11.07.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання У канцы красавіка СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску расфармавалі і закрылі. Ізалятар пераехаў у новы комплекс недалёка ад вёскі Калядзічы (у раёне вёскі Пашковічы) у Мінскім раёне. "Люстэрка" пагаварыла з адным з тых, хто пабываў у абодвух ізалятарах. Ён расказаў, як пераводзілі зняволеных, пра ўмовы ў камерах і стаўленне наглядчыкаў у новым СІЗА.
"Правялі «бліскучы шмон», калонай аўтазакаў павезлі на Калядзічы"
Увосень 2023 года Веніямін (імя змененае) трапіў у сталічнае СІЗА па непалітычным артыкуле (але з ім у камерах сядзелі і за «палітыку»). Мужчына расказвае, што на той момант чуткі пра перанос ізалятара ў раён Калядзічаў паміж зняволенымі на "Валадарцы" хадзілі ўжо больш за год. Фактычна рыхтавацца да пераезду пачалі ў канцы 2023-га.
— Перад Новым годам з камер пачалі забіраць тэлевізары, а дзесьці ў сакавіку — кнігі, якія мы бралі ў бібліятэцы. Перад самім пераводам нам зладзілі «бліскучы» шмон (ператрус. — Заўв. рэд.), падчас якога супрацоўнікі здзерлі і шторку ў прыбіральні, і цырату са стала, і палічкі са сцяны, на якіх стаялі нейкія прадметы, каб памыцца, пагаліцца.
З камеры зрабілі поўны жах, — успамінае мужчына. — Мы зразумелі, што яны спрабуюць максімальна вызваліць Валадарку. Бо некаторым у абед прыносілі вопіс рэчаў, а ўжо сярод ночы гэтых людзей везлі. Каго маглі, этапавалі ў Жодзіна і Магілёў, а кагосьці пераводзілі ўжо ў новае СІЗА.
Да мяне дайшлі ў пачатку красавіка — нас тады было каля 300 чалавек. Усіх вывелі з камер, правялі дагляд, а пасля калонай аўтазакаў павезлі на Калядзічы. Мы нават спыталі ў таго, хто нас вёз, на колькі чалавек разлічаны СІЗА. Ён адказаў, што ў раёне чатырох тысяч.
Паводле Веніяміна, новы будынак — трохпавярховы, у форме літары Ж. У пачатку чэрвеня гэтага года, калі мужчына адтуль з’ехаў, запоўненыя былі не ўсе карпусы.
— Паводле адчуванняў, турма яшчэ працуе не ўся, але завозілі, здаецца, і з Жодзіна і іншых СІЗА, — тлумачыць ён. — Многія камеры тады былі ў жалю вартым стане, бо ўсё будавалася спехам. Здаецца, і прыгожа выглядае, але танна. Да нас, дарэчы, яшчэ на Валадарку заязджалі людзі, якія расказвалі, што будавалі Калядзічы. А мы ім: «Ну, цяпер будзеце там сядзець. Віншуем» (смяецца).
Апісваючы новы ізалятар і ўмовы, суразмоўца ўвесь час удакладняе: у тым, як усё ўладкаванае, ёсць і плюсы, і мінусы. Паводле яго, прагулачныя дворыкі — проста на даху будынка. Цяпер зняволеным даводзіцца глядзець на неба не толькі праз краты: зверху, над ім, — пласт полікарбанату.
— Калі на дварэ нягорача ці ідзе дождж, зімой — снег, пад гэтым дахам, думаю, у прынцыпе, будзе добра: і не прамокнеш, і пад нагамі не будзе лужын, бруду, ты не выпацкаешся, — разважае Веніямін. — Але летам там як у парніку. Проста невыносна знаходзіцца. Нават у траўні было вельмі душна, а паколькі СІЗА новы, усё працуе праз адно месца.
Не хапае персаналу, мы неяк у гэтай скрынцы гулялі паўтары гадзіны, людзям рабілася дрэнна, а вывесці нас адтуль ніхто не мог. Неяк нас перавялі ў маленькі дворык — там было свяжэй, халадней.
У сценах усюды ёсць адтуліны, праз якія трапляе паветра, але праз тое, што яны ўнізе, паступае яно дрэнна. Можа, калі б іх зрабілі па прынцыпе «кармушак» у дзвярах, быў бы эфект скразняку. Дарэчы, праз гэтыя шчыліны ўнізе можна трохі паглядзець на вуліцу — мы там бачылі нейкую сметніцу, найбліжэйшыя дамы пасёлка, адміністрацыйны будынак ля СІЗА.
Яшчэ калі б яны дадумаліся прамыць хаця б вадой са шланга гэтыя адкрытыя памяшканні, бо там застаўся пыл, бруд ад будаўнічых работ. А так ты ўсім гэтым дыхаеш, і ніхто з гэтым нічога рабіць не будзе, бо яны і ў камерах нічога не прыбіралі.
"Камера падавалася проста аграменнай. А матрацы на нарах — тонкія, спіш у асноўным на жалезе"
Вялікі прагулачны дворык, паводле падлікаў Веніяміна, 10 крокаў у шырыню і ў даўжыню. Як расказвае мужчына, ён меншы, чым быў у мінскім СІЗА, але месца ўсім дастаткова і «можна нават бегаць». На прагулкі выводзяць па камерах, а ў іх цяпер менш зняволеных.
— На Валадарцы сядзелі ў вельмі вялікай камеры — нас там было больш за 20 чалавек, і месца для кожнага было мала. У Калядзічах я быў у васьмімеснай, так што ў параўнанні з папярэдняй яна нам падавалася проста аграменнай. Мы маглі спакойна хадзіць, займацца спортам, прычым нават удвух, і нікому пры гэтым не перашкаджаць. Злева і справа ў нас стаялі па чацвёра двух’ярусных нараў (на Валадарцы былі трох’ярусныя), пасярэдзіне — стол і прыбітыя да падлогі лаўкі.
Стол, дарэчы, цікавы — драўляны, з металічным кажухом зверху, але хістаецца. На нарах — новыя матрацы. Так, на іх яшчэ ніхто не спаў, але яны тонкія. А зазоры паміж прутамі канструкцый занадта вялікія, і, выходзіць, усё мяккае з матраца правальваецца ў гэтую дзірку, а ты ў асноўным спіш на жалезе.
Ёсць шафкі з дзверцамі. Нейкі ідыёт сказаў, што ў нас зашмат пакетаў пад нарамі і ежу мы мусім захоўваць у гэтых шафках. А як там, напрыклад, пакідаць мяса ў такое надвор’е? На падлозе ж яно лепш захаваецца.
Дарэчы, на Валадарцы ў нас былі кругалі — шклянкі з алюмінію. Яны моцна награваюцца, у рукі ўзяць немагчыма. Але доўга трымаюць цяпло — чай ужо можа быць прахалодным, а кругаль усё яшчэ такі гарачы, што абпальваеш вусны. А тут ужо прыносяць кубкі з нержавейкі з ручкай! У іх можна пагрэць ваду і чай нарэшце піць гарачым. І міскі, лыжкі таксама новыя і са сталі, здаецца, прыкольныя.
На сцяне ў камеры вісіць тэлевізар. Спачатку быў проста рай, асалода: 25 каналаў! Мы глядзелі «Мужчынскае кіно», «Кінакамедыю», «Кінахіт», «Еўропу Плюс», усякія іншыя. А потым гэтыя «цудоўныя людзі» падрэзалі доступы — пакінулі «Беларусь 1, 2, 3, 5», НТВ, АНТ. Здаецца, СТС і «РТР-Беларусь» таксама ёсць, але не працавалі.
«Прыбіральня — у найлепшых традыцыях: дзірка ў падлозе. Затое з’явілася гарачая вада! Гэта ваў!»
Былы зняволены расказвае, што ў яго корпусе некалькі камераў былі аб’яднаныя ў блокі, на кожны — свой душ. У адрозненне ад Валадаркі, дзе быў адзін душ на ўсіх у падвальных памяшканнях.
— Мыцца нас усё роўна вадзілі раз на тыдзень. Яшчэ адно адрозненне — у старым будынку стаялі ўнітазы. А тут прыбіральня — у найлепшых традыцыях: дзірка ў падлозе.
Ракавіна стаяла асобна, затое, на секундачку, у ёй з’явілася гарачая вада! Гэта ваў! Можна было набраць ваду ў тазік і спаласнуцца, памыць галаву — з гэтага пункту гледжання дзірка ў падлозе круцейшая. А так гэта не заўсёды камфортна.
Але добра, што тут прыбіральня зачыняецца — замест шторкі стаяць дзверы. Праўда, у гэтых дзвярах ужо хісталася ручка, калі я там быў, нам яе так і не паправілі. А яшчэ на трэці-чацвёрты дзень пасля пераводу зламаўся кран — там змяшальнік не вентыльны, як быў раней, а аднарычажны. І вось калі цягнеш яго ўверх, каб уключыць ваду, падымаецца ўся канструкцыя (смяецца). Але гэта, дзякуй, даволі хутка выправілі.
Веніямін бачыў, што ў новых карпусах таксама ёсць камеры яшчэ на дваіх і шасцярых чалавек. Ці ёсць на большую колькасць зняволеных, наш суразмоўца не ведае. У Мінску мужчына сядзеў на паўпадвальным паверсе. Кажа, гэта ўплывала на мікраклімат унутры памяшкання.
— А тут з паветрам стала лепей. У нас у камеры было два вокны, прычым шклопакеты, на хвілінку! Але на іх налепленая плёнка, якая перашкаджае ўсё выразна бачыць. На Валадарцы від быў лепшы, але там вокны размяшчаліся на ўзроўні асфальту — увесь пыл, бруд траплялі да нас, — параўноўвае ён. — Мы яшчэ, калі заехалі, як ахайныя зэкі, памылі падлогу, а потым пашкадавалі: яна ніфіга не сохла. У хлопца аднаго два ці тры дні ручнік не мог высахнуць, бо была вялікая вільготнасць. Праз гэта было і вельмі холадна, але затое з вокнаў драўляных, як на Валадарцы, ужо не прадзімала.
Калі на дварэ зусім пацяплела, у камеры стала вельмі душна. Праўда, мы змаглі дабіцца, каб нам далі ключ ад вокнаў, і адкрылі іх на праветрыванне. Тады волкасць хутка зменшылася, па тэмпературы стала нядрэнна — у гэтым плане ўжо ўсё ў парадку. На ноч гэтае акно мы зачынялі падручнымі сродкамі, бо той ключ у нас адразу забралі. У выніку ў нас заўсёды быў прыток свежага паветра, праз гэтую невялікую шчыліну мы маглі глядзець на неба і сонца — ужо хоць нешта.
А так нашыя вокны выходзілі на супрацьлеглы корпус, на вокны іншых камераў. Так што, калі ўсіх заселяць, тэарэтычна можна будзе нават паспрабаваць убачыць іншых людзей.
Веніямін кажа, што новыя памяшканні лепш асвятляюцца ў цёмны час сутак, у іх больш натуральнага святла. Вось як былы зняволены апісвае аздабленне камер і мэблю ў іх:
— Колеру сцен я не памятаю, але, здаецца, гледзячы на іх, не хацелася біцца аб іх галавой. На падлозе — плітка. Я ў гэтым не разбіраюся, але іншыя казалі, што ўсё зроблена няроўна, крыва, з вялікімі зазорамі паміж стыкамі. Калі мы зайшлі ў камеру, зразумелі, што застаўся пыл ад аздобных прац. Як я ўжо казаў, гэтага пылу ніхто не прыбіраў. Плюс будаўнікі пакінулі нейкія плямы, падобныя да клея, якія не змываюцца без хіміі.
«Відэакамер — хоць засыпся, ператрусаў стала больш»
Як заўважыў былы вязень, вясной у Калядзічах была праблема з кадрамі. Новы ізалятар сам па сабе патрабуе большай колькасці персаналу.
Пры гэтым, паводле мужчыны, нават з Валадарскага перавяліся не ўсе супрацоўнікі — некаторыя вырашылі не працягваць кантракт. У выніку не былі наладжаныя многія працэсы. Кажа, што зняволеных вадзілі ў душ не паводле графіку, з лістамі былі праблемы.
— Яны губляліся, доўга правяраліся, бо, як нам сказалі, працавалі толькі два цэнзары. Калі вялікія выходныя, мы маглі тыдні два нічога не атрымліваць. Неяк ваяка, які разносіць ежу, казаў: «Хлопцы, мне, каб прынесці вам паесці, трэба пайсці фіг ведае куды, знайсці фіг ведае каго». Таму абеды, вячэры, сняданкі ў нас былі не паводле ПУР (правілы ўнутранага распарадку. — Заўв. рэд.), а са спазненнем на гадзіну-дзве.
Аднаму хлопцу яшчэ на волі паклалі лекі ў зуб, ён пахадзіў з ім тры-чатыры тыдні, пісаў заяву на стаматолага, што яму дрэнна. Неўзабаве яго, здаецца, нават паказвалі мясцоваму медыку, але наўпрост сказалі: «У нас не хапае людзей, каб цябе адвезці ў бальніцу». Хоць гэтая бальніца на адной тэрыторыі з СІЗА.
У калідорах ізалятара Веніямін бачыў інфармацыйныя стэнды з планіроўкай памяшканняў. Паводле яго, на іх адзначаны пакой для малітваў, памяшканні для доўгіх спатканняў і нават спартзалы. Як лічыць суразмоўца, спартзалы — для супрацоўнікаў і, магчыма, зняволеных, якія працуюць. Ён вельмі сумняваецца, што туды будуць пускаць усіх ахвотных. Кажа, што стаўленне ў прынцыпе з боку адміністрацыі і назіральнікаў стала стражэйшым, чым было на Валадарцы.
— Тут ператрусаў стала больш. Усюды — на прадоле, у калідорах, якімі мы ідзём у прагулачны дворык на дах, — стаяць відэакамеры, іх хоць засыпся. Нават у саміх камерах — на Валадарцы такога не было. Сляпая зона толькі ў раёне прыбіральні. Так што супрацоўнікі ўсё паляць, — апісвае ён. — Супрацоўніца выхаваўчага аддзела расказвала, што ў старым ізалятары было 20 рапартаў за тыдзень, а тут — 200. Большасць — за сон удзень.
Наогул, паводле ПУР няма забароны на сон і ляжанне на нарах днём, але нібыта ёсць вуснае распараджэнне ад начальства. Потым казалі, што, здаецца, можна ляжаць, але не спаць. У выніку чалавек атрымліваў рапарт за тое, што сядзеў бокам да «кармушкі» з надзетым на галаву капюшонам і пра нешта там думаў. Яму сказалі: не былі відаць вочы — значыць, спіш, атрымлівай рапарт.
Яшчэ ў аднаго хлопца была высокая тэмпература, яму далі даведку, што можна адпачываць, не хадзіць на шпацыр, а яго прымушалі выходзіць у дворык, не дазвалялі спаць, пагражалі рапартам: «Нічога не ведаем». Або: «Хочаш ляжаць — едзь на бальнічку, увесь дзень тут ляжаць нельга». Яшчэ, дарэчы, на Валадарцы супрацоўнікам было ўсё роўна, ты мог адмовіцца ад прагулкі, а тут усіх выводзяць абавязкова.
А так рабіць у камерах там асабліва няма чаго. Па тэліку глядзець няма чаго — «выдатныя» навіны, альбо серыялы пра мянтоў, турму і святароў. Кнігі выдалі на трэці ці чацвёрты дзень, мы напісалі заяву на новыя, але толькі праз месяц атрымалі адказ: «Кнігі яшчэ не паспелі расфасаваць. Тыя, што хочаце, вы не атрымаеце, ці мы прынясём тыя, якія абяром самі».
Так што праблема новага СІЗА ў тым, што ўмовы там, здавалася б, лепшыя, а рэжым праз гэтыя «паляпшэнні» для ўсіх пагоршыўся.
Крыніца: "Летам там як у парніку". Былы вязень распавёў пра новае СІЗА пад Мінскам