03.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Ленінскага раёна Мінска 15 траўня асудзілі Аляксандра Саевіча паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Анастасія Ачалава прызначыла Аляксандру два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі") і штраф памерам 100 базавых велічыняў (4000 рублёў).

Дом правасуддзя. Фота spring96.org

Мінчука абвінавацілі ў тым, што ён 22 кастрычніка 2021 года напісаў інтэрнэт-каментар у бок старшай інспектаркі крымінальна-выканаўчай інспекцыі УУС Савецкага раёна Мінска. Паводле судовай пастановы, Аляксандр убачыў у тэлеграм-канале публікацыю з фотаздымкам і асабістымі данымі інспектаркі, пад якой і пакінуў каментар у чаце тэлеграм-канала. Мужчына цалкам прызнаў віну.

Міліцыянтка, пра якую быў напісаны каментар, запатрабавала 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Пасля абвяшчэння прысуду Аляксандра вызвалілі ў судовай зале. Мабільны тэлефон мужчыны канфіскавалі як "сродак здзяйснення злачынства".

Аляксандр Саевіч мае вышэйшую адукацыю і працуе менеджарам у таварыстве з абмежаванай адказнасцю.

Крыніца: Мужчыну прысудзілі 2,5 гады "хатняй хіміі" за каментар пра інспектарку мінскай міліцыі