03.06.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, свабода мірных сходаў, рэпрэсіі Травень 2020 года, калі быў дадзены старт прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, паклаў пачатак небывалай дагэтуль хвалі рэпрэсій у дачыненні да неабыякавых, а таксама беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства. “Вясна” ўзгадвае падзеі гарачых травеньскіх дзён і распавядае пра тых, хто сярод першых патрапіў пад каток рэпрэсіўнай машыны.
Ад “кармлення галубоў” да акцый у падтрымку Ціханоўскага
Праваабаронцы “Вясны” сярод першых заўважылі тэндэнцыю да рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека. Паказчыкамі сталі масавыя суды: у красавіку 2020 года было складзена 14 адміністрацыйных пратаколаў па "палітычных" артыкулах, за травень прайшло ўжо каля 155 судоў па палітычна матываваных адміністрацыйных справах у адносінах да як мінімум 132 чалавек. У выніку судамі былі арыштаваныя 72 чалавекі. Ужо ў чэрвені 2020 года колькасць палітзняволеных вырасла за месяц з трох да 25.
Усплеск грамадзянскай актыўнасці ўзнік на фоне замоўчвання інфармацыі пра эпідэмію COVID-19. Блогеры пачалі ствараць альтэрнатыву дзяржаўным СМІ – іх каналы збіралі дзесяткі і сотні тысяч праглядаў. Імёны Сяргея Ціханоўскага,Уладзіміра Няронскага,Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, “Шэрага Ката” (Зміцер Казлоў), Уладзіміра Цыгановіча і Івана Рэмязоўскага сталі вядомыя многім беларусам і беларускам.
Але найбольш нервова ўлады паставіліся да сустрэч з насельніцтвам, якія праводзіў youtube-блогер і аўтар канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі. Пад удар падпадалі таксама і мясцовыя экалагічныя ініцыятывы – акцыі пратэсту супраць пуску акумулятарнага завода АКБ у Брэсце, “кармленне галубоў” у Магілёве, Віцебску, Маладэчна, Пінску, Светлагорску.
Амаль штодня напачатку траўня праваабаронцы “Вясны” фіксавалі затрыманні грамадзян, што збіраліся ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, якога схапілі пасля двух дзён пераследу 6 траўня 2020 года ў Магілёве.
У той жа дзень, 6 траўня, каля гандлёвага цэнтру MILE ў Мінску АМАП і міліцыянты ў цывільным затрымалі як мінімум 19 чалавек, 7 траўня па ўсёй краіне затрымалі больш за 15 прыхільнікаў блогера Ціханоўскага, а таксама ўдзельнікаў “кармлення галубоў”. Агулам жа пасля арышту Ціханоўскага за тры дні па ўсёй краіне былі затрыманыя, альбо выклікаліся ў міліцыю для складання пратаколаў прыкладна 120 чалавек.
9 траўня 2020 года, пасля правядзення перформансу, адбылося затрыманнне некалькіх актывістаў "Моладзевага блоку", а на другі дзень, 10 траўня, пасля правядзення акцыі праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ у Брэсце былі затрыманыя некалькі чалавек, сярод якіх праваабаронцы Раман Кісляк і Уладзімір Вялічкін, якія маніторылі масавае мерапрыемства.
Яшчэ адна хваля рэпрэсій была звязаная з пачаткам выбарчай кампаніі. Так, 19 траўня, у сувязі з масавай нерэгістрацыяй ЦВК ініцыятыўных груп “кандыдатаў пратэсту”, падчас абскарджвання пастаноў аб нерэгістрацыі, у залах Вярхоўнага суда затрымалі восем чалавек, якія прыйшлі падтрымаць вылучэнцай ад Мікалая Статкевіча.
Сілавікі перайшлі да пагроз назіральнікам за мірнымі сходамі
Заўважым, што травеньскія рэпрэсіі сталі для праваабаронцаў праверкай на трываласць. Актыўна стаў праводзіцца маніторынг мірных сходаў Валанцёрскай службай “Вясны”.
Праваабаронца Наталля Сацункевіч адзначае, што Валанцёрская служба “Вясны” і БХК увесь час вялі маніторынг мірных сходаў у Беларусі, і выбарчая кампанія 2020 года не была выключэннем.
“Мы выкарыстоўвалі спецыяльныя метадалогіі, адкрыта публікавалі справаздачы за назіраннем з рэкамендацыямі ўсім бакам, як арганізатарам, так і праваахоўным органам. Напачатку назіранне праходзіла досыць спакойна, калі не лічыць пэўных складанасцяў з COVID, мы маніторылі мірныя сходы ў Мінску, Баранавічах, Брэсце…
Але паступова праваахоўнікі сталі больш жорстка ставіцца да назіральнікаў. Узгадваю, як на адным з перадвыбарчых пікетаў на Камароўцы былі вялікія чэргі на зборы подпісаў. Сярод назіральнікаў была каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, якая распавядала, як супрацоўнікі ў цывільным ўжывалі прамыя пагрозы ў дачыненні да назіральнікаў, маўляў, вы тут ходзіце, але хутка хадзіць не будзеце… дабярэмся і да вас. Такія выпадкі былі неаднаразовыя”.
Наталля Сацункевіч таксама ўзгадвае і дзень выбараў, 9 жніўня:
"Загадзя некалькі груп назіральнікаў былі падрыхтаваныя для маніторынгу мірных сходаў. Было відавочна заўважна, што з боку праваахоўных органаў рыхтуецца жорсткі адказ на акцыі, многія кропкі былі перакрытыя, у горадзе шмат спецыяльнай тэхнікі, амапу, з назіральнікамі было складана звязацца, а сувязі амаль не было – дрэнна працавала сувязь – і вельмі трывожная інфармацыя ў СМІ. На шчасце, назіранне скончылася паспяхова, ніхто не быў затрыманы, і не пацярпеў у гэты вечар. Пасля таго стала зразумела, што вочны маніторынг мірных сходаў немагчымы, у тым ліку з-за меркаванняў бяспекі.
Затрыманне Ціханоўскага і паляванне па палітыкаў
Ужо напрыканцы чэрвеня сілавікі распачалі сапраўднае паляванне на лідараў грамадскіх рухаў і ініцыятыў, сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, журналістаў, якія асвятлялі масавыя мерапрыемствы ў розных гарадах Беларусі і праваабаронцаў. Сяргею Ціханоўскаму па трох адміністрацыйных пратаколах вынеслі 45 сутак арышту, праўда, нечакана вызвалілі да іх адбыцця 20 траўня, каб затрымаць у Гродне. На палітыка Мікалая Статкевіча быў складзены пратакол за несанкцыянаваную акцыю, якой палічылі ўскладанне кветак 8 траўня да помніка савецкім салдатам на Вайсковых могілках. Супрацоўнікі міліцыі цікавіліся палітыкам і сузаснавальнікам партыі БХД Паўлам Севярынцам, але затрымаць яго ўдалося толькі 7 чэрвеня.
29 траўня ў Гродна з выкарыстаннем правакацыі схапілі не менш за 15 чалавек разам з самім блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Чатыры гады са дня масавых затрыманняў на пікеце ў Гродне: распавядаем пра лёс фігурантаў "справы Ціханоўскага"
Пікам травеньскіх падзей стала 31 траўня, калі ў Беларусі было затрымана болей за 30 чалавек. Большасць з іх з’яўляліся зборшчыкамі подпісаў за Святлану Ціханоўскую і актывістамі "Народнай Грамады". У Мінску затрымалі актывіста “Еўрапейская Беларусі” Максіма Вінярскага і лідара “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча. У той жа дзень быў затрыманы лідар “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч.
Аналізуючы сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, праваабаронцы “Вясны” адзначалі, што “ў траўні назіралася рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і павелічэнне росту рэпрэсій у дачыненні да грамадзян краіны, што абумоўлена пачаткам кампаніі па выбарах прэзідэнта”.
Калі ў траўні з Беларусі налічвалася трое палітвязняў (Міхаіл Жамчужны, Іван Комар і Мікіта Емяльянаў), то толькі за чэрвень спіс палітзняволеных у Беларусі вырас на 22 чалавек. Затрыманыя тады былі асуджаны да вялікіх тэрмінаў і да гэтага часу ўтрымліваюцца ў складаных умовах. Гэта: Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка і Эдуард Бабарыка, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, Арцём Сакаў, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Уладзімір Цыгановіч і Уладзімір Дудараў.
Нялюдскія ўмовы ўтрымання: турэмны рэжым, камеры-адзіночкі, ШІЗА і адсутнасць сувязі з роднымі
Умовы ўтрымання тых першых палітзняволеных (а сёння і наогул – усіх) істотна пагаршаюцца з кожным годам: іх асуджаюць паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”, пераводзяць на турэмны рэжым, а сваякоў трымаюць у невядомасці, пазбавіўшы іх права на перапіску, перадачы і спатканні.
Так, Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, і ўжо 15 месяцаў, з лютага 2023 года, пра яго няма ніякіх звестак. Адміністрацыяй калоніі ён неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным спагнанням, акрамя таго на яго сабраны матэрыял для завядзення ў дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 411 КК Беларусі («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі»). Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання.
У сярэдзіне студзеня 2023 г. супраць Сяргея Ціханоўскага завялі справу паводле ч. 2 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы", а 27 лютага суд у Жодзіна прызнаў яго вінаватым і прызначыў яму ў дадатак да 18 гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення. Ад Сяргея няма ніякіх звестак 450 дзён.
Неаднаразова, нягледзячы на вялікія праблемы са здароўем, Віктара Бабарыку змяшчалі ў ШІЗА, а супраць ягонага сына Эдуарда Бабарыкі узбуджана крымінальная справа паводле арт. 411 КК. Яго з 1 красавіка ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу.
13 ліпеня 2023 года зрабілі больш жорсткім рэжым Аляксандру Арановічу — яго перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. Цяпер ён утрымліваецца ў магілёўскай турме № 4.
Уладзіміру Кнігу паводле арт. 411 КК суд прызначыў яшчэ адзін год зняволення, а Арцёма Сакава паводле рашэння суда Шклоўскага раёна перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую Турму № 4.
Мінімум 5 133 асуджаных па крымінальных справах: чатыры гады рэпрэсій у лічбах (інфаграфіка)
Крыніца: Халодны травень 2020 года: усплеск грамадзянскай актыўнасці і першая хваля рэпрэсій