12.06.2024 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, грамадства Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У траўні праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 361 факт адміністрацыйнага пераследу па палітычных матывах. Суды прызначылі не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў і 45 штрафаў. "Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў траўні.
Арышты за адмову адчыніць дзверы сілавікам
Акрамя гэтага беларусаў працягваюць масава судзіць нібыта за "дробнае хуліганства" ў РУУС (арт. 19.1 КаАП) і "непадпарадкаванне міліцыянтам" падчас ператрусаў (арт. 24.3) КаАП. Кожны месяц дзясяткі людзей адпраўляюць за краты па надуманых прычынах паводле гэтых артыкулаў.
Так, у судзе Маскоўскага раёна Мінска напрыканцы траўня асудзілі жанчыну, якая нібыта не адчыніла дзверы сілавікам, бо не хацела пускаць іх у кватэру для правядзення ператрусу ў межах крымінальнай справы. На судзе жанчына прызнала віну і патлумачыла, што проста хацела дачакацца сына. Вынік — 14 сутак арышту. За адмову адчыніць дзверы ў кватэры асудзілі і яшчэ аднаго мінчука. Мужчына патлумачыў, што спаў, калі да яго прыйшлі з ператрусам, таму спачатку ён не чуў, што нехта грукаецца. Суд Савецкага раёна Мінску адправіў мужчыну за краты на 15 сутак.
Яшчэ аднаго мужчыну 10 траўня арыштавалі на 15 сутак нібыта за адмову выходзіць са службовай машыны. Паводле пратакола, мінчук "катэгарычна адмовіўся выйсці са службовага аўтамабіля для далейшага дастаўлення ў РУУС для разбіральніцтва па факце падазрэння ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, праігнараваўшы патрабаванне, упіраўся нагамі ў зямлю, хапаўся рукамі за дзверы аўтамабіля".
Затрыманне ў судзе за Пагоню на вокладцы пашпарту
Згодна з пастановай суда Ленінскага раёна Мінска ад 17 траўня, бацьку непаўнагадовага дзіця асудзілі за пікетаванне вокладкай пашпарту з Пагоняй, якую заўважылі супрацоўнікі суда Мінскага раёну. Паводле словаў мінчука, калі 16 траўня а 9 раніцы ён праходзіў праз турнікет у будынку суда, супрацоўнікі заўважылі ў яго руках пашпарт з Пагоняй. Мужчына на судзе віну не прызнаў. За гэта "правапарушэнне" мінчука арыштавалі на 13 сутак.
Суды над затрыманымі на мяжы з Беларуссю
У Беларусі працягваюцца суды над затрыманымі на мяжы пасля вяртання з-за мяжы. Так, напрыклад, у Воранаве 3 траўня асудзілі бацьку непаўнагадовага дзіця. Падставай для затрымання стала падпіска ва "Укантакце" на "экстрэмісцкія групы". Яго прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП і прызначылі яму 1 200 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў).
Таксама ў Воранаве 6 траўня асудзілі і маці двух маленькіх дзяцей. Яе асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" за падпіску ў фэйсбуку. Яе асудзілі да штрафу памерам 800 рублёў (20 базавых велічыняў).
А ў Ашмянах 3 траўня адбыўся суд над мужчынам, у якога ў тэлефоне знайшлі падпіскі на "экстрэмісцкія каналы". Вынікам стаў штраф у 1 200 рублёў (30 базавых велічыняў).
"Суткі" за "пікетаванне" ў сацыяльных сетках
У Першамайскім судзе Віцебска 10 траўня адбыўся суд над мужчынам, якога абвінавацілі ў "пікетаванні" ў фэйсбуку сваім фотаздымкам з выявамі бел-чырвона-белага і жоўта-блакітнага сцягоў. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і прызначылі 15 сутак арышту.
Яшчэ аднаго віцебчука ў той жа дзень арыштавалі за публікацыю ў фэйсбуку "відэа са сцягамі бел-чырвона-белага колеру з грамадзянамі, якія прымаюць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама фотаздымка з выявай сцяга Украіны блакітна-жоўтага колеру разам з выявай свечкі, для азнаямлення іншых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі, выказваючы грамадска-палітычныя інтарэсы, пратэст супраць праведзеных у 2020 годзе выбараў Прэзідэнта РБ, а таксама асабістыя і іншыя інтарэсы". Вынік суда — 10 сутак арышту.
А ў Мінску маці непаўнагадовага дзіця 24 траўня аштрафавалі на 2 000 рублёў (50 базавых велічыняў) за выяву бел-чырвона-белага сцяга ў фэйсбуку. Гэта міліцыянты расцанілі як "пікетаванне", на які жанчына не атрымала дазвол.
Мінчука з прыёмнага пакою бальніцы адправілі на Акрэсціна праз "пікет" татуіроўкай
У Мінску 22 траўня ў прыёмным пакоі лякарні № 5 затрымалі мужчыну за "несанкцыянаванае пікетаванне": на ягонай назе была татуіроўка з гербам "Пагоня". За гэта яго адправілі на Акрэсціна на сем сутак. Сам мужчына на судзе растлумачыў, што ніякіх грамадска-палітычных мэтаў не меў, а проста быў апрануты ў майку і шорты, бо яму было горача. Яго судзілі на наступны дзень пасля затрымання.
Паводле матэрыялаў справы, малады чалавек "правёў пікетаванне без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, падчас якога дэманстраваў размешчаную на правай ікраножнай цягліцы татуіроўку ў выглядзе герба "Пагоня"".
Перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на 800 рублёў
Калацкую затрымалі напачатку траўня, а дома ў яе прайшоў ператрус. Да суда яна знаходзілася на волі. 17 траўня яе асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд прызначыў ёй 20 базавых велічыняў (800 рублёў).
У 2021-ым годзе Вольгу асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" за тое, што падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта ўдарыла прапагандыста Азаронка.
Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнесі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы "Гладыятар", "Шрэк", "Сямейка Смітаў" ды іншыя.
Актывістку руху "Маці-328" Марыну Уладыку асудзілі да 15 сутак арышту
Жанчыну затрымалі раніцай 7 траўня, а дома правялі ператрус.
У судзе Заводскага раёна Мінска 8 траўня над жанчынай адбыўся суд. Яе абвінавацілі ў "дробным хуліганстве" паводле арт. 19.1 КаАП. Суддзя Алена Някрасава арыштавала Уладыку на 15 сутак.
Вядома, што Марына з'яўляецца каардынатаркай па дапамозе сіротам, асуджаным да вялікіх тэрмінаў паводле арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў). Каля дзясятка асуджаных маглі "атаварвацца" ў турэмнай краме дзякуючы дапамозе актывістаў руху.
Мінчука арыштавалі за БЧБ-фіранкі па скарзе "неабыякавага грамадзяніна"
Згодна з пастановай суда, апублікаванай на сайце pravo.by, у судзе Першамайскага раёна Мінска 26 красавіка разглядзелі справу Вячаслава С. паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яго абвінавацілі ў пікетаванні бел-чырвона-белымі фіранкамі на акне кватэры.
Пасля званка ў 102 ад невядомага "пільнага грамадзяніна" (або грамадзянкі) міліцыя прыехала да дома мінчука позна ўвечары. Супрацоўнікі РУУС зафіксавалі наяўнасць штор на акне і склалі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП.
На судзе мужчына віны не прызнаў. Ён заявіў, што фіранкі на ягоным акне зусім не бела-чырвоныя, а барвовыя ў цэнтры і светлыя з бакоў, і ніякага пікетавання ён не праводзіў. У судзе выступіла сведка, якая сказала, што сама купляла ў кватэру гэтыя фіранкі, якія ўяўляюць сабой спалучэнне барвовых, ружовых і празрыстых палотнаў — каб лепш рэгуляваць асвятленне пакоя.
Пры гэтым у матэрыялах справы было апісанне "месца правапарушэння", складзенае міліцыянтамі падчас затрымання мужчыны. Згодна з дакументам, падчас агляду яны выявілі ў пакоі фіранкі-жалюзі, размешчаныя ў наступным парадку: празрыстая з іерогліфамі, ружовая, чырвоная і белая. Была прыкладзеная і фатаграфія акна кватэры — і суд прыйшоў да высновы, што фіранкі размешчаныя менавіта ў "бел-чырвона-белым спалучэнні". У выніку мінчука прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні і асудзілі на трое сутак адміністрацыйнага арышту.
Вячаслаў абскардзіў пастанову суда, адзначыўшы, што доказы яго віны адсутнічаюць. У выніку скаргу Вячаслава пакінулі без задавальнення, а рашэнне суда — без зменаў.
Крыніца: БЧБ-фіранкі, "Пагоня" на пашпарце, татуіроўка: за што беларусаў судзілі ў траўні