18.05.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі У межах Тыдня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі "Вясна" падрыхтавала шэраг відэа, на якіх былыя палітвязні дзеляцца сваімі гісторыямі пра няякасную і несвоечасовую медыцынскую дапамогу ў месцах зняволення. Журналіст "Вот Так" і былы палітвязень Канстанцін Карней распавёў пра медыцыну ў ІЧУ на Акрэсціна.
"Пытанне медыцыны наогул досыць цікава стаіць у месцах не гэтак аддаленых. Медыцыну на ІЧУ Акрэсціна можна параўнаць з катом Шродзінгера: па факце яна, вядома, ёсць, але не, яе няма. Напрыклад, калі мы туды прыехалі, у нас было дастаткова жорсткае затрыманне, у мяне на той момант у назе знаходзілася страйкбольная куля. Я кажу медсястры, што вось у мяне такая невялікая праблема з нагой. Яна пачынае крычаць, што ўсё, мяне трэба везці ў лякарню, рабіць мне там аперацыю, даставаць гэтую кулю. На што я хутка атрымаў адказ, што "я кантрольны". Тыя, хто знаходзіцца ў ІЧУ Акрэсціна пад статусам "кантрольны" яны ў прынцыпе не атрымліваюць ніякай медыцынскай дапамогі.
Як гэта выглядае: з раніцы ты прачынаешся, пасля абыходу пачынае ісці медсястра і пытацца якія ёсць праблемы. Калі сваякі паспелі перадаць нейкую медычную дапамогу, то чыста тэхнічна яна можа прапанаваць, умоўна, якую-небудзь таблетку парацэтамола, калі ты кепска пачуваешся, ну ці аскарбінку, каб ты не сумаваў. У рэальнасці гэта выглядае так: калі табе пашанцавала — ты нешта атрымліваеш, калі табе не шанцуе са зменай, то ніхто не атрымлівае нічога".
"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 мая — Дзень палітвязняў
"Калі я прыехаў на Валадарку, мая стрававальная сістэма вельмі хутка падбудавалася пад ежу на Акрэсціна: максімальна прэсную, без любых вынаходстваў, ну як бы звычайная пайка. І тут я трапляю ў месца, дзе нарэшце ёсць мяса, шакалад, садавіна. Ну і як дзевятнаццацігадовы падлетак я пачынаю ўсё гэта жэрці. Я лаўлю жорсткае непрыняцце маім арганізмам ўсёй гэтай ежы. У чатыры раніцы мяне пачынае ванітаваць, мне моташна, у мяне пачынаецца мандраж, кідае з боку ў бок. Падымаюцца хлопцы ў камеры і такія: "Усё, трэба клікаць лекара".
Вызванілі лекара і мне сцісла патлумачылі, што калі мне нешта баліць і гэта не лекуецца проста ўдарнай дозай абязбольвальнага або антыбіётыкаў, то гэтая праблема не вырашыцца. Стаматолаг — не, праблемы з лёгкімі — не. Усё, што нельга вырашыць банальнай "грубай сілай" у якасці базавых лекаў — яно не будзе вылекавана".
Гісторыі былых палітвязняў:
"Я пачаў губляць прытомнасць", — Вадзім Хіжнякоў пра наступствы алергіі на цвіль у турэмнай камеры
"Ты фізічна не можаш хадзіць у такім стане". Вольга Лойка распавяла пра медыцынскую дапамогу ў СІЗА