22.04.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Па крымінальных палітычных справах з 2020 года асудзілі ўжо каля пяці тысяч чалавек. Ужо тры з паловай гады штодня суды па ўсёй Беларусі канвеерам разглядаюць справы супраць нязгодных з палітыкай рэжыму Лукашэнкі. Некалькі судовых працэсаў праходзілі прама ў следчых ізалятарах. Справы супраць палітвязняў разглядалі ў гомельскім СІЗА, гродзенскай турме і СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Апошняя праходзіла месяц таму. Часам палітвязняў судзяць у калоніях і турмах за "непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы". "Вясна" згадвае, каго з палітвязняў судзілі проста ў ізалятары і расказвае пра нагоды.

Суд по
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня 2021 года ў гомельскім СІЗА

"Справа Ціханоўскага" ў гомельскім СІЗА

Першай палітычнай справай, якая разглядалася ў засценках СІЗА, была "справа Ціханоўскага" летам і восенню 2021 года. 24 чэрвеня ў будынку гомельскага СІЗА № 3 пачалі судзіць палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Уладзіміра Цыгановіча, Дзмітрыя Папова і Арцёма Сакава, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка. Іх абвінавачвалі ў арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. З пастановы, якую перад судом уручылі Сяргею Ціханоўскаму вядома, што рашэнне аб правядзенні закрытага судовага працэсу прынятае дзеля "забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў працэсу і абароны таямніцы, якая ахоўваецца законам". Аднак у чым небяспека, для каго і якая таямніца, не тлумачыцца. Старшыня Гомельскага абласнога суда не змог гэта растлумачыць і ў адказе на зварот грамадзян. Тры месяцы справу разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў, але потым яго змяніў Мікалай Доля.

Гомельскі абласны суд адмаўляецца называць прычыну, па якой суд па "справе Ціханоўскага" праходзіць у закрытым рэжыме ў СІЗА

Грамадзяне звярнуліся па тлумачэнні да старшыні Гомельскага абласнога суда Сяргея Шаўцова, але і ён не ўнёс яснасці ў пытанне.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Сваякоў палітвязняў на працэс не пусцілі. Адвакаты палітвязняў знаходзіліся пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму яны не маглі распавесці абставіны справы і аб ходзе працэсу. Абставіны судовых слуханняў былі невядомыя ні родным палітвязняў, ні грамадству.

Суд па "справе Аўтуховіча" ў гарадзенскай турме

sprava_autuhovicha_90.jpeg

Амаль праз з год — у маі 2022 года — у будынку гродзенскай турмы пачаўся суд над 12 фігурантамі "справы Аўтуховіча": Мікалаем Аўтуховічам, святаром Сяргеем Рэзановічам, яго жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, пенсіянеркай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, пенсіянеркай Ірынай Мельхер і яе сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегурам і Паўлам Савам. Разбіраць справу павінны былі ў Гродзенскім абласным судзе, але за тыдзень да пачатку ўлады вырашылі праводзіць працэс на тэрыторыі гродзенскай турмы № 1. Афіцыйная прычына такога рашэння агучана не была. Працэс праходзіў у адкрытым рэжыме, але фактычна звычайныя слухачы туды трапіць не маглі, бо трэба было загадзя атрымаць дазвол ад начальніка турмы. На працэс пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. На судзе прысутнічалі прапагандысты, якія падрабязна асвятлялі ўвесь працэс. Мікалая Аўтуховіча і Любоў Разановіч утрымлівалі на працэсе ў СІЗА ў асобных жалезных клетках — "стаканах" — як "асабліва небяспечных". Справу "групы Аўтуховіча" разглядаў суддзя Максім Філатаў — той самы, які ў Лідзе вынес прысуд актывісту Вітольду Ашурку і пайшоў на павышэнне.

autuchovich_90.jpeg
Мікалай Аўтуховіч на судовым працэсе ў СІЗА

"Улады выкарыстоўваюць адсутнасць незалежнай адвакатуры, грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі для таго, каб схаваць інфармацыю, якая ўяўляе грамадскі інтарэс для грамадзян, паколькі рэальных інструментаў каб даведацца пра нагоду таго, што паслужыла падставай, каб справы слухаліся ў будынках СІЗА, не маецца. Безабаронным перад тварам рэпрэсіўнай сістэмы застаецца і фігурант крымінальнай справы, паколькі ён пазбаўляецца магчымасці абараняць свае правы без пагрозы ўціску ўласных правоў і законных інтарэсаў", — каментуе юрыст "Вясны".

Суд супраць былога інспектара мытні на "Валадарцы"

gurynovich_yahen.jpeg
Яўген Гурыновіч

У канцы лютага гэтага года ў следчым ізалятары № 1 на Валадарскага судзілі былога мытніка Яўгена Гурыновіча. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч. Былога мытніка пачалі судзіць з былымі калегамі Уладзімірам Журомскім і Віктарам Новікам у кастрычніку мінулага года ў Мінгарсудзе. Іх абвінавачвалі адразу па 11 складах злачынстваў, у ліку якіх такія цяжкія як "здрада дзяржаве", "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". У канцы лютага ў электронным раскладзе на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда з'явіліся звесткі пра тое, што справа ў дачыненні да Яўгена Гурыновіча выдзеленая ў асобную вытворчасць і слухацца яна будзе ў СІЗА-1. Гэты факт выклікаў занепакоенасць праваабаронцаў у сувязі з тым, што супраць палітвязняў рэдка ўжываюць судовы пераслед на тэрыторыі следчага ізалятара. Па справе Гурыновіча на "Валадарцы" прайшлі больш за дзесяць працэсаў. Нядаўна праваабаронцам удалося даведацца, што такая мера звязаная з яго станам здароўя. Паводле інфармацыі "Вясны", у Яўгена сур'ёзныя праблемы са здароўем, а менавіта міжпазваночная кіла, праз якую ён не можа доўга сядзець і стаяць. У сувязі з гэтым яго справу вылучылі ў асобную вытворчасць і разглядалі па месцы ўтрымання зняволенага. Апошні працэс па справе быў 15 сакавіка.

Суды за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі і турмы"

Акрамя гэтага, некаторых палітвязняў, якія ўжо адбываюць пакаранне, судзяць паводле артыкула 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы", у выязным пасяджэнні ў калоніях або турмах. Так, напрыклад, на тэрыторыі магілёўскай турмы № 4 асудзілі палітзняволенага анархіста Мікіту Емяльянава. Справу палітвязня Вікторыі Кульшы на выязным пасяджэнні 13 чэрвеня 2022 года разгледзелі ў гомельскай жаночай калоніі № 4.

Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

"Вясна" распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з іх прызнаны "злоснымі парушальнікамі рэжыму".

Крыніца: Як і чаму палітвязняў судзяць у СІЗА