22.04.2024 Тэгі: скаргі, ААН, палітвязні Палітзняволены Дзмітрый Папоў, асуджаны па "справе Ціханоўскага", падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН год таму. Цяпер скарга ў Камітэце зарэгістраваная. Пра гэта "Вясне" распавяла адвакатка Дзмітрыя Папова, прэзідэнтка Беларускай Асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна.

papou_dzm.jpg
Дзмітрый Папоў

"Па нашай скарзе мы пісалі аб тым, што былі парушаныя 19, 21, 25 артыкулы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. А таксама 14, 9 артыкулы — усё, што датычыцца мірных сходаў, пазбаўлення волі, і таксама, калі мы кажам так, што суд быў не незалежны, на парушэнне судовага працэсу", — адзначыла Марыя Колесава-Гудзіліна.

Даведка:

  • Артыкул 9 Пакта:  Кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць.
  • Артыкул 14: кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, што прад'яўляецца яму, або пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў у якім-небудзь грамадзянскім працэсе, на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, створаным на падставе закона.
  • Артыкул 19: Кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў.
  • Артыкул 21: Прызнаецца права на мірныя сходы.
  • Артыкул 25: Кожны грамадзянін павінен мець без якой бы там ні было дыскрымінацыі, згадванай у артыкуле 2, і без неабгрунтаваных абмежаванняў права і магчымасць: a) прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз пасрэдніцтва свабодна выбраных прадстаўнікоў[…].

"Але важна адзначыць, што Дзмітрый Папоў проста ішоў міма, — дадала Марыя Колесава-Гудзіліна. — Проста ён сябраваў з Арцёмам Сакавым і аднойчы толькі ён бачыў Сяргея Ціханоўскага, калі яму падносіў паўэр-бэнк — і гэта ёсць на адным стрыме, і ўсё. Папоў сядзіць ні за што. Але ведаеце, калі яго пазбаўляюць волі за тую дзейнасць, якая была на канале "Краіна для жыцця", таксама мы кажам аб тым, што тут ёсць свабода меркавання, яна парушаная.

Я ведаю, што Дзмітрый ведае аб тым, што зарэгістраваная гэтая скарга ў КПЧ ААН".

Дзмітрый Папоў быў асуджаны на 16 гадоў пазбаўленне волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму за: ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаў, арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; арт. 191 Крымінальнага кодэкса — Перашкаджэнне ажыццяўленню выбарчых правоў; арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы

Крыніца: Зарэгістраваная скарга палітвязня Дзмітрыя Папова ў КПЧ па правах чалавека ААН