19.04.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Гродзенскім абласным судзе 19 красавіка агучылі прысуд 48-гадоваму Фёдару Шведаву. Яго абвінавацілі паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Суддзя Віталь Кулеш прызначыў Фёдару тры з паловай гады пазбаўлення волі.
У першы дзень суда 15 красавіка "Белта" і "СБ.Беларусь сегодня" апублікавала фотаздымкі і падрабязнасці з судовага працэсу Шведава. Згодна версіі абвінавачвання, Фёдар Шведаў са снежня 2020 года па сакавік 2021 года, выкарыстоўваючы аформлены ў ААТ "Сбер Банк" на сваё імя разліковы рахунак і плацежную карту, а таксама мабільны тэлефон, ажыццявіў перавод грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі прадстаўнікоў "экстрэмісцкіх фармаванняў".
Як удакладніла выданне "СБ.Беларусь сегодня", ён заданаціў 52 рублі 88 капеек ініцыятыве "Честные люди", ініцыятыве "Беларуская Рада культуры" 26 рублёў 7 капеек, і яшчэ 26 рублёў 20 капеек — фонду By_Help.
На судзе Шведаў віну прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што "не меў намеру на прадастаўленне грашовых сродкаў экстрэмісцкім фармаванням, а грошы пераводзіў у дабрачынных мэтах для аказання дапамогі ў аплаце штрафаў, паслуг адвакатаў, медыкаментаў людзям, якія ўдзельнічалі ў пратэстных акцыях".
Суддзя Віталь Кулеш 19 красавіка прызнаў Шведава вінаватым і асудзіў яго да трох гадоў і шасці месяцаў зняволення з канфіскацыяй тэлефона.
Нагадаем, Шведава затрымалі 26 студзеня 2024 года. Мужчына ўтрымліваецца пад вартай у турме Гродна.
Падтрымаць Фёдара грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі: Турма № 1. 230023, Гродна, Кірава, 1, Шведаву Фёдару Пятровічу
Крыніца: Зорку "Што? Дзе? Калі?" Фёдара Шведава асудзілі да 3,5 гадоў калоніі