Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў атрымаў SMS-паведамленне з суда Першамайскага раёна Мінска аб прызначэнні судовага паседжання па адміністрацыйнай справе.
Ен мяркуе, што пратакол па арт 23.34 КаАП мог быць складзены за ўдзел у акцыі салідарнасці з заблакаваным рэсурсам "Хартыя'97", калі некалькі чалавек вывесілі ля парка Чалюскінцаў расцяжку з надпісам "Свабоду Хартыі'97". Суд прызначаны на 9-30 30 сакавіка.
У той жа час трэція суткі каля пад’езда Леаніда Кулакова ў аўтамабілі дзяжураць, перыядычна мяняючыся, супрацоўнікі міліцыі. Такое ж “паляванне” адбываецца каля дома журналісткі Вольгі Нікалайчык, якая фактычна заблакаваная па месцы жыхарства.
“Калі мяне будуць судзіць 30 сакавіка, то незразумела, навошта яны зараз учынілі на мяне паляванне”, - паведамляе праваабаронцам Кулакоў.
Нагадаем, 21 сакавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага. У гэты ж дзень яго адвезлі ў суд Першамайскага раёна, дзе асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за развешванне 13 сакавіка расцяжкі з надпісам "Свабоду Хартыі'97".
Крыніца: Леанід Кулакоў: "Калі мяне будуць судзіць 30 сакавіка, то навошта зараз учынілі на мяне паляванне?"