01.07.2024 Тэгі: палітвязні, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі, права на здароўе 67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за тры гады. У верасні 2022 года Рыгора прызналі вінаватым у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" і прызначылі яму 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне. У красавіку яму зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру. Зяць палітыка Дзмітрый Антончык паведаміў "Вясне", што ад пачатку траўня на волю ад Рыгора не дайшоў ніводны ліст — раней такога вялікага перапынку ў ліставанні не было. 

Фота

Па словах Дзмітрыя Антончыка апошняя вестка ад палітвязня была 9 траўня:

"Апошняя паштоўка, нават не ліст, была 9 траўня з віншаваннямі да Дня народзінаў ягонай жонкі. Але бачна, што ў яго вельмі вялікія праблемы з ліставаннем, бо лісты яму не даходзяць пачкамі. Бывае, піша, што "не атрымаў адказу, таму пішу зноў". Таму апошнія лісты былі больш перапісваннем аднаго таго ж".

Як вынікае з апошніх лістоў Рыгора, пасля аперацыі па вывядзенні катэтара з мачавіка, якая адбылася напачатку красавіка, у палітвязня былі запланаваныя ў траўні некалькі абследаванняў у Мінску.

"Звычайна там больш месяца не трымаюць, але амаль два месяцы ўжо няма лістоў. Таму невядома ні дзе ён, ні як. Раней не было такога, каб такія вялікія перарывы былі ў ліставанні. Звычайна лісты даходзілі рэгулярна".

Дзмітрый мяркуе, што за гэты час Рыгора маглі пераводзіць у Бараўляны на абследаванне, таму маглі ўзнікнуць праблемы з ліставаннем на пэўны час. Але звычайна абследаванні займаюць менш часу, таму сваякі хвалююцца праз адсутнасць сувязі з Рыгорам.

Нагадаем, Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове. 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора вінаватым і прысудзіў яму10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У івацэвіцкай калоніі № 22, дзе палітвязень спачатку адбываў тэрмін, яго некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, а пазней перавялі ў ПКТ.

У судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні Сяргея Кухацкавольца, Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым у Гродна. 

У зняволенні ў палітвязня выявілі падазрэнне на анказахворванне. Напачатку красавіка сваякам палітвязня стала вядома, што яму зрабілі аперацыю — вывелі катэтар з мачавіка. Аперацыя зняла небяспеку разрыву пузыра ў Кастусёва, але ўскладніла знаходжанне палітвязня ў турме.

Падтрымаць палітвязня: 

Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Крыніца: "Звычайна лісты даходзілі рэгулярна". Ад Рыгора Кастусёва няма лістоў паўтара месяца