27.03.2024 Тэгі: палітвязні, ціск, аналітыка, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Больш за тры з паловай гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.
Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 19 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1401 чалавек. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 17 палітвязняў: Антон Кошчанка, Аляксандр Цімафееў, Максім Зіневіч, Аляксей Грыцкевіч, Дзмітрый Шчурко, Валерый Богдан, Андрэй Халупка, Марына Дуброўская, Міхаіл Башкатаў, Ігар Свірыд, Мікалай Каробка, Канстанцін Паляк, Уладзіслаў Адамушка, Дзмітрый Сончык, Сяргей Корсак, Анастасія Буткевіч, Дзяніс Сасункевіч.
Таксама праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах дзевяці палітвязняволеным:
- Уладзіславу Беладзеду — тры гады калоніі;
- Наталлі Захаранцы — дзевяць гадоў калоніі;
- Віталю Максімчуку — шэсць гадоў калоніі;
- Андрэю Толчыну — два з паловай гады калоніі;
- Ігару Карнею — тры гады калоніі;
- Аляксандру Кулікову — яшчэ паўтара года калоніі;
- Ірыне Сапрыгінай — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Уладзіміру Лыкшыну — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Аляксандру Лыкшыну — два з паловай гады "хатняй хіміі".
Актывіста Андрэя Кудзіка затрымалі па новай крымінальнай справе. Ён зноў прызнаны палітвязнем
Андрэя неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 года: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. У лютым 2022-га году Андрэю прысудзілі два гады калоніі паводле "народнага" арт. 342 КК. На судзе актывіст не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. 18 ліпеня 2023 году палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
У мінулым кастрычніку яму прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok. 15 лютага гэтага года актывіста зноў арыштавалі на 15 сутак. Але на волю па сканчэнні тэрміна ён не выйшаў — яго затрымалі ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады)
Палітвязня Анатоля Латушку могуць перавесці на турэмны рэжым
Анатоль — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня 2022 года Анатолю прысудзілі 6 гадоў калоніі, Ліліі Ананян — пяць гадоў "хатняй хіміі", Алене Маліноўскай — чатыры гады калоніі. Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах герба "Пагоня" і змясцілі пад варту.
Пасля затрымання Латушкі было вядома, што яго збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці ўжывання фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС. Жонку Анатоля таксама асудзілі праз тры тыдні пасля мужа. Алене прысудзілі два з паловай гады "хатняй хіміі".
Стала вядома, што 22 сакавіка ў Шклове адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Тараканаў.
Пачаўся чарговы суд над палітвязнем Дзмітрыем Рэзановічам
Па ініцыятыве адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 супраць Дзмітрыя ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Сёння, 26 сакавіка, у Івацэвічах над палітвязнем распачынаецца суд. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Кухацкавалец. Стала вядома, што ў сакавіку Дзмітрыя змяшчалі на 10 сутак у штрафны ізалятар.
Нагадаем, летась палітвязня перавялі ў ПКТ да сакавіка. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.
Дзмітрыя затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
Працягваюць судзіць былую старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтан" Вольгу Брыцікаву
Віцебскі абласны суд у закрытым рэжыме пачаў судзіць палітзняволеную 11 сакавіка. Актывістку абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 КК. Справу вядзе суддзя Галіна Бондал.
Нагадаем, Вольга адпрацавала на прадпрыемстве "Нафтан" 16 гадоў, але была звольнена праз выказванне сваёй пазіцыі. Палітзняволеную шмат разоў затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх — 75 запар.
Эдуарда Бабарыку трымаюць у ПКТ, каб пасля перавесці ў турэмныя ўмовы
Палітвязень Эдуард Бабарыка, які адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску, знаходзіцца ў ПКТ — памяшканні камернага тыпу, піша "Наша Ніва".
Сын Віктара Бабарыкі трапіў у бабруйскую калонію ў канцы 2023 года ці самым пачатку 2024 года. У адрозненне ад астатніх вязняў яго фактычна так і не размеркавалі ні ў адзін атрад — ад самага пачатку палітвязню выпісвалі дысцыплінарныя спагнанні і ізалявалі ад іншых зняволеных.
Нагадаем, Мінскі абласны суд 5 ліпеня 2023 года вынес прысуд па справе Бабарыкі — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнега рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года па першапачатковаму абвінавачванню.
Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) КК.
Палітвязню Аляксандру Кулікову дадалі яшчэ паўтара года зняволення
Пракурор апратэставаў прысуд палітзняволенаму магілёўцу, асуджанаму да чатырох з паловай гадоў калоніі калоніі. Згодна з рашэннем суда, яму дадалі да тэрміну паўтара года.
53-гадовага жыхара Магілёва абвінавацілі па трох артыкулах: "уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання", "удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні", "праходжанне падрыхтоўцы для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці".
Аляксандра затрымалі ў мінулым чэрвені па вяртанні з Польшы. Мужчына з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. Але ў выніку палітвязня затрымалі на мяжы і змясцілі ў СІЗА.
Праз два месяцы яго асудзілі за каментары ў "экстрэмісцкіх" чатах, а пазней супраць яго распачалі новую справу.
У наваполацкай калоніі вязні масава хварэюць на каросту
Па інфармацыі праваабаронцаў, у папраўчай калоніі № 1 цягам апошніх тыдняў распаўсюджваецца кароста. Але ці аказваецца вязням якасная медыцынская дапамога і, ці прадпрымаюцца неабходныя захады па спыненні распаўсюду хваробы — невядома.
Цяпер у наваполацкай калоніі ўтрымліваецца 101 палітзняволены.
Крыніца: Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 12 па 27 сакавіка