22.04.2024 Тэгі: адміністратыўны пераслед, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Антось (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі ў сярэдзіне студзеня 2024 года за пратэсную актыўнасць у папярэднія гады. Яму ўдалося пазбегнуць крымінальнага пераследу, але супраць яго ўсё роўна сфабрыкавалі адміністрацыйную справу за "хуліганства ў РУУСе". Мінчук распавёў "Вясне" пра адрозненне звычайнай камеры і палітычнага карцару ў ЦІП на Акрэсціна, сваіх сукамернікаў напрыканцы студзеня і падзяліўся, што было самым складаным у зняволенні. 

akrescina07.jpeg
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Мужчына адбываў свае "суткі" ў дзвюх камерах Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Антось распавядае, што першая камера была звычайнай — "не палітычная", а вось другая — са спецыяльна створанымі дрэннымі ўмовамі для затрыманых па палітычных матывах. Таму ён параноўвае іх.

"У першай камеры была гарачая вада, туалет і двух'ярусны ложак без матрацаў. Але камера была амаль заўсёды перапоўненая: адначасова знаходзіліся ў паўтары-два разы болей людзей, чым ложкаў. Таму спаць даводзілася на падлозе, на лаўках, па чарзе мяняцца ноччу. Нягледзячы на тое, што сядзеў я ў маразы, у камерах было досыць цёпла, працавала ацяпленне, таму аднаго швэдра хапала, каб не змерзнуць. У палітычных на ўваходзе адбіралі курткі. Таму, калі ў камеру засялялі новых людзей, мы адразу ведалі "нашыя" ці не".

Другая камера, у якой адбываў "суткі" мужчына, быў аднамясцовы карцар, у якім адначасова ўтрымлівалі ад шасці да 12 чалавек.

"Больш складаная па ўмовах была "палітычная" камера. Гэта быў адзіночны карцар памерам прыкладна 3х5 метраў. Там адсутнічала мэбля, акрамя аднаго табурэта, не было гарачай вады і нават ракавіны. Таму, каб нешта памыць, трэба было набіраць ваду ў пластыкавую бутэльку і мыць над унітазам".

Антось адзначае, што ў першай і другой камеры нават адрозніваўся распарадак:

"У першым выпадку святло на ноч выключалася, у другім — не. Акрамя гэтага, у карцары за ноч было дзве пабудкі, падчас якіх трэба было ўставаць і называць сваёпрозвішча".

Паводле мужчыны, харчаванне цяжка назваць смачным, аднак яго хапала. Большасць яго сукамернікаў параўноўвалі яго з ежай у вельмі кепскай сталовай. Антось узгадвае, што стаўленне супрацоўнікаў ЦІП адрознівалася ў кожным канкрэтным выпадку: ад нейтральнага і абыякавага да шчыра негатыўнага.

"Просьбы з нашага боку пераважна ігнараваліся, таму калі ў камеры быў хто-небудзь з бытавым парушэннем, то нейкія банальныя просьбы, накшталт пакінуць адкрытай "кармушку" ці прынесці туалетнай паперы, рабілі яны. За парушэнні арыштантаў каралі вадой з хлоркай. Выглядала гэта так: адчыняліся дзверы, супрацоўнік ЦІП выліваў ваду на падлогу і зачыняў дзверы. Большую частку дня з супрацоўнікамі перасякацца не даводзілася. Але вельмі паказальнай была ранішняя праверка: усіх выводзілі з камеры, ставілі да сцяны і абшуквалі. У гэты ж час паралельна абшуквалі камеру. У выніку, маглі выкінуць нейкія выпадковыя рэчы, напрыклад, вырашыць, што ў камеры зашмат пакетаў ці туалетнай паперы і пакінуць толькі па аднаму. Размаўлялі супрацоўнікі пры гэтым выключна загадным крыкам з вялікай колькасцю лаянкі і абраз".

Сваіх сукамернікаў Антось падзяляе на дзве катэгорыі:

"Першая катэгорыя — ўмоўна выпадковая: людзі, у якіх заўважылі налепку на тэлефоне ці вокладку на пашпарце альбо недзе пры міліцыянтах прамовіўшыя "Жыве Беларусь" і гэтак далей. Другая буйная катэгорыя – данаты. Прыкладна ў гэты час, наколькі я зразумеў там і потым дазнаўся з тэлеграм-каналаў ГУБАЗіКа, сілавікі прыходзілі да тых, хто данаціў праз PayPal.

Аднак было шмат людзей з рознымі іншымі гісторыямі: нехта ўдзельнічаў у пратэстах 2020-га года і трапіў на відэа, нехта з-за чата з сябрамі. У некаторых сітуацыях людзі не хацелі падрабязна тлумачыць, але гэта цалкам зразумела. Узрост, адукацыя, прафесіі — таксама максімальна шырокія і разнастайныя. Былі мужчыны ад 18 да 60, сярод іх былі грузчыкі, айцішнікі, бізнесмены, афіцыянты. Практычна да ўсіх, хто сутыкнуўся з ГУБАЗіКам, прымяняўся фізічны гвалт у той ці іншай ступені".

Мужчына распавядае, што медыцынскую дапамогу можна было атрымаць толькі ў выглядзе таблетак адзін раз на дзень — раніцай пры абходзе доктара.

"Атрымаць з лекаў можна было толькі нешта з самага базавага набору:парацэтамол, анальгін ці нешта на такім узроўні. Аднак і гэтыя таблеткі не заўсёды былі ў наяўнасці (альбо нам іх не хацелі выдаваць). Медыцынскія перадачы маім сукамернікам даходзілі на наступныя суткі. Іх потым таксама выдавалі па пэўнай колькасці кожны ранак".

Пры гэтым, Антось адзначае, што найбольш складаным для большасці ўсё ж былі не бытавыя нязручнасці, а абсалютная няпэўнасць у іх лёсе:

"Да моманту пакуль не выйдзеш за вароты, не ведаеш ці можа табе дадуць яшчэ "суткі" ці ўжо гатовая нейкая крыміналка. Таму апошнія дні і гадзіны перад выхадам былі найбольш цяжкімі і напружанымі".

Крыніца: "Пакуль не выйдзеш за вароты, не ведаеш ці дадуць яшчэ "суткі" ці ўжо гатовая крыміналка", — былы арыштант