12.07.2024 Тэгі: грамадства, заканадаўства, аналітыка, умовы ўтрымання, карткі У Беларусі 12 ліпеня набыў моц Закон "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Змены закранулі і Крымінальна-выканаўчы кодэкс — асноўны дакумент аб правах і абавязках асуджаных. Дзякуючы новаўвядзенням улады спрабуюць стварыць і без таго невыносныя ўмовы ў месцах пазбаўлення волі. Напрыклад, цяпер асуджаных змогуць адпраўляць у штрафныя ізалятары не на 10 сутак, а на 15. Пры гэтым некаторых палітвязняў і так бесперапынку ўтрымліваюць там па некалькі месяцаў запар. Юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў новы закон і распавёў, якія змены чакаюць асуджаных да пазбаўлення волі, пра магчымасць гадзінных спатканняў па відэазванку, схілення да прызнання віны і адыёзныя змены, што абмяжоўваюць жанчын у атрыманні пракладак.
Змены ў парадку выканання пакарання ў выглядзе пазбаўлення воліЯк і ў частцы з абмежаваннем свабоды, змены часткова замацоўваюць дэ-факта парадак, які ўжо склаўся, ды часткова ўводзяць новыя правілы — аб'ектыўна прынцыповыя. |
Замест пасылак і перадач — пакупкі ў краме калонііЗмяненнем у артыкул 84 (атрыманне і адпраўленне асуджанымі да пазбаўлення волі пасылак, бандэроляў і дробных пакетаў, атрыманне перадач) упарадкаваны працэс замены гэтых відаў падтрымкі зняволеных звонку: асуджаным па іх заяве дазваляецца замест пасылак, перадач, бандэроляў або дробных пакетаў атрымліваць набытыя іх блізкімі сваякамі ў краме папраўчай установы прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці вагой, вызначанай для паштовых адпраўленняў. Набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці асобамі, якія не з'яўляюцца блізкімі сваякамі асуджанага, дапускаецца з дазволу начальніка папраўчай установы. Гэтая норма нясе ў сабе пэўныя выклікі: сітуацыя можа застацца ранейшай, а можа змяніцца, калі адміністрацыя калоніяў будзе настойваць на тым, каб зняволеныя пераходзілі на такі фармат атрымання падтрымкі родных, аргументаў для бяспраўных зняволеных можа знайсціся дастаткова. Для калоніяў замена пасылак і перадач на набыццё тавараў у крамах калоніі мае відавочныя плюсы: не прыйдзецца дадаткова даглядаць, асартымент будзе стандартызаваны, прадпрыемствы ДВП атрымаюць сваю гандлёвую надбаўку за продажы. Зняволеныя і іх родныя могуць страціць у разнастайнасці і якасці тавараў, а таксама ў кошце: па многіх пазіцыях тавары ў крамах калоніяў вышэй, чым у гандлёвых сетак, якія пры гэтым укладаюцца ў гандлёвыя плошчы, рэкламу і дадатковыя паслугі. |
Замест кароткатэрміновага спаткання — 60-хвілінны відэазванокНоваўвядзенні ў артыкуле 86 вызначылі парадак замены чарговага паложанага кароткатэрміновага спаткання тэлефоннай размовай з выкарыстаннем сістэм відэасувязі працягласцю да шасцідзесяці хвілін. Гэтая замена відавочна нераўнацэнная: працягласць кароткатэрміновага спаткання вызначаная ў чатыры гадзіны. Як і ў выпадку з заменай перадач і пасылак, у адміністрацыі калоніі відавочна знойдуцца пераканаўчыя довады на карысць замены. У адсутнасць злоўжыванняў такія змены ў прынцыпе маглі б быць прымальнай альтэрнатывай для тых блізкіх асуджаных, каму паездкі ў калоніі не пасуюць з нейкіх прычынаў — напрыклад праз стан здароўя. |
Абмежаванне ў перадачы жанчынам гігіенічных пракладакУ новай рэдакцыі артыкула КВК прадугледжана права асуджаных атрымліваць дзве замест адной рэчавых пасылак з абуткам, адзеннем ды іншымі прамысловымі таварамі, якія асуджаныя могуць мець пры сабе, акрамя прадуктаў харчавання і тытунёвых вырабаў) у год. Адносна забаронаў на перадачу гігіенічных сродкаў у ВК-4 і ВК-24: у адпаведнасці з арт. 84 УВК, парадак прыёму, атрымання, адпраўлення пасылак, бандэроляў і дробных пакетаў, атрымання перадач, іх надгляду, а таксама пералік прадметаў і рэчаў, дазволеных да атрымання, захоўвання, адпраўлення асуджанымі, вызначаюцца правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў. У адпаведнасці з дадаткам да правілаў унутранага распарадку ў пералік прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, абутку, адзення ды іншых прамысловых тавараў, якія асуджаныя могуць мець пры сабе, атрымліваць у пасылках, перадачах, бандэролях, дробных пакетах і набываць у крамах установы, уваходзяць "для асоб жаночага полу: ... вата, гігіенічныя пакеты". Такім чынам, абмежаванне ў перадачы гігіенічных пракладак — простае самавольства, бо рэчавыя пасылкі — гэта пра ўсё, акрамя прадуктаў і цыгарэт, а звычайныя — гэта пра прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. Нават калі прыдумаць, што пракладкі — гэта не прадметы першай неабходнасці, то гэта дакладна не так — яны прадаюцца ў турэмнай краме сярод прадметаў першай неабходнасці, і мне здаецца, у гэтым разгадка. |
Страхаванне на вытворчасці ў калонііСпатрэбілася больш за дваццаць гадоў для таго, каб прынятае на волі абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў нарэшце дабралася да асуджаных да пазбаўлення волі, якія прыцягваюцца да выканання аплатных работ (артыкул 93). |
Рэабілітацыйныя цэнтры для асуджаныхНовымі магчымасцямі сталі перспектывы магчымага стварэння ў якасці структурнага падраздзялення рэабілітацыйных цэнтраў для праходжання асуджанымі да пазбаўлення волі, што пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, праграм комплекснай медычнай і сацыяльнай рэабілітацыі. |
Працаўладкаванне асуджаных маціАсуджаныя жанчыны, дзеці якіх змешчаныя ў дамы маці і дзіцяці папраўчых устаноў, прыцягваюцца да працы з усталяваннем паводле іх заявы няпоўнага працоўнага часу ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы — гэта правіла вызначана арт. 98 УВК (хоць і да таго ў адпаведнасці з арт. 99 УВК было вызначана, што працягласць працоўнага часу асуджаных да пазбаўлення волі, патрабаванні па ахове працы вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы і аб ахове працы — г. зн. мусіць рэгулявацца як у свабодных работнікаў). |
Выхаваўчыя мерапрыемствы ў калонііПаводле новых правілаў, для правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў работнікамі папраўчых устаноў могуць прыцягвацца "прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, іншыя асобы, здольныя аказваць выхаваўчае ўздзеянне на асуджаных". |
Псіхалагічная дапамога асуджанымКрыху па-новаму сфармуляваны парадак і мэты аказання псіхалагічнай дапамогі зняволеным: у адпаведнасці з заканадаўствам аказваецца псіхалагічная дапамога ў адаптацыі да парадку і ўмоў адбыцця пакарання, пераадоленні канфліктаў, нармалізацыі псіхічнага стану і нейтралізацыі адмоўных установак асобы, падрыхтоўцы да вызвалення. Псіхалагічная дапамога асуджаным аказваецца з улікам асаблівасцяў адбыцця канкрэтнага віду пакарання і ўжывання мер выпрабавальнага і прафілактычнага ўздзеяння. Псіхалагічная дапамога асуджаным аказваецца псіхолагамі, адпаведнымі кваліфікацыйным патрабаванням, вызначаным заканадаўствам у сферы аказання псіхалагічнай дапамогі. |
У штрафны ізалятар цяпер могуць адпраўляць на 15 сутакМабыць адна з самых адыёзных змен — з 12 ліпеня змяшчэнне асуджаных, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях і турмах, у штрафны ізалятар з вывадам або без вываду на працу альбо вучобу можа працягвацца тэрмінам да 15 сутак (раней было 10). Гэта істотна спросціць задачу адміністрацыям калоніяў, хоць і да гэтага яны спраўляліся з задачамі, напрыклад, трымаць асуджаных у ШІЗА па некалькі тэрмінаў запар. |
Пазбаўленне спаткання або перадачыЁсць і свайго роду паслабленні: спагнанне ў выглядзе пазбаўлення чарговага спаткання або перадачы могуць быць накладзеныя не раней за трыццаць дзён да наступлення права на атрыманне чарговай пасылкі або перадачы альбо прадастаўлення чарговага працяглага або кароткатэрміновага спаткання. |
Схіленне да прызнання віныДругая драконаўская змена, што прайшла амаль незаўважанай — фармулёўкі крытэрыяў выпраўлення асуджаных да пазбаўлення волі: "ступень выпраўлення асуджанага да пазбаўлення волі вызначаецца адміністрацыяй папраўчай установы па выніках атэстацыі асуджанага на падставе ўсебаковага вывучэння яго асобы і ацэнкі паводзінаў у перыяд адбыцця пакарання ў частцы адпаведнасці асуджанага крытэрам, а таксама з улікам стаўлення асуджанага да здзейсненага злачынства, ліквідацыі ім наступстваў здзейсненага злачынства, прызнання віны ў здзейсненым злачынстве, гарантый правапаслухмянага ладу жыцця, якія выказваюцца асуджаным, а таксама іншых абставінаў, што заслугоўваюць увагі, і якія пацвярджаюць дасягненне асуджаным пэўнай ступені выпраўлення". Можна запярэчыць, што і да гэтага асуджаных схілялі да прызнання віны ў працэсе вызначэння ступені выпраўлення, але ніколі да гэтага так не рабілі на падставе закона. У гэтай нормы ёсць і невідавочныя наступствы: тыя са зняволеных, хто спадзяецца на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, хутчэй за ўсё перастануць абскарджваць з калоніяў што-небудзь акрамя тэрміну і віду пакарання — інакш скаргі на прысуд па іншых падставах хутчэй за ўсё будуць расцэненыя адміністрацыяй калоніі як непрызнанне віны, а такім чынам — неадпаведнасць крытэрам выпраўлення. |