24 сакавіка ў Мінску прайшоў урачысты мітынг-канцэрт, арганізаваны Кансерватыўна- Хрысціянскай партыяй Беларускага Народнага Фронту (далей - КХП БНФ) у гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Мерапрыемства адбылося ў Кіеўскім скверы сталіцы з 12 па 16 гадзіну. Высновы:
- Мерапрыемства насіла мірны характар на працягу ўсяго перыяду яго правядзення (калі "арганізатары маюць мірныя намеры, удзельнікі мерапрыемства не здзяйсняюць гвалтоўных дзеянняў і не прызываюць да гвалту").
- Акцыя была дазволена ўладамі, хаця неабходнасць атрымліваць дазвол для яе правядзення і адвольная змена месца правядзення мітынгу варта трактаваць як непрапарцыйнае абмежаванне права на мірныя сходы.
- У ходзе масавага мерапрыемства адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, усе яны былі ў цывільным адзенні. Таксама супрацоўнікі па-ранейшаму не рэагавалі на канфліктныя сітуацыі ўдзельнікаў масавага мерапрыемства з мінакамі, што магло прывесці да іх перарастання ў парушэнне закона.
- Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджалі ажыццяўленню назірання і працы СМІ.
- Супрацоўнікі камунальных служб паказальна прыбіралі бліжэйшую парковачную пляцоўку, калі на самім месцы правядзення снег прыбіралі арганізатары.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Рэспубліцы Беларусь на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваны праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі і журналістамі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, а таксама наяўнасць на масавым мерапрыемстве хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка\назіральніцы і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".
Папярэдняя інфармацыя
Назіральнікі даведаліся аб правядзенні акцыі ад арганізатараў. Таксама ў сродках масавай інфармацыі паведамлялася, што 24 сакавіка 2018 года КХП БНФ правядзе ў Менску мітынг, прысвечаны абвяшчэнню трэцяй устаўной граматы, якая абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 года.
За правядзеннем масавага мерапрыемства бесперапынна ажыццяўлялі маніторынг 6 назіральнікаў і назіральніц, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.
Ход масавага мерапрыемства
Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:
- Акцыя пачалася ў 12:00 каля кінатэатру “Кіеў”.
- Колькасць удзельнікаў на працягу мерапрыемства змянялася ад 150 да 190 чалавек. На акцыі прысутнічала да 15 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільнай вопратцы. Побач у дварах знаходзіліся аўтобусы, аўтазакі і службовыя машыны.
- Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя транспаранты і сімволіку: транспарант з тэкстам малітвы за Беларусь, транспарант з надпісам “Сто год БНР. Беларусь назаўсёды!”, нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі (да 20), сцягі КХП БНФ (3). Выкарыстанне ўдзельнікамі мовы варожасці зафіксавана не было.
- Удзельнікі акцыі, выкарыстоўваючы гукаўзмацняльную апаратуру, заклікалі людзей прыяднацца да святкавання стагоддзя БНР, распавядалі пра гісторыю свята, пра гісторыю ўтварэння беларускай дзяржаўнасці, арганізавалі выступы музыкаў і чытанне вершаў.
- Удзельнікі раздавалі ўлёткі з тэкстам песні “Магутны Божа” і прапаноўвалі мінакам ахвяраваць грошы на памятны знак (камень) да 100-годдзя БНР.
- Арганізатары былі пазначаныя бэйджамі. Прысутнічала дружына, якая была пазначаная бела-чырвона-белымі павязкамі на руцэ, што дазваляла прысутным ідэнтыфікаваць асобаў з боку арганізатараў, да якіх можна было звярнуцца з пытаннямі.
- Камунікацыйная група ад органаў унутраных спраў і машыны хуткай медычнай дапамогі падчас мерапрыемства адсутнічалі.
- Падчас пікету ахову грамадскага правапарадку здзяйснялі да 15 супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, чацьвёра супрацоўнікі АМАПу, на пад’ездах дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ.
- Акцыю асвятлялі СМІ. Перашкодаў у працы СМІ і назіральнікаў не было.
- Каля 13:50 выступы былі спыненыя ўмяшальніцтвам маладога чалавека, які патрабаваў слова для выступу. Праз 5 хвілін дружына адвяла яго ў бок, дзе ён працягнуў спрэчку з удзельнікамі і ўдзельніцамі дэманстрацый у аргэсіўнай форме.
- Праз гадзіну стала вядома, што пасля ўдзелу ў мітынгу, нягледзячы на наяўнасць пашпартоў, былі затрыманыя для “высвятлення асобы” Міраслаў Лазоўскі і Кастусь Касяк. Яны былі вызваленыя праз 20 хвілін з Цэнтральнага РУУСа Мінска з выбачэннямі ад супрацоўнікаў міліцыі.
- Мітынг скончыўся ў 16:00
Рэкамендацыі
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
* Спыніць практыку ціску і затрыманняў удзельнікаў мірных сходаў, паколькі гэта супярэчыць міжнародным абавязацельствам, якія Рэспубліка Беларусь узяла на сябе.
* Прымаць меры па спыненні канфліктных сітуацый і агрэсіўных дзеянняў мінакоў у адносінах да ўдзельнікаў мірных сходаў;
* Ажыццяўляць ахову мірных сходаў галосна і адкрыта, каб у ўдзельнікаў, журналістаў і назіральнікаў было выразнае разуменне ролі і функцый супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
* Пазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з арганізатарамі масавага мерапрыемства, журналістамі і назіральнікамі.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
* Ініцыяваць змены ў заканадаўства, якое рэгулюе свабоду сходаў, з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў.
Крыніца: Справаздача па маніторынгу мітынгу 24 сакавіка 2018 года ў гонар святкавання “Дня Волі” ў Мінску