11.07.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы тату-майстра з Магілёва за татуіроўкі "нямецкай сімволікі”
Праўладны тэлеграм-канал "Шосты рэгіён" апублікаваў відэа з затрыманым. На камеру мужчына кажа, што працуе тату-майстрам у Магілёве, што набіваў сваім кліентам “нямецкую сімволіку" і ў самога на целе ёсць татуіроўкі з такой сімволікай.
У роліку сілавікі паказваюць эскізы татуіровак з элементамі нямецкай формы, сімволікай Трэцяга рэйха, а таксама партрэта Сталіна. "Медыязона" знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Дзяніс Гарбачоў.
Сілавікі затрымалі мужчыну за Данат палку Каліноўскага
Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал "Кніга ГУ "База". На камеру мужчына кажа, што зрабіў грашовы перавод палку Каліноўскага ў 2022 годзе і гатовы пакрыць "шкоду".
Аўтары канала пішуць, што ў дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа і яму пагражае да 5 гадоў калоніі.
Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома, піша "Медыязона".
У Віцебску ліквідавалі грамадскае аб'яднанне "Беларуская федэрацыя спорту чанбара"
У Віцебскім абласным судзе 10 ліпеня разглядалі пазоў Міністэрства юстыцыі па ліквідацыі чарговага спартовага аб'яднання. Гэтым разам непажаданай аказалася ГА «Беларуская федэрацыя спорту чанбара», зарэгістраванае ў верасні 2016 года ў Віцебску.
Як тады пісала БЕЛТА, «мэта дзейнасці федэрацыі — аб'яднанне намаганняў яго членаў для ўдасканалення і далейшага развіцця спорту чанбара ў Беларусі, яго папулярызацыя сярод насельніцтва».
Гэты від спорту быў створаны ў Японіі ў 1973 годзе на аснове самурайскага паядынку на мячах.
З лютага ў "спіс тэрарыстаў" КДБ дадалі 46 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 46 чалавек. З іх 35 — беларусы, яшчэ адзін — украінец.
Сярод іх маладая маці Кацярына Шаблінская-Іванова, іпэшнік з Баранавічаў Сяргей Буната, жанчына, якая мае сына з інваліднасцю, Надзея Лапцёнак, 18-гадовы першакурснік БДПУ Герман Лебедзеў.
Ёсць і тыя, хто асуджаны завочна. У спісе з'явіліся імёны Вольгі і Андрэя Павукоў, колішняга ўдзельніка каманды Віктара Бабарыкі і сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, а таксама палітолага Дзмітрыя Балкунца, піша «Наша Ніва».
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1187 чалавек, з іх 447 — беларусы.
Крыніца: Папаўненні ў "спісе тэрарыстаў", ліквідацыя грамадскіх аб'яднанняў: хроніка пераследу 11 ліпеня