16.04.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ноччу з 15 на 16 красавіка сілавікі прыйшлі шукаць Леаніда Судаленку ў яго беларускую кватэру — праваабаронца з'ехаў з краіны мінулым летам

leanid-sudalenka_freeviasna.jpg
Леанід Судаленка

Пра гэта Леанід напісаў на сваёй старонцы ў Facebook і апублікаваў фота з Еўрапейскага парламенту.

"Сёння каля гадзіны ночы ў кватэру маёй сям’і грукаўся маёр міліцыі. Шукаюць нават ноччу, непакояцца…Гэтым здымкам падказваю маёру і астатнім выканаўцам рэпрэсій, дзе мяне шукаць. Я тут, каб дакументаваць, катаванні, каб расказваць, у якіх умовах вы трымаеце беларускіх палітвязняў-закладнікаў. Як Нобелеўскі лаўрэат прэміі міра Алесь Бяляцкі выжывае ў адзіночнай камеры ШІЗА. Не губляйце марна час, вярнусь у краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю. А пакуль — мы памятаем!"

Нагадаем, у лістападзе 2021-га году яго асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Леаніда ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.

"Беларускі фонд медычнай салідарнасці" і чат "Валанцёры. Гомель" прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 8 красавіка.

Ведамства пазначыла, што ў пералік "экстрэмісцкіх фармаванняў" таксама ўнесена, цытата, "польскае структурнае падраздзяленне "Белыя халаты". Паводле КДБ, дачыненне да Фонду медычнай салідарнасці маюць Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей і Андрэй Ткачоў.

Паводле КДБ, прозвішча чалавека, які нібыта мае дачыненне да чату "Валанцёры. Гомель" — гэта палітзняволеная Алена Тоцкая. Яе затрымалі па абвінавачванні ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" 23 студзеня 2024-га году.

alena-tockaja_.jpg
Алена Тоцкая

Жанчына раней працавала на дзяржаўнай службе, аднак у 2020 годзе стала актывісткай і валанцёркай.

Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк зноў не пусцілі адваката

palina-szarenda-panasjuk_1.jpg
Паліна Шарэнда-Панасюк

Муж Паліны Андрэй Шарэнда ў сваім Фэйсбуку паведаміў, што 15 красавіка адвакат у чарговы раз спрабаваў трапіць да палітзняволенай, але яму было адмоўлена. Ужо чатыры месяцы адвакату не даюць сустрэцца з Палінай, хаця яна ўжо даўно напісала адпаведную заяву для гэтага.

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Жанчыну спачатку асудзілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Пазней яе двойчы асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" яшчэ агулам да 2 гадоў зняволення. 

Падтрымайце Паліну: ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк

Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія фармаванні" і ціск на праваабаронцаў: хроніка пераследу 16 красавіка