10.04.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, умовы ўтрымання 9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА памёр Аляксандар Кулініч, паведамляе "Люстэрка". Яго абвінавачвалі паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Мужчыну затрымалі 29 лютага ў Брэсце, суд меўся адбыцца 16 красавіка. З таго часу ён знаходзіўся ў зняволенні.
Як расказалі крыніца выдання, Аляксандр Кулініч памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца: гэтая прычына пазначана ў зняволенні аб смерці. У СІЗА № 7 Брэста журналістам сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся. Акалічнасці затрымання Аляксандра Кулініча невядомыя.
Паводле інфармацыі "Люстэрка", Аляксандр Кулініч нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года (яму споўнілася б 52 гады). Ён быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай брыгадзе ПДВ. Апошнім часам працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дабаўкамі.
Па даных крыніц медыя, цела Аляксандра Кулініча ўжо выдалі сваякам. Яго пахаваюць у дзень яго нараджэння, 11 красавіка, у родным Маладзечне.
Аляксандра Кулініча не было ў спісе палітычных зняволеных, бо, на жаль, праваабаронцы не ведалі пра ягоны пераслед. Безумоўна, ён з'яўляўся палітвязнем. Такім чынам, гэта ўжо шосты палітзняволены, які памёр за кратамі. Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванні родным і блізкім палітвязня.
Калі ласка, паведамляйце пра выпадкі палітычнага пераследу людзей, а таксама пра тых, хто знаходзіцца ў зняволенні ў цяжкім стане. Звяртайцеся на @ViasnaSOS. Звязацца з інфармацыйнай службай "Вясны" — @Viasnainfo.
"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі
Крыніца: У брэсцкім СІЗА памёр Аляксандар Кулініч, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі