08.05.2024 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" восьмага траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Падтрымайце Алену Яфрэменку, у якой пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем
Алена ўжо больш за два годы ўтрымліваецца ў зняволенні. У лістападзе 2022 года ў Гродне над ёй адбыўся суд паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за каментары і ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Справу жанчыны разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, але вынік суда пакуль невядомы. Вядома, што ў жанчыны на волі засталіся дзве непаўнагадовыя дачкі.
Як паведамляе dissidentby, у Алены ў калоніі пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем. Калі яна прыехала ў калонію, у яе адняліся ногі. Іншым асуджаным было забаронена ей дапамагаць нават у гігіенічных справах, медыкаменты для жанчыны не прымаюць, таксама яе пазбавілі спатканняў, званкоў і блакуюць ліставанне нават са сваякамі.
Падтрымайце яе лістамі і тэлеграмамі: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Алена Аляксандраўна Яфрэменка
Віцебскага лекара арыштавалі за падтрымку Украіны ў чат-рулетцы
У судзе Першамайскага раёна Віцебска 15 красавіка разглядзелі справу Аляксандра Рандарэнкі, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП. Падставай для затрымання стаў лозунг грамадска-палітычнага характару, які мужчына нібыта выкрыкнуў у чат-рулетцы, а таксама дэманстрацыя прадмета з выявай сцяга жоўта-сіняга колеру. Гэта міліцыянты расцанілі як "несанкцыянаванае пікетаванне". Вядома, што затрымлівалі лекара супрацоўнікі ГУБАЗіКу.
На судзе Аляксандр прызнаў віну і патлумачыў, што падчас стрыму быў п'яны. У выніку суддзя Наталля Карабліна прызначыла яму 15 сутак арышту.
Палітзняволеная Наста Лойка не задаволеная станам свайго здароўя, але "скардзіцца яна не мае звычкі"
Пра гэта распавялі крыніцы "Радыё свабода".
Вядома, што Наста працягвае чытаць шмат мастацкай і гістарычнай літаратуры.
"Кажа, што збольшага ў яе ўсё нармальна: працуе на пашыве адзення, шмат чытае. Апошняя прачытаная кніга — „Крыжакі“ Генрыка Сянкевіча. Сказала, што кніга, у якой вядзецца пра часы Грунвальдскай бітвы, падаравала ёй новыя веды і цікавыя вобразы, што вельмі карысна, бо інфармацыі з волі ў яе мала. Але з гэтым нічога не зробіш, даводзіцца ёй трываць", — расказала крыніца.
За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрыманы жыхар Брэста
На "пакаяльным відэа" ад восьмага траўня хлопец кажа, што выходзіў на праезную частку, выкрыкваў лозунгі, перакрываў дарогу транспарту і знаходзіўся там у той момант, калі людзі кідалі камяні і будавалі барыкады.
Кааліцыя "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду", ініцыятывы "Врачи за правду и справедливость" і "FreeInfoBel" прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем"
У спісе КДБ 45 чалавек, якія нібыта маюць дачыненне да кааліцыі.
Да ініцыятывы "Врачи за правду и справедливость", паводле ведамства, дачыненне маюць Завадскі Васіль, Дарашкевіч Алег і Вялічка (Гуштын) Вольга. Да "FreeInfoBel" — Пашкевіч Вольга і Дулеба Іосіф.
Адпаведнае рашэнне па ўсіх названых ініцыятывах прынятае КДБ 3 траўня.
"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызнаны праект "Народный Репортёр"
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Сцвярджаецца, што гэты праект займаўся "арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб".