07.05.2024 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, ціск У красавіку сілавікі працягвалі пераследаваць беларусаў і беларусак за нацыянальную сімволіку і падпіскі на незалежныя СМІ. Па ўсёй краіне сілавікі штодзённа затрымліваюць дзясяткі людзей, ладзяць у кватэрах ператрусы, збіваюць і змяшчаюць іх у ізалятары з нечалавечымі ўмовамі. У мінулым месяцы праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра мінімум 530 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх былі прызначаны мінімум 31 арышт, 45 штрафаў, а ў адным выпадку — грамадскія працы. "Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх людзей судзілі ў красавіку.
Арышт за экстрэмісцкія падпіскі
У Гродне 25 красавіка адбыўся суд над мясцовым жыхаром Ягорам Глытавым, якога абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Паводле пастановы суда, Ягора затрымалі раніцай 25 красавіка за падпіску ў Іnstagram на старонку mediazona.bу. Падпіску супрацоўнікі міліцыі знайшлі ўвечары напярэдадні затрымання. Акрамя гэтага, у матэрыялах справы пазначана, што 24 красавіка мужчыну ўжо аштрафавалі паводле арт. 19.11 КаАП. Гэтым разам суддзя Алена Тоўсцік-Самойла прызначыла Ягору 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
11 красавіка ў Астраўцы асудзілі жыхара Расеі, які паводле пратакола, быў падпісаны на шэраг экстрэмісцкіх каналаў, у тым ліку на "Полк Калiноўскага". Мужчына на судзе прызнаў сваю віну. Суд прызначыў яму трое сутак арышту з канфіскацыяй тэлефону.
Суды над затрыманымі на мяжы Беларусі з краінамі ЕС
Па інфармацыі праваабаронцаў, па вяртанні ў Беларусі працягваюць дапытваць і затрымліваць людзей."Вясне" вядома пра некалькі такіх выпадкаў, якія адбыліся напрыканцы красавіка. Людзей затрымлівалі на беларуска-польскай мяжы, змяшчалі ў ІЧУ, а потым судзілі.
Так, 8 красавіка ў Воранава асудзілі беларуса за падпіску на канал "Nexta_tv". Яму прызначылі штраф памерам 1 200 рублёў (30 базавых велічыняў).
Таксама вядома пра суды ў Брэсце. Адной з затрыманых суд прызначыў штраф за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Да суда жанчыну ўтрымлівалі ў ІЧУ тры дні.
Апроч гэтага, вядома, што працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы распавядаюць, што яны могуць займаць больш за шэсць гадзін у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Некаторых, якія кажуць, што едуць у Расію, наўпрост на мяжы прымушаюць набыць квіток на самалёт з Мінску.
Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год
"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.
Суды за "пікетаванне" ў сацыяльных сетках
У судзе Дзятлаўскага раёна 5 красавіка была разгледжана справа мясцовага жыхара. Згодна з пастановай суда, мужчына здзейсніў "несанкцыянаванае пікетаванне на асабістай старонцы ў інтэрнэце БЧБ-сцяга пратэснай накіраванасці". Суд прызначыў яму 60 гадзінаў грамадскіх працаў.
Суд Лунінецкага раёна 8 красавіка асудзіў беларуса да 10 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП. Падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў яго фотаздымак на асабістай старонцы ва "Укантакце", на якім мужчына трымае тэлефон з выявай бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня. Вядома, што мужчыну затрымалі 3 красавіка і ўтрымлівалі тры дні ў ІЧУ, пасля чаго вызвалілі да суда.
Жыхара вёскі ў Мядзельскім раёне Сяргея Мікалаева пакаралі 10-сутачным арыштам за "пікет" у Аднакласніках. Суддзя Алена Місюк прызнала Сяргея вінаватым у публікацыі выявы бел-чырвона-белага сцяга ў Аднакласніках.
Жыхарку Сянно асудзілі па артыкуле аб парушэнні заканадаўства аб выбарах
Суд Сенненскага раёна 10 красавіка разглядзеў справу мясцовай жыхаркі Галіны Гарбачовай. Яе асудзілі па рэдкім артыкуле 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічыняў (600 рублёў). Вынік суда пакуль невядомы.
Таксама напачатку красавіка беларусаў па гэтым артыкуле судзілі за фота бюлетэня, за вынесены з участку чысты бюлетэнь і за падачу старшыні ўчастковай камісіі пры рэгістрацыі ў якасці назіральніка пратакол пасяджэння аб'яднання, якое не зарэгістравана ў Мінюсце.
Арышт нібы за "непадпарадкаванне міліцыянту"
У судзе Партызанскага раёна Мінска асудзілі жанчыну паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Паводле пратакола, мінчанка адмовілася ехаць з сілавікамі ў РУУС, упіралася нагамі, чым аказала непадпарадкаванне. Вынік суда — 13 сутак арышту.
За адмову прайсці з сілавікамі ў кабінет Цэнтральнага РУУСа ў Мінску асудзілі яшчэ адну жанчыну. Яе таксама прызналі 15 красавіка вінаватай у "непадпарадкаванні міліцыянтам" і асудзілі да 15 сутак арышту. Згодна з пастановай суда, яе выклікалі для разбіральніцтва па факце падазрэння ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, але яна "ўпіралася нагамі, хапалася за адзенне".
Ніне Багінскай двойчы прызначылі вялікія штрафы за нацыянальную сімволіку
11 красавіка суд Партызанскага раёну Мінску аштрафаваў вядомую грамадскую актывістку на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў). Па інфармацыі "Белсату", падставай для пераследу стаў значок з выявай нацыянальнага сцяга, які быў на вопратцы Багінскай. За гэта супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет).
Суддзя Аляксадр Супічэнка ў сваёй пастанове напісаў, што "значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру" падлягае знішчэнню.
Праз чатыры дні ў судзе Савецкага раёну Мінску Багінскую зноў аштрафавалі, гэтым разам на 2400 рублёў (60 базавых велічыняў). Падставай для складання пратаколу стаў нацыянальны сцяжок, які падчас ператрусу міліцыянты знайшлі на тумбачцы ў пакоі пенсіянеркі напрыканцы сакавіка.
Багінская на суды прынцыпова не ходзіць. Яна раней заяўляла, што лічыць іх незаконнымі, скіраванымі на прыніжэнне нацыянальнай годнасці беларусаў.
Каталіцкага актывіста асудзілі за пікет з плакатам каля будынка Мёрскага райвыканкама
Былога палітвязня з Мёраў, актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Сяргея Васільева 10 красавіка асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП за "несанкцыянаваны пікет", заўважылі "Хрысціянская Візія".
Паводле пастановы суда, Сяргей 7 красавіка 2024 года стаяў з плакатам каля ўвахода ў будынак Мёрскай адміністрацыі. Зместам надпісу на плакаце невядомы. На судзе 10 красавіка актывіст пацвердзіў, што стаяў з плакатам. У выніку суддзя Ірына Яскевіч арыштавала мужчыну на 15 сутак.
Васільеў быў затрыманы ў жніўні 2021 года, а пазней асуджаны да трох гадоў "хіміі" за "паклёп" у адрас Лукашэнкі.
Крыніца: Адмова праехаць у РУУС, падпіска на "Медыязону", БЧБ-значок: за што беларусаў судзілі ў красавіку