25.04.2024 Тэгі: суды, ААН, свабода мірных сходаў Беларуска з дапамогай юрысткі "Вясны" паскардзілася ў Камітэт па правах чалавека ААН на крымінальную справу за ўдзел у пратэснай акцыі супраць афіцыйных вынікаў выбараў 2020 года ўвечары 9 жніўня і ў наступных нядзельных Маршах. Больш чым праз год супраць заяўніцы ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), затрымалі і змясцілі ў ІЧУ, але потым выпусцілі да суда. У выніку суд прызначыў пакаранне ў выглядзе амбежавання волі і пастанавіў спагнаць кампенсацыю шкоды, нанесенную "Мінсктрансу" шляхам блакавання дарогі. КПЧ ААН зарэгістраваў скаргу і прыняў яе да разгляду.
Скарга была пададзена аб парушэнні артыкулаў 9(1), 19 (2) і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Скласці зварот і звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН дапамагла жанчыне юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва. Яна тлумачыць:
"Насамрэч, крымінальная справа за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту гэта нашмат больш відавочнае парушэнне свабоды мірных сходаў, чым адміністрацыйная. У скарзе мы падкрэслівалі, што не толькі факт крымінальнага пераследу, але і затрыманне праз больш чым год з падзей, утрыманне ў ІЧУ, абвінаваўчы прысуд і спагнанне шкоды – усё гэта парушае права на мірныя сходы і права выказваць сваё меркаванне такім чынам. Таксама адзначу, што затрыманне заяўніцы ў дадзеным выпадку з'яўляецца адвольным".
Нагадаем, у кастрычніку 2022 года ўлады Беларусі дэнансавалі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, што спыняе магчымасць падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека на парушэнні ўладамі Беларусі норм Пакту. Але гэта не спыняе разгляд пададзеных раней скарг і абавязак уладаў выконваць абавязкі, прадугледжаныя Пактам.
Крыніца: КПЧ ААН зарэгістраваў скаргу беларускі на крымінальную справу за ўдзел у Маршах у 2020-м