Сябры Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў пратэстуюць супраць зняволення і несправядлівых абвінавачванняў у дачыненні Уладзіміра Някляева.
У заяве, размешчанай на сайце пісьменніцкай арганізацыі паведамляецца, што "зняволенне Уладзіміра Някляева наўпрост суаднесена з правам яго як грамадзяніна на выказванне сваёй пазіцыі, а такім чынам гэты арышт парушае адно з асноўных правоў чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, – права на свабоду слова".
"Рада ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» патрабуе ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да Уладзіміра Някляева, неадкладна вызваліць яго з ізалятара, зняць несправядлівыя абвінавачанні, а таксама прыцягнуць да адказнасці тых службовых асобаў, якія парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян".
З адпаведнай заявай выступілі таксама сябры Рады Беларускага ПЭН-цэнтра:
“Разглядаючы чарговы арышт нашага калегі і Ганаровага старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзіміра Някляева як факт ціску за яго палітычныя перакананні, Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед, скасаваць прысуд у дачыненні да Уладзіміра Някляева, і звяртаецца да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць гэты заклік”, - гаворыцца ў заяве ПЭН-цэнтра.
Крыніца: Пісьменнікі рашуча пратэстуюць супраць зняволення Уладзіміра Някляева