Вясна - пара, калі ў Беларусі набіраюць абароты шматлікія масавыя мерапрыемствы - дэманстрацыі, шэсці і мітынгі. Традыцыйнымі ў гэты час з'яўляюцца святкаванне абвяшчэння незалежнасці БНР - "Дзень волі", і акцыі з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе - "Чарнобыльскі шлях". Як прыняць удзел у масавым мерапрыемстве і пры гэтым не парушыць закон - у прававым лікбезе ад праваабаронцаў "Вясны".
1. Ці магу я прыняць удзел у мірным шэсці або мітынгу? Міжнароднае права ў галіне правоў чалавека і Канстытуцыя Беларусі гарантуюць права на свабоду мірных сходаў. Таму кожны і кожная з нас могуць прымаць удзел у мірнай акцыі. |
2. Што можа быць, калі прыняць удзел у масавым мерапрыемстве, заяўка, на правядзенне якога, не падавалася ці была адхіленая мясцовым органам кіравання? За любы ўдзел у масавым мерапрыемстве без дазволу выканкама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць - папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь, або адміністрацыйны арышт. Аднак, кожны сам вырашае, абмяжоўвацца гэтым ці не. |
3. Як апранацца і што я магу ўзяць з сабой? Апранацца лепш за ўсё цяпло і зручна. Пры гэтым трэба памятаць, што Закон "Аб масавых мерапрыемствах" у артыкуле 11 забараняе: "Мець пры сабе халодную, агнястрэльную, газавую цi iншую зброю, выбуховыя рэчывы і боепрыпасы, прадметы, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, іх імітатары і муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якіх можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей або прычыніць матэрыяльную шкоду грамадзянам і арганізацыям". Акрамя таго, таксама ўдзельнікам забаронена хаваць свае асобы, у тым ліку з выкарыстаннем масак, іншых прадметаў і (або) сродкаў для цяжкасці ўстанаўлення іх асобы. |
4. А пашпарт трэба браць? Пашпарт варта браць з сабой заўсёды, інакш супрацоўнікі міліцыі могуць затрымаць вас для высвятлення асобы тэрмінам да 72 гадзін. |
5. А можна браць бел-чырвона-белы сцяг? А транспаранты і плакаты? Падчас акцыі можна выкарыстоўваць толькі не забароненую сімволіку. Да забароненай жа адносіцца сімволіка, не зарэгістраваная ва ўстаноўленым законам парадку (напрыклад, сімволіка незарэгістраваных партый і арганізацый), або якая распальвае сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную нянавісць і варожасць. На плакатах забаронена размяшчаць заклікі да гвалту і экстрэмізму. Калі вашы транспаранты не ўтрымліваюць такіх лозунгаў і заклікаў - можна браць. Што тычыцца бел-чырвона-белага сьцяга, то ён з'яўляецца гістарычным сімвалам, прыносіць яго з сабой можна. |
6. Як сябе паводзіць на мітынгу або іншым масавым мерапрыемстве? Ці можна выкрыкваць лозунгі? Мітынг і іншае масавае мерапрыемства - месца для мірнага выказвання свайго меркавання. Паводзьце сябе мірна і спакойна. Пры гэтым важна памятаць, што варта паважаць іншых удзельнікаў і не перашкаджаць ім выказваць сваё меркаванне. Не варта прыходзіць у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. Не "хуліганьце" і выконвайце законныя (але толькі законныя!) патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі і арганізатараў. Можна выкарыстоўваць лозунгі, крычалкі, калі яны не ўтрымліваюць заклікаў да гвалту, ці да распальвання сацыяльнай, расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці. |
7. Ці магу я фатаграфаваць і здымаць тое, што адбываецца? А супрацоўнікаў міліцыі? Паколькі акцыя - публічная падзея і месца, то ўсё, што адбываецца можна фіксаваць. Акрамя таго, згодна з Законам "Аб органах унутраных спраў", дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай, адкрытай для грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі. |
8. Як зразумець, хто перада мной: ўдзельнік або супрацоўнік "па грамадзянцы"? Часта на акцыях прысутнічаюць супрацоўнікі ў цывільным адзенні, якія назіраюць за тым, што адбываецца, часам затрымліваюць мірных дэманстрантаў з ужываннем сілы, што можа выклікаць рэакцыю ў адказ і супраціў. Вызначыць іх можна па спецсродках - навушніку, рацыі, стылю адзення - спартыўны касцюм, як правіла, цёмна-сіняга колеру, красоўкі, шапка, і месцы размяшчэння - трымаюцца групамі па 2-4 чалавекі, ідуць збоку ці ззаду ўдзельнікаў акцыі. Важна памятаць, што практычна любое дзеянне ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі пры выкананні, нават калі ён не апрануты па форме, можа быць кваліфікавана як "гвалт, або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" і пацягнуць за сабой крымінальнае пакаранне аж да пазбаўлення волі. |
9. Што рабіць, калі мяне спрабуюць затрымаць? Пры затрыманні не супраціўляйцеся, але заўсёды прасіце прадставіцца і патлумачыць прычыну затрымання. У выпадку затрымання - звяртайцеся па дапамогу да праваабаронцаў. Перад паходам на акцыю паклапаціцеся пра тое, каб у вас быў чалавек, які б ведаў, куды вы ідзеце, з кім і ў колькі вернецеся дадому, а таксама, што рабіць, калі вы не выходзіце на сувязь. |
10. А што за людзі, апранутыя ў сінія камізэлькі, бываюць на акцыях? Часта на акцыях прысутнічаюць незалежныя назіральнікі, якія пазначаныя адпаведным чынам: сінімі камізэлькамі з надпісам #ControlBY і бэйджамі. Яны глядзяць за тым, як праходзіць акцыя, ці парушае хтосьці парадак паводзін, фіксуюць недахопы. Пасля даюць сваю ацэнку ў справаздачы з пункту гледжання міжнародных стандартаў сходаў: на колькі мерапрыемства мірнае, на колькі эфектыўныя і прапарцыйныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і г.д. |
Калі ў вас узніклі дадатковыя пытанні, пішыце нам на скрыню - Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Крыніца: "Жыве Беларусь!", ці Як схадзіць на мірную акцыю без наступстваў