17.05.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі сямейную пару за ўдзел у пратэстах

На "пакаяльным відэа" затрыманы мужчына кажа, што працаваў інжынерам і "па родзе дзейнасці валодаў інфармацыяй аб месцы пражывання вышэйшых службовых асоб, у тым ліку кіраўніка дзяржавы". Гэтую інфармацыю ён нібыта пакідаў у чаце "Краіны для жыцця".

Таксама мужчына кажа, што быў адміністратарам дваровага чата і арганізоўваў мерапрыемствы, а таксама выходзіў разам з жонкай на пратэсты. З-за гэтага яго звольнілі і ён быў вымушаны звярнуцца ў ініцыятыву ByHelp па дапамогу.

Леанід Судаленка не мае магчымасці кантактаваць з адвакаткай, якую прызначылі абараняць яго па завочнай крымінальнай справе

Леанід Судаленка ў Еўрапарламенце. Фота: фэйсбук Леаніда
Леанід Судаленка ў Еўрапарламенце. Фота: фэйсбук Леаніда

Аб гэтым паведаміла "Радыё Свабода". 

Між тым працэс над праваабаронцам можа пачацца ў любы дзень. Пры гэтым Судаленка лічыць, што ягонае права на абарону ігнаруецца.

"Фактычна гэта адмова ў прававой абароне. Пасылаю лісты сваёй адвакатцы, званю на яе тэлефонны нумар, званю па Viber, але слухаўкі не бярэ і на лісты, дасланыя па электроннай пошце, не адказвае. Прававая сваволя адносна мяне працягваецца, бо і скаргі выніку не даюць. Адказ, які я атрымаў, проста смешны.

Адвакатка мусіць абараняць мае правы, а значыць, хаця б ведаць маю прававую пазіцыю адносна абвінавачання, мае аргументы. Але яна проста ігнаруе мае звароты, чым, дарэчы, парушае і правілы прафэсійнай этыкі, якія абавязваюць яе ўзгадняць пазіцыю з падабаронным. Таму напісаў скаргу ў Гомельскую абласную калегію адвакатаў і заявіў пра адвод адвакату. Але адводу не прынялі". 

Сілавікі затрымалі шматдзетнага бацьку з Брэста за ўдзел у пратэстах

jury-buturlakin.jpg
Юры Бутурлакін

"Медыязона" знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Юры Бутурлакін.

На відэа мужчыну затрымліваюць як мінімум сямёра сілавікоў — некаторыя з іх у абмундзіраванні, некаторыя ў цывільным і з камерамі.

Па якіх менавіта артыкулах затрыманы жыхар Брэста і што з ім зараз — невядома.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 17 траўня