12.06.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, катаванні На сённяшні дзень у следчай турме №8 у Жодзіна ўтрымліваецца як мінімум 19 палітзняволеных: Сяргей Ціханоўскі, Дзяніс Івашын, Ігар Аліневіч і іншыя. Правааброцы не валодаюць поўнай інфармацыяй пра ўсіх палітвязняў, якія ўтрымліваліся ў жодзінскай турме. Але можна без перабольшання сказаць, што агулам праз яе прайшлі сотні палітвязняў. Там змяшчаюцца як тыя вязні, хто знаходзіцца пад следствам, так і тыя, каго перавялі на турэмны рэжым.
Былы палітвязень Міхаіл (імя зменена ў мэтах бяспекі), які да суда знаходзіўся ў жодзінскай турме, распавёў, як яе супрацоўнікі здзекуюцца і катуюць зняволеных, і якія вычварэнскія спосабы для гэтага выкарыстоўваюць.
Адразу па прыбыцці ў турму ў Міхаіла канфіскавалі шмат бяскрыўдных рэчаў, якія не неслі небяспекі. На спробы Міхаіла даведацца ў супрацоўнікаў аб прычынах канфіскацыі ён атрымліваў дзіўныя адказы.
"У іхных дзеяннях немагчыма было знайсці ніякай логікі"
"Напрыклад, у мяне канфіскавалі кускавы цукар. Я спытаў, чаму забіраюць. Мне адказалі наступнае: "Вось ты пакладзеш гэты цукар іншаму вязню на вочы, націснеш і выціснеш вочы". Калі падчас агляду супрацоўнікі дайшлі да пакетаваных кавы і гарбаты, іх таксама забралі. Сказалі, што фальгой ад кававага пакеціка я магу ноччу каму-небудзь парэзаць артэрыю.
Казалі, каб не задаваў ім "дурных" пытанняў. У іхных дзеяннях немагчыма было знайсці ніякай логікі".
Разам з гэтым Міхаілу дазволілі пранесці ў камеру алоўкі з асадкай, якія патэнцыйна маюць большую небяспеку, чым цукар і пакецік кавы.
"Вы забіраеце каву, але пакідаеце асадку. Калі б я сапраўды хацеў кагосьці траўмаваць, то тыркнуў бы асадкай".
"Без пяці хвілін, як ты пайшоў нахер"
Як распавядае суразмоўца, сярод супрацоўнікаў турмы яму трапляліся як жорсткія і бесчалавечныя, так і нармалёвыя.
"У Жодзіна быў карпусны, які падчас праверак заўсёды цікавіўся, як мы сябе адчуваем, правяраў, ці няма ў нас слядоў збіцця. Размаўляў максімальна культурна. Кожны наш выхад з камеры падчас праверкі ён суправаджаў словамі: "Мне вас жаль, але трымайцеся". Такіх чалавечых супрацоўнікаў былі літаральна адзінкі. Яны нічым нам не дапамагалі, але галоўнае, што не рабілі горш".
Міхаіл узгадвае шматлікія прыклады жорсткга і здзеклівага стаўлення да палітвязняў з боку супрацоўнікаў СІЗА, якіх была большасць.
"Часам я пытаў у кантралёра ў калідоры, колькі зараз часу. Памятаю, адзін з іх адказаў: "Без пяці хвілін, як ты пайшоў нахер".
Былы палітвязень кажа, што ім забаранялі купляць прадукты ў мясцовай краме. Але атаварвацца ў гаспадарчым аддзеле можна было без абмежаванняў.
"З намі ў камеры сядзеў адзін айцішнік, якому жонка пераводзіла на рахунак нямала грошай. Ён усёй камеры купляў неабходныя рэчы: ад туалетнай паперы да маек".
"У вас няма грошай, таму гарачая вада вам не паложана"
У следчай турме Жодзіна вязняў вадзілі ў лазню раз на тыдзень. Але душ быў выключна з халоднай вадой, кажа Міхаіл.
"Мы пыталі ў супрацоўнікаў, чаму нам не даюць гарачы душ. Яны казалі, што, маўляў, у вас няма грошай, вы ніяк не задзейнічаны ў працы, таму гарачая вада вам не паложана".
Аднойчы падчас мыцця ўжо намыленым палітвязням супрацоўнікі турмы без папярэджання адключылі гарачую ваду, самі глядзелі ў вочка і смяяліся, узгадвае суразмоўца.
"Гэта быў адзіны такі выпадак. Хлопцы зразумелі, што падобныя здзекі будуць працягвацца і далей мыліся толькі ў халоднай вадзе".
"Усёй камерай чулі, як яго збіваюць"
У жодзінскай турме на момант утрымання там Міхаіла працаваў надзіральнік у званні маёра, у якога на гумовым дручку была налепка са смайлікам. Як распавядалі Міхаілу іншыя вязні, гэты надзіральнік суправаджаў вязняў асуджаных да смяротнай кары да месца выканання пакарання.
"Ён здзекваўся з іншых палітвязняў. Калі заходзіў у камеру прымушаў усіх абавязкова адварочвацца да сцяны і насіў маску. Як ён сам нам казаў, каб пасля вязні не сустрэлі выпадкова яго на волі і не адпомсцілі".
Як кажа Міхаіл, гэты надзіральнік неаднаразова збіваў у калідоры турмы палітвязня з Брэста Рамана Агнішчанку.
"Рома заўсёды мог адказаць на абразы сілавікоў. Відаць, яны вырашылі напужаць самага гаварлівага, каб баяліся ўсе іншыя. Яго выводзілі на калідор, і мы ўсёй камерай добра чулі, як Рому збівалі".
Расцяжка па-жодзінку
Штодзень палітвязняў выводзілі ў калідор на праверку. Іх прымушалі вельмі шырока расстаўляць ногі. Тых, у каго не атрымлівалася – моцна збівалі.
"Падлога ў калідоры выкладзеная кафляй, кожная з каторых 30 сантыметраў. Нам загадвалі расстаўляць ногі на шырыню пяці кафляў – паўтара метра. Калі столькі паміж ног не змяшчалася, моцна білі па нагах, каб яны раз’язджаліся ў бакі".
"Што ты стаў па-еўрапейску"
Падчас праверкі ў калідоры вязням загадвалі стаяць абапёршыся аб сцяну сагнутымі кісцевымі суставамі далонямі да сябе. Праз тое, што ў такой позе вельмі складана стаяць, вязні пачалі абапірацца аб сцяну кулакамі – касцяшкамі пальцаў, кажа Міхаіл.
"Надзіральнік заўважыў гэта і ўдарыў дручком хлопца побач са мною. Ён тады сказаў вязню: "Што ты стаіш па-еўрапейску. Ты ў Беларусі, станавіся па-беларуску". То бок, абапіраючыся на кісцевыя суставы".
З матрасам на выцягнутых руках
Тых, хто станавіўся падчас праверкі не так, як загадвалі надзіральнікі, прымушалі браць з камеры скручаны матрас і на выцягнутых руках трымаць яго перад сабою неакрэслены час. Фактычна, вязні стаялі так да знясілення, распавядае Міхаіл.
"Калі падчас праверкі ў кагосьці з вязняў матрас падаў з рук, яго прымушалі падымаць і зноў стаяць такі ж час. І так цягнулася да тых пор, пакуль ім не надакучыць здзеквацца з нас".
Дзверы ў камеру наўмысна адкрывалі зусім троху, а вязняў прымушалі выбягаць у калідор, кажа Міхаіл. Праз гэта сукамернікі спатыкаліся і падалі.
"У дзвярах пакідалі невялікую шчыліну, праз якую было складана выбегчы на праверку. У камеры былі сталыя мужчыны з лішняй вагой, ім было асабліва складана".
"Развівайце дробную маторыку рук"
Кожную праверку надзіральнікі раскідвалі ўсе рулоны туалетнай паперы, і тыя цалкам раскручваліся па ўсёй камеры. Супрацоўнікі турмы казалі, што нібы ў паперы могуць быць схаваныя забароненыя рэчы. На просьбу вязняў так не рабіць, яны казалі: "Развівайце дробную маторыку рук. Скручвайце нанова".
"Мы іх скручвалі, а яны на наступны дзень іх зноў раскідвалі. Так цягнулася да таго моманту, пакуль мы ўсёй камерай не псіханулі і ўсю тую паперу, якую яны нам раскруцілі, не выкінулі ў калідор праз кармушку".
Пасля гэтага ў камеру адразу забеглі правяраючыя, кажа Міхаіл. Вязняў вывелі ў калідор і пачалі збіваць па нагах. Але пасля гэтага выпадку, гісторыя з туалетнай паперай не паўтаралася.
Суразмоўца кажа, што яму забаранілі атрымліваць і дасылаць лісты да ўсіх, акрамя сваякоў. Міхаіл звяртаў увагу надзіральніка на тое, што паводле правілаў унутранага распарадку ён можа ліставацца без абмежаванняў. "Ты ж ведаеш у якім ты статусе знаходзішся. Вам, палітвязням, забаронена пісаць2, – адказваў надзіральнік Міхаілу.
Крыніца: "Усёй камерай чулі, як яго збіваюць". Экс-палітвязень пра катаванні ў жодзінскай турме