28.05.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі абмежаваны доступ да "Студэнцкай думкі"
Па пастанове пракурора Мінскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу "Студэнцкая думка" (dumka.me). Падставай для прыняцця гэтага рашэння сталі парушэнні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі".
У прыватнасці, як лічыць пракуратура, на партале “публікаваліся звесткі, якія прапагандуюць спосабы ўхілення ад выканання вайсковага абавязку, а таксама інфармацыя экстрэмісцкага характару, якая падахвочвае грамадзян да процідзеяння дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь”.
У Гомелі паводле палітычнага артыкулу затрымалі экс-міліцыянта
Як стала вядома «Свабодзе», прычына затрымання гамельчука Вілена Тургунава — каментары ў інтэрнэце, у тым ліку негатыўныя ў бок міліцыі. Затрыманы актыўна вёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі.
Цяпер таксама адбывае тэрмін сваяк Вілена, Ігар Казубаў. Як і Тургунаў, Казубаў служыў у гомельскай міліцыі, але ў 90-х. Пасля працаваў кухарам. У сацыяльных сетках актыўна выказваўся пра беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў.
Яго судзілі ў закрытым рэжыме паводле артыкулаў аб «распальванні варожасці», «абразе Лукашэнкі», «паклёпе на Лукашэнку». Яму прысудзілі пазбаўленне волі, але дакладны тэрмін невядомы.
Сілавікі затрымалі адміністратара чата "Беларусы на Шры-Ланцы"
Як высветліла @mediazona_by, затрыманы — Віктар Чайка. Ён з'яўляецца аўтарам невялікага ютуб-канала «Дыялогі аб Міры».
Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе зараз знаходзіцца — невядома.
Сілавікі затрымалі дырэктара івэнт-агенцтва “Графіміл” і ягоную жонку
На камеру сілавікоў мужчына кажа, што з'яўляецца дырэктарам івэнт-агенцтва “Графіміл” і што ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года, а таксама быў падпісаны на выданне “Зеркало” і чат-бот “Голас”.
Ягоная жонка працуе ў “Графіміл" інструктарам па танцах. Жанчына на камеру кажа, што зарэгістравалася ў чат-боце «Перамога», потым гэты бот выдаліла, піша "Медыязона".
Паводле дадзеных Міністэрства культуры, івэнт-агенцтва "Графіміл" зарэгістравана на Сяргея Сарокіна.
Інфармацыя дапаўняецца.