11.04.2024 Тэгі: палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Больш за тры з паловай гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.
Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 20 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1377 чалавек. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 36 палітвязняў, у тым ліку Уладзімір Рубашэўскі, Юрый Кузьміч, Міхаіл Калішук, Сяргей Карпеня, Сяргей Салоха, Ягор Пракапчук, Віталь Пракапчук, Эдуард Кудынюк, Дзмітрый Тур, Аляксандр Вінярскі, Вадзім Гурман, Юрый Чубанаў, Крысціна Чаранкова, Раман Сідзюк і Кірыл Канапацкі.
Таксама праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах тром палітзняволеным:
- Святлане Кароль — адзін год і шэсць месяцаў калоніі;
- Аляксандру Ігнацюку — шэсць гадоў калоніі;
- Івану Сухамераву — дзесяць гадоў калоніі.
У праваабаронцы "Вясны" Алеся Бяляцкага ў зняволенні пагаршаецца стан здароўя
61-гадовы палітзняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца за кратамі ўжо 1000 дзён. Жонка палітвязня Наталля Пінчук распавяла Associated Press, што апошнія паўгода Бяляцкі знаходзіцца ў адзіночнай камеры, нягледзячы на свае хранічныя захворванні.
"Ад людзей, якія выйшлі з турмы, мне стала вядома, што стан Алеся працягвае пагаршацца і ён не атрымлівае некаторыя неабходныя яму лекі", — сказала Наталля Пінчук.
Таксама яна заклікала ААН "дзейнічаць больш актыўна", каб дапамагчы Бяляцкаму і іншым палітзняволенымі ў Беларусі.
Палітвязня Аляксандра Цялегу хочуць перавесці на турэмны рэжым
Учора, 3 красавіка, у Івацэвічах адбыўся суд па замене Аляксандру рэжыму ўтрымання, па выніках якога палітвязня могуць перавесці ў турму. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кухацкавалец, але вынік суда пакуль невядомы.
Нагадаем, у судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня 2022 года Аляксандра асудзілі да чатырох гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце. На судзе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні. 1 лістапада 2022 года над палітвязнем распачаўся новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна зноў за каментары. У выніку суд прызначыў яму адзін год зняволення, але шляхам паглынання больш строгага пакарання менш строгім тэрмін пакінулі ранейшым.
Палітзняволеную Аляксандру Каско перавялі ў калонію
У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня 2023 года 30-гадовай палітзняволенай прызначылі 10 гадоў калоніі. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы напачатку лютага гэтага года.
Аляксандру асудзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Такім прысуд вынес Дзмітрый Бубенчык. Яшчэ да суда, 12 верасня, КДБ унёс Аляксандру ў «спіс тэрарыстаў». Таксама яе дадалі ў «Спіс экстрэмістаў». У Вярхоўным судзе 21 сакавіка адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі палітзняволенай.
Цяпер стала вядома, што Аляксандра пачала адбываць тэрмін у гомельскай калоніі № 4.
Палітвязня Аляксандра Капшуля збіраюцца перавесці на турэмны рэжым
Аляксандр — былы юрысконсульт ААТ "Нафтан" заводу "Палімір". Мае жонку і дваіх непаўнагадовых дзяцей.
Палітвязня затрымалі 25 верасня 2021 года на тэрыторыі РФ і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. У Гомелі летась вынеслі прысуд па "справе Рабочага Руху". Аляксандра прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і асудзілі да 15 гадоў калоніі.
Сёння, 10 красавіка, у Бабруйску адбудзецца суд па справе аб замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Паўла Карцініна Аляксандра могуць перавесці ў турму.
Палітвязня Уладзіміра Гундара пазбавілі перадачы. Паўгода яго ўтрымліваюць у адзіночнай камеры
Як паведамляе "Радыё Рацыя", палітвязня на год пазбавілі перадачы:
"З 1 сакавіка яго зноў пазбавілі перадачы. Хаця сядзіць ужо паўгода ў камеры-адзіночцы. Паводзіць сябе ніжэй травы, цішэй вады. Таму сам не ведае, за што. Магчыма, у іх там па плану штосьці такое бывае".
Нагадаем, фігуранта "справы Аўтуховіча асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах.Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што Гундару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
Палітвязню Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю
Пра гэта ў Facebook напісаў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.
"Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю - вывелі катэтар з мачавога пузыра... і адразу з аперацыйнага стала адправілі ў камеру…"
Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
Крыніца: Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 27 сакавіка па 11 красавіка