Сяргей Мазур. 23 сакавіка а 9-й увечары ўдома жыхара Мар’інай Горкі Сяргея Мазура з’явіліся міліцыянты з пастановаю пракурора аб канфіскацыі ўсіх электронных носьбітаў.

«Раней у мяне была нацыянальна-арыентаваная старонка ў «уКантакце» – там было мноства пастоў з нашай бел-чырвона-белай сімволікай. Праз пэўны час я страціў да яе доступ. Калі звярнуўся да адміністратараў «уКантакце», даведаўся, што беларускае Міністэрства інфармацыі звярнулася да іх з запытам аб блакаванні старонкі. Я даслаў запыт у міністэрства. Яны адказалі, што ўвосень 2017-га суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыю з маёй старонкі экстрэмісцкай», – распавядае «Белсату» Сяргей Мазур.

Сяргей кажа, што перавёў падпісчыкаў на новую старонку.

«На сваёй новай старонцы я зрабіў пост з фотаздымкамі з выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі, прысвечаным 100-годдзю БНР. Ён вельмі добра разышоўся ў «уКантакце». Даваў інфармацыю пра канцэрт 25-гасакавіка. Учора ў мяне на падставе пастановы пракурора забралі тэлефон і ноўтбук – каб правяраць», – распавядае мужчына.

«Іхні візіт звязаны з Днём Волі: прыйшлі, каб я нічога не выкладваў», – упэўнены Мазур.

Сяргей Мазур кажа, што не ўваходзіць у арганізацыі або партыі, але асабіста знаёмы з Паўлам Севярынцам, адным з сустаршыням Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Крыніца: У Сяргея Мазура канфіскаваныя электронныя носьбіты