23 сакавіка бабруйчане сабраліся адзначыць надыходзячы юбілей стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Святкаванне праходзіла ў офісе Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Прыкладна ў сярэдзіне імпрэзы прыйшоў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама падпалкоўнік Сяргей Рудзько. Ён хацеў папярэдзіць Таісію Кабанчук, каардынатара БХД па Бабруйску, аб адказнасці за правядзенне недазволенай акцыі, паведамляе babruysk.by.
Бабруйскія актывісты планавалі правесці 24 сакавіка пікет да стагоддзя БНР. Адным з заяўнікаў была спадарыня Кабанчук. Аднак выканкам не дазволіў мерапрыемства ў суботу, прапанаваўшы перанесці яго на нядзелю, 25 сакавіка, з 14 да 16 гадзіны. Але заяўнікі адмовіліся ад прапановы.
Сяргей Рудьзко прынёс Таісіі Кабанчук пратакол аб афіцыйным папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства. Таксама ён пакінуў дакумент за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама І. Ануфрыевай, у якім нагадваецца, што ўлады забараняюць правядзенне пікета 24 сакавіка, а ў выпадку парушэння забароны арганізатары будуць пакараныя паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).
Крыніца: Бабруйск: Міліцыя папярэдзіла актывістаў пра забарону правядзення пікету 24 сакавіка