01.04.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Ленінскага раёна Мінска чацвёртага сакавіка асудзілі Жанну Дудзінскую паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Анастасія Ачалава прызначыла Жанне два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы адзінства шостага верасня 2020 года ў Мінску і выхадзе на праезную частку. Яе апазналі па фотаздымках і відэа іншага ўдзельніка акцыі Ульданава, які выгрузіў іх з тэлефона на жорсткі дыск. Жанна цалкам прызнала сваю віну.
З 25 студзеня па 1 лютага 2024 года жанчына знаходзілася пад вартай. Пазней да суда – пад закладам памерам 12000 рублёў.
Жанна Дудзінская мае сярэдне-спецыяльную адукацыю і працуе медсястрою ў прыватным прадпрыемстве "Гематэст".
Крыніца: Медсястру з Мінску асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у Маршы адзінства