адчуваў сябе ў адзіноце, імкнуцца хадайнічаць перад органамі следства і пракуратуры, каб яго выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. У парафіі пісалі калектыўны зварот у апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, але там адказалі, што не могуць нічым дапамагчы ў гэтай справе.

Крыніца: Адмена фестывалю касплэя, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 13-15 ліпеня