Святочныя мітынгі, сходы, канцэрты і іншыя масавыя мерапрыемствы у гонар стагоддзя абвяшчэння БНР запланаваныя сёння ў дзесятках беларускіх гарадоў і мястэчак. Мясцовыя ўлады далі дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў у Горадні, Берасці, Гомелі, а таксама ў іншых гарадах: Баранавічах, Лідзе, Слуцку, Салігорску, Кобрыне. Імпрэзы да Дня Волі анансавалі ў Глыбокім і Шаркоўшчыне.
Аднак у Віцебску, напрыклад, рахунак за паслугі па ахове мітынгу, які выставілі заяўнікам органы правапарадку, настолькі вялікі, што ад мерапрыемства давялося адмовіцца. Віцебская міліцыя патрабуе з арганізатараў акцыі да 100-годзьдзя БНР амаль 60 рублёў за працу кожнага супрацоўніка міліцыянта.
Таксама вядома, што Магілёўскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікета 25 сакавіка на плошчы Зорак, паколькі названай пляцоўкі няма ў спісе дазволеных месцаў. Замест цэнтра горада, улады прапанавалі адсвяткаваць пікет на бязлюдным стадыёне па вул. Чалюскінцаў.
Напярэдадні 25 сакавіка адбыліся прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў у Бабруйску, Бярозе, Берасці, Слуцку, Вялейцы. Многіх з затрыманых чакаюць суды ў панядзелак, 26 сакавіка.
Грамадскага актывіста Мікалая Чарнавуса з Баранавіч выклікалі позвай у Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту РБ на 10 гадзін 25 сакавіка, з мэтай недапушчэння яго на мітынг у сталіцу.
Раніцай 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі пачалі чыніць перашкоды для тых, хто выпраўляецца ў Мінск на святкаванне 100-годдзя БНД. У сацыяльных сетках паведамляюць аб тым, што сябра БХД Яўген Анішчанка з Воршы, які ехаў у Менск, толькі што быў затрыманы міліцыяй. Зараз Яўген Анішчанка знаходзіцца ў Талачынскім РАУС.
Прыкладна ў 8 гадзін раніцы на вакзале ў Маладзечне супрацоўнікамі МУС был затрыманы грамадскі актывіст Алесь Абрамовіч, кіраўнік Менскай абластной арганізацыі БСДП (Грамада).
Затрыманы паэт Славамір Адамовіч, які збіраўся з Мар'інай Горкі электрычкай патрапіць у Мінск.
"На выездзе з Бабруйска толькі што затрыманыя 5 сябраў БСДП разам з сябрам ЦК Юрыем Грынявіцкім. Усе яны накіроўваліся ў Менск на дазволены ўладамі канцэрт. Зараз іх машыну суправаджаюць у аддзел міліцыі. Абвінавачваюць у нейкім злачынстве", паведамляе ў фэйсбуку Ігар Барысаў.
Праваабаронцы з Бабруйска ўдакладняюць: затрыманыя - Уладзімір Чабан, Эдуард і Юрый Грынявіцкі, Яўген Габрэлян, Аляксей Калеснікаў. Іх пад канвоем вяртаюць у Бабруйск.
У Вялейцы супрацоўнікі міліцыі на аўтамабілях дзяжураць каля дамоў мясцовых актывістаў Аляксея Сюдака, Міхася Куляша і Паўла Хаванскага.
Не даюць выйсці з дому жыхару Мар'інай Горкі Сяргею Мазуру, у якога 23 сакавіка супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус.
Журналістка Вольга Чайчыц піша ў фэйсбуку: "Не можам выехаць з вёскі, дзе жывем. Затрымалі каля дому. Дзяржаўтаінспектар Дзяржынскага ДАІ Панчанка Аляксей. Пакуль нас прабіваюць па базе і проста не даюць з'ехаць".
Перадае праваабаронца Барыс Бухель: “Магілёў. У 9-50 патэлефанавала Ухарэнка Валянціна (прозвішча - на слых): у 5 км ад горада на мінскай трасе каля вёскі Сумарокава затрымалі 11 чалавек, якія ехалі ў Менск ... Вязуць ў РАУС Магілёўскага раёна. Мент сказаў, што паступіў сігнал. А які, за што затрымліваюць, не сказаў. Адказваў толькі: усё даведаецеся ў РАУС, садзіцеся ў іх машыну і папярэдзіў пра ўжыванне сілы. Валянціна Ухаренко сказала, што да адной жанчыны ўжылі сілу і павялі да міліцэйскай машыне. Пад'ехала яшчэ некалькі міліцэйскіх машын. Шмат амапаўцаў. Тэлефон адключыла".
У Маладэчне дзесьці ў пачатку на 10-ую затрымалі Анатоля Гмызу. Быццам бы для праверкі дакумэнтаў. Цяпер ён у РАУСе. Пра гэта паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.
Віцебск. Заяўнік шэсцця і мітынгу Уладзімір Кійко заблакаваны людзямі ў цывільным у сваёй кватэры. Ля пад'езда стаіць машына УАЗ. Актывіста Леаніда Аўтухова заблакавалі ў сваім доме у Гарадку Віцебскай вобласці.
Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі запланавала на 25 сакавіка правядзенне спецыяльнай аперацыі "Фільтр" з не зусім зразумелымі мэтамі і задачамі. Існуе верагоднасць, што такім чынам улады спрабуюць спыніць аўтатранспарт, на якім многія рэгіянальныя актывісты дабіраюцца да Мінску.
Крыніца: 100 год БНР: дзесяткі затрыманняў па ўсёй краіне Дапоўнена