24.04.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Хрысціянскага прапаведніка і шматдзетнага бацьку Сергія Мельянца затрымалі 19 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Ён прыходзіў падтрымаць палітзняволенага журналіста-каталіка Ігара Карнея. Сергій агулам прабыў на Акрэсціна 25 сутак. За гэты час да яго прыязджаў супрацоўнік КДБ і пагражаў крымінальнай справай не толькі супраць яго, але і супраць жонкі, а таксама перадачай сямі дзяцей органам апекі і руйнаваннем дома. Аднак мужчыну ўдалося выйсці на волю і з сям'ёй пакінуць Беларусь. Апынуўшыся ў бяспецы, Сергій распавёў "Вясне" сваю гісторыю пераследу: затрыманне ў судзе супрацоўнікамі ў цывільным, збіццё ў Фрунзенскім РУУС, жорсткія ўмовы на Акрэсціна, пагрозы крымінальнай справай за "здраду дзяржаве" і як яму ўдалося пазбегнуць далейшага пераследу.

sergiymelyanets_b.jpeg
Сергій Мельянец з сям'ёй

"Калі яны адкрылі мой тэлефон, то вельмі ўзрадаваліся — "заўзятага бчб-шніка знайшлі"

19 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд над журналістам Ігарам Карнеем. Сергій Мельянец вырашыў яго падтрымаць, бо пасяджэнне было адкрытым. На ўваходзе ў залу суда дзяжурылі супрацоўнікі ў цывільным — яны праверылі дакументы мужчыны і прапусцілі яго.

"Я пайшоў на суд, каб падтрымаць і памаліцца за майго брата ў Хрысце Ігара. Я перажываў за яго. Хоць мы не былі добра знаёмыя, толькі пару разоў бачыліся, але я ведаў, што ён каталік і што яму цяжка. Я ведаў, што ён адзін, і хацеў, каб мая прысутнасць яго хоць неяк узбадзёрыла. Таксама я хацеў даведацца, што яму ставяць у віну і расказаць пра гэта ягонай сям'і.

Калі я прыйшоў у залу, там ужо былі праўладныя журналісты, якія здымалі Ігара ў клетцы. У зале суда я паказаў яму знак малітвы, тым самым даў зразумець, што прыйшоў памаліцца. Калі зайшоў суддзя, то папрасіў усіх спыніць здымаць. Пасля гэтага ўсе журналісты пакінулі залу, і я застаўся там адзін. Праз паўгадзіны, пасля выступу пракурора, памаліўся і пайшоў на выхад.

Выходжу з залы суда, а там мяне сустракаюць тыя самыя супрацоўнікі ў цывільным і адзін у форме. Яны мяне спынілі і загадалі аддаць пашпарт і разблакаваць тэлефон. Аказваецца, пакуль я быў на працэсе, яны проста загуглілі маё прозвішча. А там — артыкулы пра пераслед за жалюзі маёй сям'і ў 2021 годзе. Калі яны адкрылі мой тэлефон, то вельмі ўзрадаваліся — "заўзятага бчб-шніка знайшлі".

Сергія вывелі праз чорны ўваход суда і пасадзілі ў машыну. Аказалася, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

"Думаю, яны выкарыстоўвалі суд Ігара, як прынаду, каб злавіць тых, хто прыйдзе. Я не падумаў пра гэта. Трэба было ўцяміць, што калі каля суда хтосьці круціцца ў цывільным, то туды лепш не хадзіць. Супрацоўнікі былі ў вельмі прыўзнятым настроі праз тое, што злавілі нібыта такую "вялікую рыбу". Яны ўсе глядзелі мой тэлефон і каментавалі: "О, яго і за гэта, і за гэта можна садзіць!"

"Зніклі мае 300 рублёў"

Сергія прывезлі ў Фрунзенскі РУУС для складання адміністрацыйнага пратаколу.

"Я так зразумеў, што ў супрацоўнікаў ГУБАЗіКа ў РУУС ужо ёсць свой асабісты кабінет — № 15. Вельмі зручная тэма: прывозяць вязняў, там жа складаюць пратаколы і адразу ў "малпоўнік". Перад тым, як крымінальную справу распачаць, яны адпраўляюць на "суткі", каб было больш часу падрыхтавацца да абвінавачвання.

У РУУС мяне паставілі ілбом да шафы, а ногі як мага шырэй. Адзін з супрацоўнікаў з мяне здзекаваўся — усё хацеў мяне шырэй паставіць. Адзін раз мяне ўдарылі па назе.

Ім было ўсё адно, што супраць мяне кляпаць, абы пасадзіць на "суткі". Таму яны склалі пратакол за "несанкцыянаванае пікетаванне" ў Instagram за карцінку з надпісам "Пахне чабор!" і маім вершам. Пры гэтым, маю старонку ў Instagram зрабілі адкрытай праз налады. Я гэта толькі цяпер высветліў. Увесь час складання пратаколу я прастаяў каля шафы з кайданкамі за спінай. Я папрасіў вады, але мне не далі. Пачалі аглядаць заплечнік. У працэсе гэтага кудысьці зніклі мае 300 рублёў. Таму што ў вопісе яны паказалі толькі пяць рублёў".

Сергія да вечара пратрымалі ў камеры пры РУУС у жудасных умовах, а пасля яшчэ з трыма людзьмі адвезлі ў аднамесным "стакане" буса ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Цяжка мне гэтыя паездкі даваліся. Нас у гэтае аддзяленне ўтрамбавалі з бяздомным. Калі прывезлі на ІЧУ, там прымусілі распрануцца і прысядаць голым. Там я ўбачыў, што ў заплечніку няма пашпарта і грошай. Я ім сказаў пра знікненне грошай, але яны сказалі, што трэба было раней казаць, калі я падпісваў вопіс".

"За ўсе 25 сутак я толькі на пару гадзін змог адключыць галаву і паспаць"

Да суда мужчыну адвялі ў трохмесную камеру, дзе ўжо ўтрымліваліся 15 чалавек. Там былі затрыманыя па ўсіх катэгорыях спраў.

"Першая камера, куды мяне адвялі, была вельмі бруднай — напэўна, яе ніколі ніхто не мыў. Прыбіральня — дзірка ў падлозе — у жахлівым стане. Паветра ў камеры стаяла спёртае, таму што акно і "кармушка" былі зачыненыя. Зразумела, што новаму чалавеку ў камеры не рады, таму што гэта ўздымае пытанне: "А куды яму легчы?"

Сергій узгадвае, што з сукамернікамі, у асноўным, абмяркоўвалі, як хто трапіў у ізалятар.

"Я як чалавек веруючы, стараўся ўздымаць тэмы пра Бога, хрысціянства, Біблію. Я заўважыў, што людзям у такіх абставінах лягчэй на гэтыя тэмы размаўляць ды ісці на кантакт. Кажуць, што на вайне не бывае няверуючых. Дык вось і ў турме так. Там вельмі рэдка можна сустрэць людзей, якія адкрыта заяўляюць, што яны няверуючыя і Бога няма. Усе задумваюцца і пачынаюць разважаць, што можа сапраўды там хтосьці ёсць, хто можа за мяне заступіцца ў гэтай сітуацыі".

Мужчына распавядае, што ў ІЧУ дазвалялася палітычным браць з сабой у камеру куртку. А ў ЦІПе — не. Менавіта так, з першага позірку, на ЦІПе можна зразумець — хто ёсць хто.

"У ІЧУ я неяк пераначаваў на бруднай падлозе на сваёй куртцы. За ўсе 25 сутак я толькі на пару гадзін змог адключыць галаву і паспаць, а так пастаянна — думкі. Я не ведаю, як вытрымаў гэта".

На суд Сергія прывезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе некалькі гадзін ён прачакаў у мясцовай камеры. Суд праходзіў па Skype.

"Я суддзі распавёў, што ў мяне ёсць такі верш. Змякчальная акалічнасць — сямёра дзяцей. Суддзя была вельмі ветлівай і ўнікальнай у сітуацыю. Але вынік — 13 сутак. Ну я думаю: "13 — не 15, так што дзякуй і за гэта!"

"Супрацоўнікі ставяцца да нас, як да жывёл"

Увечары Сергія вярнулі на Акрэсціна ў ЦІП, там зноў распранулі, прымусілі прысядаць, правялі дагляд і змясцілі ў "стакан". Пасля гэтага мужчыну вызначылі ў камеру № 20 — гэта камера, што знаходзіцца пад асаблівым наглядам. Па словах Сергія, у камеры на чатыры спальныя месцы пастаянна знаходзіліся 16-19 чалавек.

"У камеры заўсёды былі адзін-два бяздомных рознай ступені нямытасці і вашывасці. Быў адзін супрацоўнік на Акрэсціна, які ўвесь час хадзіў у масцы і атрымліваў асалоду ад сваёй улады. Калі я другі раз прыехаў, ён прымусіў мяне распрануцца і 30 разоў голым прысядаць. А потым прымусіў нас стаяць два дні на калідоры каля сцяны. У мяне ногі апухлі ад гэтага і ў красоўкі не залазілі. У тую ноч, калі мяне закінулі ў другі раз у камеру № 20, ён уздымаў нас шэсць разоў за ноч (звычайна — два разы).

Супрацоўнікі ставяцца да нас негатыўна, як да жывёл, якіх можна проста паміж справай аблаяць, зняважыць, ударыць. Яны не ўспрымаюць нас як людзей. Яны проста атрымліваюць асалоду ад таго, што з намі можна рабіць усё, што заўгодна".

На Акрэсціна Сергій перахварэў на вірус:

"Мне некалькі разоў давялося паспаць на падлозе — там мяне прадзьмула. Пасля гэтага ў мяне была тэмпература, насмарк і моцны кашаль. Раней я кашляў кожную хвіліну, цяпер, праз тыдзень пасля вызвалення, стала лягчэй. А так ратаваўся ад скразнякоў і блашчыц на другім ярусе "шконкі" з жалезнымі краткамі — "грылі".

"Завёў у пусты кабінет і збіў мяне"

На другім судзе, дзе мужчыну прызначылі яшчэ 12 сутак, Сергій спрабаваў спрачацца з суддзём, за гэта пасля працэсу па Skype у РУУС супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўжылі да яго фізічны гвалт:

"Пасля таго, як я адмовіўся падпісаць другі пратакол і на судзе заявіў, што не згодны з ім, адразу пасля таго, як мне вынеслі пастанову, прыйшоў супрацоўнік ГУБАЗіК, надзеў на мяне кайданкі, завёў у пусты кабінет і збіў мяне са словамі: "Што ты ўзнімаешся?" Абураўся, што маю права пратэставаць і адцягваю важных людзей ад працы — гэта ён пра сведку ў масцы".

Мужчына распавядае, што зняволеныя па палітычных матывах мелі абсалютна розныя нагоды затрымання:

"Напрыклад, са мной сядзеў дацэнт універсітэта. Ён хацеў выдаліць фэйсбук і параіўся са сваім сябрам з трыма вышэйшымі адукацыямі, як гэта зрабіць. На іх настукала каляжанка. У той жа дзень мужчын затрымалі і склалі пратакол за тое, што ў РУУС "лаяліся матам і размахвалі рукамі".

Была сям'я — бацька і сын — затрыманыя за татуіроўкі. Быў хлопец, які хацеў тату падарунак зрабіць, — памятную рамку з пустых гільзаў. У адным чаце ён спытаў, у каго ёсць пустыя гільзы — усё, за ім прыйшлі і далі 15 сутак. З намі сядзеў чалавек, у якога быў уласны невялікі тэлеграм-канал. Яго пусцілі на два колы арышту і распачалі крымінальную справу. Яшчэ адзін — дасведчаны шафёр-дальнабойнік, у якога ў кабіне была прымацаваная белая паперка з палоскай чырвонай ізаленты…

Яшчэ быў хлопец, які ўначы на гучных суседзяў выклікаў міліцыю. Да яго прыйшлі па тлумачэнні і ўбачылі маленькую "Пагоню" на лядоўні — затрымалі".

"З "Вясной" меў зносіны?"

У ЦІП на Акрэсціна да Сяргея два разы прыходзіў супрацоўнік КДБ. Ён праводзіў допыт з нагоды сувязі з праваабаронцамі і журналістамі і патрабаваў "прызнавальных паказанняў":

"У першую сустрэчу ён мне адразу кажа: "Ну што, мы пра цябе ўсё даведаліся. Табе свеціць ад 10 да расстрэлу. Ты меў зносіны з журналістамі і зліваў інфармацыю. Усе журналісты — агенты, значыць ты здрадзіў Радзіме".

У мяне ёсць асаблівасць: я не магу падманваць. У мяне пытаюцца: "З "Вясной" меў зносіны?" Я кажу: "Меў зносіны". Зноў пытаецца: "А што ты ім казаў?" Я распавядаю: "Хадзіў на суды, пісаў пра гэта ў фэйсбуку ды ім скідаў гэтую ж інфармацыю, што адбывалася на судзе". Супрацоўнік сказаў, што буду ісці па крыміналцы. Ён прымусіў мяне напісаць "яўку з павіннай", дзе пазначыў, што я хадзіў на суды, здабываў звесткі і перадаваў "Вясне". Супрацоўнік паабяцаў, што калі напішу такую паперу, то будзе змякчэння пакарання. Ён сышоў вельмі задаволеным ад мяне.

А другі раз ён прыйшоў да мяне з фоткамі з тэлефона маёй жонкі, дзе яна "гуляе" ў 2020 годзе з Бібліяй. Ён пытаецца: "Ну што, хадзілі на пратэсты?" Я адказаў, што не. На плошчу я хадзіў маліцца. Я яму кажу, а ён піша. Аказалася, што ён пісаў маё прызнанне, што я нібыта хадзіў на акцыі пратэсту. Але я сказаў, што гэта падпісваць не буду. Тады ён сказаў, што ў такім выпадку мая жонка "ўжо заўтра будзе сядзець на Акрэсціна разам са мной". Пакуль я сядзеў, дома быў ператрус. Пасля майго допыту супрацоўнік прызначыў ёй допыт у КДБ.

Пры мне ён бярэ і тэлефануе камусьці: "Цяпер прыйдзе Святлана Мельянец, ты яе падрыхтуй да ІЧУ". І мне кажа: "Калі не падпісваеш, то тваю жонку садзім на Акрэсціна, рыхтуем крыміналку, а дзяцей праз 10 дзён канфіскуюць органы апекі". Я быў у шоку. Але кажу яму: "Няхай вам Гасподзь забароніць гэта зрабіць. Я нічога не магу зрабіць, але веру, што Гасподзь зможа спыніць". Супрацоўнік у адказ прамаўчаў. Аказалася, што жонку ён не крануў. Яна да яго прыходзіла, ён моцна ціснуў на яе, але яна не паддавалася. Святлана здолела вельмі цвёрда з ім пагутарыць. Таксама супрацоўнік мне казаў, што лаяльна правёў ператрус, але пагражаў, што калі не падпішу паперу, то яны прыйдуць у маю кватэру з кувалдамі і ўвесь дом ператвораць у руіны. Ён палохаў — мне было вельмі страшна, вядома. Калі я вярнуўся ў камеру, то падумаў, што можа сапраўды трэба было падпісаць, каб хоць неяк жонку і дом выратаваць. Але я не падпісаў тую паперу, і ён да мяне больш не прыходзіў".

"Мяне не мусілі выпусціць"

Так, Сергій на Акрэсціна агулам прабыў 25 дзён. У час вызвалення на калідоры ён сустрэў хлопца, які быў з ім у камеры Фрунзенскага РУУС.

"Ён узрадаваўся і кажа: "О, Сярога, памаліся за мяне!" І вось я стаю на калідоры ЦІП — малюся за сябе і за яго. Нам выдаюць рэчы са словамі: "Глядзіце, больш не трапляйцеся!" Я думаю, куды мне трапляцца? Мне б выбрацца адсюль! Мяне выпускаюць за браму, а там ніхто мяне з кайданкамі не чакае. Я ў шоку. Госпадзе, дзякуй! І пабег".

Цудоўным чынам мой пашпарт апынуўся ў заплечніку. Два разы па вопісе не было пашпарта, а тут цуд Божы! За мяне маліліся вельмі шмат людзей. І мая царква, і я вельмі шмат маліліся. Я бачу, што тое, што са мной адбылося — сапраўдны цуд! Зыходзячы з таго, як яны сябе паводзілі і што мне казалі, мяне не мусілі выпусціць. Са значна меншым людзі ішлі на вялікія тэрміны. Мая гісторыя — гэта сведчанне, што Бог здзяйсняе цуды нават у такіх месцах, як Акрэсціна".

Сергій выйшаў на волю ў суботу, а ўжо на наступны дзень ён з жонкай і сям'ю дзецьмі пакінуў Беларусь. Цяпер ён плануе перабрацца ў Польшчу і ўладкавацца там.

Падтрымаць фінансава сям'ю Сергія Мельянца:

Дапамога шматдзетнай сям'і актывіста і хрысціянскага прапаведніка Сергія Мельянца ўладкавацца ў Польшчы

Наша сям'я – 9 чалавек. Таму і сума атрымоўваецца такая. Паколькі мы не збіраліся з'язджаць з Беларусі, планы даводзіцца будаваць «на хадзе». Думаем ехаць у Польшчу і наладжваць сваё жыццё тамака.

Крыніца: "Калі не падпісваеш, то тваю жонку садзім, а дзяцей забяруць органы апекі". Сергій Мельянец распавёў пра сваё затрыманне