Як паспеў паведаміць ПЦ "Вясна" сам актывіст Леанід Кулакоў, у каля 12 гадзін міліцыя ўварвалася да яго ў хату, пасля таго, як ён пад пагрозамі быў вымушаны адчыніць ім дзверы.
Капітан міліцыі Васіль Дзегцяроў паведаміў яму, што ён павінен праехаць з імі ў РУУС Першамайскага раёна, бо яшчэ 19 сакавіка адбыўся суд па адміністрацыйнай справе супраць яго. Цяпер Леаніда Кулакова ўзнікла рэзкая неабходнасць азнаёміць з рашэннем суда.
Сувязь з актывістам перарвалася.
Каля 14.00 стала вядома, што Леанід знаходзіцца ў РУУС Першамайскага раёна. Хутка яго павязуць у суд, дзе будуць судзіць па ч.3 арт. 23.34.
16.00. Суд Першамайскага раёна пастанавіў пакараць Кулакова 10-суткавым арыштам.
Міліцыя грукае ў дзверы і вокны дома актывісткі Вольгі Нікалайчык. Жанчына збірае неабходныя рэчы, якія спатрэбяцца ён на сутках. Плануе адчыніць дзверы міліцыі. Верагодна яе затрымаюць.
Раней, актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў атрымаў SMS-паведамленне з суда Першамайскага раёна Мінска аб прызначэнні судовага паседжання па адміністрацыйнай справе.
Ён мяркуе, што пратакол па арт 23.34 КаАП мог быць складзены за ўдзел у акцыі салідарнасці з заблакаваным рэсурсам "Хартыя'97", калі некалькі чалавек вывесілі ля парка Чалюскінцаў расцяжку з надпісам "Свабоду Хартыі'97". Суд прызначаны на 9-30 30 сакавіка.
У той жа час трэція суткі каля пад’езда Леаніда Кулакова ў аўтамабілі дзяжураць, перыядычна мяняючыся, супрацоўнікі міліцыі. Такое ж “паляванне” адбываецца каля дома журналісткі Вольгі Нікалайчык, якая фактычна заблакаваная па месцы жыхарства.
“Калі мяне будуць судзіць 30 сакавіка, то незразумела, навошта яны зараз учынілі на мяне паляванне”, - паведамляе праваабаронцам Кулакоў.
Нагадаем, 21 сакавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага. У гэты ж дзень яго адвезлі ў суд Першамайскага раёна, дзе асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за развешванне 13 сакавіка расцяжкі з надпісам "Свабоду Хартыі'97".
Крыніца: Леанід Кулакоў асуджаны на 10 сутак, Вольга Нікалайчык збірае торбу Дапоўнена