08.04.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, умовы ўтрымання, рэпрэсіі Аляксей Галоўкін — IT-інжынер з Гродна. У дзяцінстве яму паставілі складаны дыягназ —гемафілічная поліартрапатыя. Ён скончыў фізмат-школу з залатым медалём, але ў 2020 годзе прынёс свае граматы і медалі ў школу, так выказаўшы пратэст. Неўзабаве яго затрымалі і асудзілі на тры гады пазбаўлення волі.
Цяпер Аляксей вызваліўся і жыве ў лагеры для бежанцаў у Швейцарыі, чакаючы рашэння міграцыйнай службы. Ён распавёў "Вясне" пра час у гродзенскім СІЗА і бабруйскай калоніі №2, медыцынскую дапамогу, пра бібліятэку і адмысловы атрад, у якім ён знаходзіўся ў зняволенні.
Першыя пратэсты — у 2011 годзе
Нягледзячы на тэрмін і эміграцыю, палітвязень не шкадуе, што выказаў пратэст. У першы раз — на маўклівых акцыях у 2011 годзе, за якія атрымаў адміністрацыйны штраф. Пасля — летам 2020 года, яшчэ да выбараў.
— Паміж гэтымі падзеямі я не пратэставаў актыўна, — распавядае Аляксей. — Жыў як нармальны чалавек, які паважае сябе. Напрыклад, адмаўляўся здаваць адбіткі пальцаў падчас абавязковай дактыласкапіі, праз што шмат крыві выпіў у міліцыі. Калі працаваў па размеркаванні — не ўступаў у аб'яднанні, не выпісваў газеты, не хадзіў на мітынгі. Таму ўвесь час прасядзеў на голым акладзе — нешта каля 100 долараў у месяц.
Але ў 2020 годзе, калі пачаліся зборы подпісаў за кандыдатаў, палітвязень вырашыў, што хоча актыўна выказаць сваю пазіцыю.
— Я падумаў, што будзе нядрэнна праз інтэрнэт трошкі прыпсаваць настрой міліцыянтам, — тлумачыць ён. — Я пачкамі ствараў пустыя старонкі "ВКонтакте" і "Аднакласніках" і раздаваў іх людзям. Вядома, я разумеў, чым займаюся, гэта не было выпадковасцю. Але я думаў, што абмяжуюся штрафам, як і ў 2011 годзе. Але потым на судзе мне "прыляцела" не толькі за мае каментары, але і за тыя, якія пісалі іншыя людзі з усіх тых старонак.
Затрыманне
Акрамя таго, Аляксей хадзіў на акцыі пратэсту, але затрымалі яго толькі ў пачатку снежня 2020 года, у двары ўласнага дома.
— Яны не хацелі, каб я паспеў выдаліць звесткі з кампутара, — тлумачыць мужчына. — У двары да мяне падбеглі ззаду, ударылі па назе, начапілі кайданкі і сказалі, што мне канец. Затым пасадзілі ў мікрааўтобус, нацягнулі капюшон, каб не бачыў, куды мы едзем, і адвезлі на размову "па душах".
Падчас допыту Аляксея збівалі, хоць ён папярэджваў пра сваё захворванне.
— Я прасіў іх біць меней, бо ў мяне не згортваецца кроў, — успамінае ён. — Гэта не паўплывала на паводзіны. Так працягвалася пару гадзін, допыт складаўся з пастаянных пагроз, крыкаў і рукапрыкладства. Асабліва ў нашай міліцыі любяць пагражаць на сексуалізаваныя тэмы — што са мной незразумела што адбудзецца ў турме. Дапытвала чалавек шэсць, памятаю, што прозвішча аднаго з іх — Мяцеліца. Але яны ўвесь час бегалі туды-сюды, мяняліся, у такой мітусні складана выяўляць вытрымку.
"Я, напэўна, проста памру тут"
Пасля допыту супрацоўнікі адвезлі Аляксея дадому — забраць усю тэхніку, пачынаючы ад паламаных навушнікаў, заканчваючы камп'ютарам бацькоў. Бацькам не далі ніякіх дакументаў аб выемцы тэхнікі, а Аляксея адвезлі ў ІЧУ, дзе яго чакала цяжкая ноч.
— Ужо позна ўвечары я адчуваў, што пасля збіцця пад скуру пачынае ісці кроў — на галаве, на плячах, на спіне, на назе, — кажа ён. — Я не спаў усю ноч, бо гэта даволі балючы стан. Калі я зразумеў, што не магу наступаць на нагу, папрасіў сукамерніка, каб ён выклікаў супрацоўніка. Ён не прыходзіў гадзіну, мне рабілася ўсё горш. А калі нарэшце прыйшоў лекар, пачаў пытацца: "Якая гемафілія? Не трэба было каментары ў інтэрнэце пісаць". У выніку даў таблетку нейкага анальгіну і сышоў. Але боль стала мацней, я пачаў губляць кроў, і губляць прытомнасць. У выніку хуткую выклікалі толькі пад канец другога дня. Прычым мянты пачалі вельмі баяцца, каб я нічога ім не ляпнуў: яны баяліся, што хуткая мяне забярэ і пра збіццё стане вядома. Але супрацоўнікі хуткай маўчалі, былі даволі спалоханыя, а нейкі лекар з РУУС распавядаў ім: "Ведаеце, што ён рабіў? Ён каментары пісаў супраць нашай улады!"
"Мне "пашанцавала": у мяне інваліднасць"
Пасля трох сутак у ІЧУ Аляксея адправілі ў гродзенскае СІЗА, дзе ён быў прыкладна паўгода да этапавання ў калонію. Ён распавядае, што там былі агідныя, нечалавечыя ўмовы ўтрымання.
— Зімой там вельмі холадна, летам — душна і вільготна, — кажа палітвязень. — У невялікай камеры сядзіць 10 чалавек, усе сціраюць, развешваюць вопратку, фактычна ты знаходзішся ў лазні круглыя суткі. Тады пошта хадзіла яшчэ вельмі добра, на мой дзень нараджэння прыходзіла 10-20 лістоў у дзень, а потым — у студзені 2022 года — лісты не ад сваякоў перасталі прапускаць. Але я разумеў, што гэта не людзі перасталі пісаць, а мянты перасталі аддаваць лісты. Яшчэ да суда мяне прызналі палітвязнем: адчуванні былі такія, нібы я атрымаў грамату ў школе за добрыя паводзіны.
Аляксей распавядае, што СІЗА і калонія — два цалкам розныя сусветы. У калоніі прасцей падтрымліваць здароўе, нармальна харчавацца, свежае паветра, але калі ты палітвязень, прыйдзецца "крыху пацярпець".
— У бабруйскай калоніі палітвязняў пастаянна пазбаўляюць пасылак, спатканняў, — успамінае Аляксей. — Ты ўвесь час сядзіш і чакаеш у напружанні, калі да цябе дакалупаецца нейкі мент. Мне "пашанцавала": у мяне інваліднасць, таму мяне хаця б не саджалі ў ШІЗА, іншыя палітычныя адтуль не вылазілі. Па плане іх адпраўляюць туды прыкладна кожныя тры месяцы.
"Няма ніякіх правілаў — як захочуць, так і будзе"
Былы палітвязень распавёў пра ўмовы ў ШІЗА, дзе памёр Вітольд Ашурак.
Аляксей трапіў у "інвалідскі", як яго называюць у калоніі, атрад. Там знаходзяцца людзі з праблемамі з фізічным і псіхалагічным здароўем і пенсіянеры па ўзросце.
— У такіх атрадах ёсць вялікі плюс, — адзначае мужчына. — Туды мянты практычна не лезуць з усялякімі праверкамі, і нават калі зоймуцца і нешта знойдуць, наўрад ці будуць наступствы. Але праз тое, што мянты не хочуць пэцкаць рукі аб "інвалідаў" і старых, то ўсю ўладу яны дэлегуюць так званаму "актыву" — на слэнгу іх называюць "казлы". Гэта зэкі, якія робяць усё, што ім скажа міліцыя. Калі не памыляюся, яны нават па паперах праходзяць як давераныя асобы МУС. Яны адказваюць за ўсё ў гэтым атрадзе, разводзяць людзей на грошы і прадукты. Яны нічым не занятыя, калі мянты сказалі не даваць камусьці жыцця — яны так і зробяць.
Праблема ў тым, што ў актывістаў пастаянна трэба нешта прасіць: нешта памыць, запісацца да лекара або ў чаргу ў краму.
— Калі ты не падабаешся, цябе могуць запісаць апошнім, будзеш тры-чатыры гадзіны стаяць у чарзе ў краму пад дажджом, снегам або спякотай, — кажа Аляксей Галоўкін. — Паасобку гэта ўсё дробязі, але калі гэта паўтараецца ўвесь час, гэта даволі непрыемна. Але я стараўся сядзець "па-разумнаму" і ні з кім не канфліктаваць, калі была такая магчымасць. Мне трэба было раз на тыдзень хадзіць у санчастку рабіць укол, каб згортвалася кроў. У нас быў вельмі шкодны дзядзька-актывіст, але праз паўгода я з ім пасябраваў. Калі бачыў, што я кульгаю мацней звычайнага, сам падыходзіў і прапаноўваў адвезці ў санчастку. Але за два месяцы да майго вызвалення лекі скончыліся, тады начальніца санчасткі мне сказала: "Хутка на волю пойдзеш — там палекуешся". Гэта быў мой рэкорд: два месяцы без уколу.
Санчастка і праца за 50 капеек
Палітвязень распавядае, што ў санчастцы працаўнікі ставіліся да зняволеных як да "буйной рагатай жывёлы".
— Там лекуюць роўна настолькі, каб чалавек не памёр, — кажа Аляксей. — Таму што інакш трэба будзе шмат папер складаць, час марнаваць. Такое стаўленне адчуваецца, таму што шмат людзей хоча трапіць у санчастку, і часта незразумела, у каго рэальная праблема, а хто проста хоча адкасіць ад працы. Таму людзі, напрыклад, з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы ходзяць на працу, хоць многія ледзь ногі цягнуць.
"Медыцына ў турме — чорнае люстэрка, у якое зазірнуў кожны з нас"
Аляксей распавядае, што ягоны атрад не хадзіў на працу. Для астатніх зняволеных яна заключалася ў тым, што трэба было "драць гуму": выцягваць дрот са старых аўтамабільных пакрышак. Сродкаў індывідуальнай абароны пры гэтым не давалі, зарабак пасля выліку грошай на харчаванне і ўтрыманне складаў 50-70 капеек у месяц.
— Паколькі я не хадзіў на працу, то цэлымі днямі чытаў кніжкі, — усміхаецца палітвязень. — Бібліятэка там добрая: яе фармуюць не толькі са старых запасаў ПТВ і школ, але і з таго, што замаўляюць самі палітвязні. З прачытанага там мне запомнілася "Мастацтва зневажаць" Няўзорава — яе прапусцілі нейкім цудам. Але тады яшчэ не было такіх абмежаванняў, а ўзровень інтэлекту сярэдняга мянта ў Беларусі не вельмі высокі. Таму такую кніжку яны прапусцілі, а "Барацьбу за ўладу" Ніцшэ — не, таму што назва не вельмі добрая.
Планёркі палітвязняў і забарона старой "зэкаўскай" традыцыі
Аляксей Галоўкін распавядае, што пасля зняволення ў людзей часта развіваецца цынізм і недаверлівасць, таму што там ты не разумееш, хто хоча табе дапамагчы, а хто — рэальна гатовы прапанаваць дапамогу. Але і добрых людзей там сустракаюць. Адным з такіх для Аляксея стаў Вітольд Ашурак.
— Мне пашанцавала: я пражыў у адной камеры з ім некалькі месяцаў, — усміхаецца палітвязень. — Гэта выдатны, вельмі разумны, культурны, інтэлігентны чалавек. Ён звяртаўся на "вы" да ўсіх, нават да 18-гадовых хлопцаў. Вітольд цэлы дзень пісаў лісты, казаў, што адказаць кожнаму — гэта яго абавязак і праца. Ён быў вялікім аптымістам, баяўся, што яму дадуць менш за пяць гадоў. Казаў, будзе неяк непрыстойна. Я неяк сказаў услых фразу "рабі што мусіш — будзь што будзе", і ён сказаў, што яму яна вельмі падабаецца і нават напісана ў яго на фэйсбуку ў статусе. Ён сказаў, добра, што я яе ўспомніў, што так жыць і трэба. Яна яго цалкам характарызуе. Мы з ім вельмі шмат размаўлялі на сур'ёзныя і бытавыя тэмы: ад гісторыі ВКЛ да таго, якая бульба лепш — вараная або смажаная. Вітольду вельмі падабаліся супы, якія давалі ў СІЗА, і я часта аддаваў яму свой. Ён казаў, што паціснуў бы руку хлопцу, які варыць гэтыя супы, — настолькі было смачна. Такі выбітны чалавек быў вялікім нават у дробязях.
Крыніца: "Якая гемафілія? Не трэба было каментары ў інтэрнэце пісаць". Гісторыя палітвязня Аляксея Галоўкіна