17.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Пінскага раёна і горада Пінска 29 красавіка вынес прысуд Сяргею Кулешу, абвінавачанаму ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Спараву разглядала суддзя Яўгенія Мельнік, дзяржабвінаваўца – пракурор Аляксандр Плескацэвіч.
Як піша “Берасцейская вясна”, падрабязнасці прысуду сталі вядомыя з каментара пракурора Плескацэвіча пінскаму тэлеканалу. Пракурор пераказаў пазіцыю абвінавачанага: 9 жніўня 2020 года той прагаласаваў на выбарчым участку, вярнуўся дадому і шмат выпіў, пасля чаго “з цікавасці пайшоў паглядзець на мітынгоўцаў каля будынка гарвыканкама”.
Што менавіта далей мужчына рабіў на пратэстах і па якіх матывах, ён нібыта не памятае.
Але на відэа трапіла тое, што абвінавачванне кваліфікавала наступным чынам: «прыняў актыўны ўдзел [у беспарадках], а менавіта сваімі дзеяннямі падтрымаў зладжаны пагром і накінуўся з іншымі пратэстоўцамі на міліцыянтаў».
У роліку пінскага тэлебачання не паведамляецца, з якой даты Кулеш змешчаны пад варту, але згадваецца што сілавікі знайшлі мужчыну па відэа толькі ў 2024 годзе.
Суд прызнаў Сяргея Кулешу вінаватым і прысудзіў яму пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Такім чынам, Кулеш стаў 27-м чалавекам, каго асудзілі за пінскія пратэсты ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Апошні вядомы да таго прысуд быў у красавіку 2022 года.
Крыніца: На чатыры гады калоніі за ўдзел у пратэстах у Пінску асудзілі мясцовага жыхара