11.07.2024 Тэгі: палітвязні, гісторыі вязняў Год таму, у ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года, памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. Яго асудзілі ў закрытым рэжыме да пяці гадоў калоніі за карціны на выставе ў Гродне і перформанс ў Кіеве вясной 2021 года. У Алеся Пушкіна ў турме № 1 Гродна адкрылася прабадная язва і яму своечасова не была аказана медыцынская дапамога. Мастака ўжо ў непрытомным стане пад канвоем прывезлі ў бальніцу, але было позна — ён памёр на аперацыйным стале. Сёння, у гадавіну смерці Алеся Пушкіна, узгадваем падрабязнасці яго пераследу, а праваабаронца "Вясны" нагадвае пра збор сведчанняў пра ўмовы ўтрымання палітвязня, якія стануць у будучыні падставай для прыцягнення да адказнасці вінаватых у яго смерці. 

mastak-ales-puskin.jpg
Фота: Ex Mihalenko / Facebook

Прынцыповае вяртанне ў Беларусь, дзе яго чакала крымінальная справа

Вясной 2021 года Алесь Пушкін выехаў у Кіеў, каб там правесці перформанс. Там на выставе беларускага пратэснага мастацтва "Кожны дзень" Алесь узнавіў свой самы вядомы перформанс "Гной для прэзідэнта", але крыху абноўлены — на партрэце Аляксандра Лукашэнкі, замест надпісу "За 5-гадовую плённую працу" ён разліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў. Гэта ў далейшым стала падставай для крымінальнай справы паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Як было сказана ў абвінавачванні, Алесь Пушкін "у перыяд са снежня 2020 па сакавік 2021 года, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, дзе злачынства пачата і працягвалася, у тым ліку ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", а таксама на тэрыторыі Украіны, дзе злачынства скончана, запэцкаў Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і пашкодзіў сцяг шляхам пратыкання забруджанымі гноем віламі". 

Алесь Пушкін на выставе ў Кіеве, 25 сакавіка 2022 года
Алесь Пушкін на выставе ў Кіеве, 25 сакавіка 2022 года

Алесь Пушкін казаў на адкрыцці выставы 25 сакавіка 2021 года незадоўга да свайго затрымання, што яму прыемна адкрываць прэзентацыю беларускага сучаснага мастацтва ў Кіеве і адначасова сумна:

умна таму, што і праз 22 гады мой перформанс актуальны, і я прыкаціў гэтую тачку ў Мастацкі арсенал, зрабіў тое самае, толькі паліў чырвонай фарбай партрэт Лукашэнкі, які стаў ужо крывавым дыктатарам".

Нагадаем, у ліпені 1999 года, на пяцігоддзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў тачку з гноем да адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску. Ён раскідаў гной і дэвальваваныя рублі, зверху паклаў Канстытуцыю, партрэт Лукашэнкі, і ўсё гэта пракалоў віламі. За гэтую акцыю мастак таксама быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Па вяртанні ў Беларусь мастака ўжо чакала ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса стала размяшчэнне партрэтаў прадстаўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара на выставе ў гродзенскім "Цэнтры гарадскога жыцця", што трактавалі як "рэабілітацыю і апраўданне нацызму". Карціна Жыхара была напісана ў 2014 годзе і раней экспанавалася ў Беларусі і Расіі. Крымінальную справу ўзбудзілі 26 сакавіка. Ведаючы пра крымінальную справу, Пушкін прынцыпова вярнуўся ў Беларусь.

30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці мастак быў затрыманы. 

Апошні перформанс мастака — падчас свайго суда  

Алесь Пушкін на судзе
Алесь Пушкін на судзе

Суд над мастаком распачаўся 10 сакавіка 2022 года. Яго амаль адразу зрабілі закрытым. Праз 20 дзён суддзя Алена Шылько прызначыла яму пяць гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 

На судзе Алесь быў у белым камбінезоне з надпісам "Белрэстаўрацыя", у якім яго затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы, дзе мастак працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. У пачатку суда палітвязень лёг на лаву і адвярнуўся. У будынак яго таксама ўнеслі ў гарызантальным становішчы, у суд ён ісці адмаўляўся.

"Аляксандр Мікалаевіч, не жадаеце ўстаць?" — сказаў суддзя. На што абвінавачаны адказаў, што яму патрэбная дапамога канвою, каб знялі кайданкі і дапамаглі ўстаць. Суддзя абвясціла перапынак.

Праваабаронцам "Вясны" пазней распавялі, што на суд яго насілі ў кайданках. За гэта канваіры складалі на яго па два рапарты кожны дзень, а суддзя далучала іх да матэрыялаў справы.

Вядома, што 25 сакавіка 2022 года (роўна праз год пасля перформансу) Алесь Пушкін на знак пратэсту супраць свайго зняволення і 5000 палітычных крымінальных спраў, адкрытых у Беларусі, парэзаў сабе жывот. 30 сакавіка, падчас абвяшчэння прысуду Пушкін распрануўся, каб былі бачныя драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў. Таксама мастак падзякаваў прысутным за ўдзел у палітычным перформансе. 

Фатограф Аляксандр Васюковіч вынес з «Валадаркі» насценны малюнак мастака Алеся Пушкіна
Фатограф Аляксандр Васюковіч вынес з «Валадаркі» насценны малюнак мастака Алеся Пушкіна

Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" Алесь Пушкін падрыхтаваў апошняе слова на 23 старонкі, але праз тое, што суд быў закрыты, грамадскасць яго не пачула.

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што Алеся змясцілі ў карцар 18 сакавіка — яшчэ да перформансу на судзе. Адправілі яго туды за подпісам начальніка ізалятара Андрэя Цэдрыка за "непрыстойныя паводзіны" на адным з судовых пасяджэнняў. 15 сутак Алеся ўтрымлівалі ў карцары № 2.

Ціск у калоніі за беларускую мову 

Партрэт Алеся Пушкіна. Аўтар: Уладзіслаў Макавецкі
Партрэт Алеся Пушкіна. Аўтар: Уладзіслаў Макавецкі

15 красавіка 2022 года Алесь Пушкін быў этапаваны з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 22. Сваёй жонцы мастак некалі казаў, што ў калоніі "яшчэ горш, чым было ў СІЗА на Валадарскага". У калоніі № 22 з Алесем Пушкіным сябраваў мастак Уладзіслаў Макавецкі, які быў знаёмы з ім да затрымання. Ён распавёў пра палітвязня ў калоніі: 

"Алесь адразу сказаў, што не будзе супрацоўнічаць з рэжымам — ён не будзе нешта для адміністрацыі калоніі маляваць. Ён казаў: "Гэта не для мяне. Я магу нешта намаляваць для зэка, а для адміністрацыі і калоніі — не".

Алесь казаў: "Гэта [зняволенне] гульня, і я ў яе гуляю"... Гэта ён так уяўляў, а на самой справе рэжым хацеў яго зламаць. Ён гэтага не разумеў... Ён хацеў данесці, у тым ліку турэмшчыкам, што ён сядзіць за сваё — за мастацтва. Яны гэта не разумелі... А можа і разумелі — я не ведаю, але ставіліся да яго нядобра, карацей".

Былы палітвязень узгадвае, што Алеся дыскрымінавалі ў калоніі праз беларускую мову:

"Яму кажуць: "Говори нормально!" Ён кажа: "Дык я ж нармальна, вось даклад даю". А яны: "Не, гэта не нармальна, давай, каб я цябе разумеў". Яны разумелі беларускую мову, але рабілі гэта наўмысна, каб яму цяжка было".

"Яго паважалі за паслядоўнасць у адстойванні сваёй пазіцыі". Былыя палітвязні — пра Алеся Пушкіна

Што з мастаком адбывалася за кратамі два гады — "Вясна" сабрала ўспаміны былых палітвязняў пра Алеся Пушкіна.

У жніўні 2022 года стала вядома, што адміністрацыя папраўчай установы № 22 змясціла палітзняволенага мастака на пяць месяцаў у памяшканне камернага тыпу. 11 лістапада 2022 года суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў гродзенскую турму № 1, дзе ён і знаходзіўся да смерці.

Затрыманне і пераслед адвакаткі мастака за тое, што перадала інфармацыю пра яго суд

На судовым працэсе адвакатка Юлія Юргілевіч стаіць у робе «Карцер 2».
Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч на судзе

Абараняла Алеся Пушкіна адвакатка з Гродна Юлія Юргілевіч, якая пазней сама стала палітзняволенай. Яе затрымалі 30 жніўня 2022 года па вяртанні з Польшчы ў Беларусь разам з журналістам і кіраўніком прыватнай установы "Цэнтр гарадскога жыцця" Паўлам Мажэйкам (менавіта ў гэтай прасторы выстаўляліся карціны мастака). Іх вінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове".

Згодна з матэрыяламі справы, Юлія Юргілевіч перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзі, сваё выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама даныя пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнні яму пакарання. Абвінавачанне ўпэўненае, што Павел Мажэйка перадаў гэтыя звесткі нявызначаным асобам для публікацыі на "Белсат" у лютым-сакавіку 2022 году. Ягоны ўчынак кваліфікаваны як "дзеянні групай асобаў па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч".  

На судовым працэсе адвакатка была ў сімвалічнай робе — "Карцер 2". Меркавалася, што жанчыну ўтрымлівалі ў карцары, але, магчыма, гэта спасылка на той самы карцар № 2 на "Валадарцы", дзе ўтрымлівалі Алеся Пушкіна падчас суда. Справу супраць адвакаткі і журналіста разглядаў суддзя Максім Філатаў — шырокавядомы палітычна матываванымі прысудамі, у тым ліку палітвязню Вітольду Ашурку, для якога яго прысуд стаў пасмяротным. 

"Патрабуем справядлівага пакарання вінаватых у яго гібелі"

ales_pushkin_albom.jpeg
Турэмны альбом на выставе ў Кіеве, падпісаная Алесем Пушкіным за тыдзень да яго затрымання

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначае, што маюцца сведчанні пра ўмовы ўтрымання загінулага палітвязня, якія стануць доказамі ў судзе па факту смерці мастака:

"Праваабаронцы і медыя гадамі змагаліся за тое, каб у Беларусі жыццё чалавека для прадстаўнікоў улады стала каштоўнасцю, а яго смерць у зняволенні – надзвычайнай падзеяй. Пасля падзей 2020 года ў блізкіх загінулых і памерлых у калоніях і турмах практычна не засталося шанцу на справядлівасць: Нацыянальнага прэвентыўнага механізму ў Беларусі не створана, а праваабарончыя арганізацыі, якія мелі магчымасці падтрымліваць знясільваючую барацьбу блізкіх за праўду пра апошнія моманты жыцця зняволенага, абвешчаныя ўладамі па-за законам.

Сабраныя звесткі пра тое, як турэмная медыцына і бесчалавечнае стаўленне службовых асоб забілі Алеся Пушкіна, з часам будуць падставай для крымінальнага пераследу вінаватых. Да такіх злачынстваў тэрміны даўнасці не прымяняюцца.

У гэты дзень, успамінаючы Алеся, аддаючы даніну яго памяці, мы зноў патрабуем справядлівага пакарання вінаватых у яго гібелі. Акрамя таго, мы павінны яшчэ раз заклікаць улады безумоўна і без прамаруджання вызваліць усіх палітвязняў, у першую чаргу — тых людзей, якія знаходзяцца ў асабліва цяжкім і рызыкоўным становішчы ў месцах пазбаўлення волі з прычыны ўзросту і стану здароўя. Гэта не верне ім страчаныя гады, не кампенсуе пакуты і не верне здароўе, але, прынамсі, не памножыць колькасць новых смерцяў – а значыць новых злачынстваў памагатых рэжыму".

Крыніца: "Да такіх злачынстваў тэрміны даўнасці не прымяняюцца". Гадавіна смерці мастака Алеся Пушкіна