26.03.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23-26 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі жыхара Шчучына, які "здзекаваўся над трагедыяй, якая адбылася ў Расіі"

На "пакаяльным" відэа ад 26 сакавіка затрыманы хлопец кажа, што пісаў каментары пра тэракт з-за таго, што не падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны.

У Гомелі затрымалі дырэктара тэлерадыёкампаніі "ФілТВ"

vital-filinski.jpg
Віталь Філінскі

Як паведаміла "Гомельская Вясна", Віталія Філінскага, вядомага гомельскага бізнэсоўцу, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Яго справу 22 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разглядала суддзя Восіпава Алеся. Што прызначыў суд — невядома.

Віталь Філінскі ў 1996 годзе стварыў телерадыёкампанію "ФілТВ", асноўным напрамкам дзейнасці якой з'яўляецца рэклама на тэлебачанні. Ён таксама з'яўляецца сябрам грамадскага аб'яднання "Адзінства", якое садзейнічае развіццю прыватнага прадпрымальніцтва.

Сілавікі затрымалі вядомую блогерку Жанну Лаўрову

zhanna-volkava_.jpg
Жанна Волкава

Днямі ў сацсетках Лаўрова апублікавала відэа з рэцэптам сасісак у цесце, дзе сказала "крыху падгарэлі, пару штук. Мусіць, гэта прыляцеў бумеранг, таму што шкада і ўкраінскіх дзяцей, праўда?". Прапагандысты палічылі гэта апраўданнем тэракту ў Маскве, 25 сакавіка з'явілася "пакаяльнае відэа" з жанчынай.

Таксама сілавікі пагражалі сыну Лаўровай, які жыве ў Маскве.

На сваіх старонках у сацсетках Жанна Лаўрова публікуе кулінарныя рэцэпты — у адным толькі TikTok яна мае больш за 383 тысячы падпісантаў.

Як паведаміла "Наша Ніва" 26 сакавіка, Жанна — на волі. Падрабязнасці затрымання яна не распавядала. Сказала, што застаецца са сваімі гледачамі і збягаць не збіраецца.

ГУБАЗіК затрымаў беларуса з-за каментара пра тэракт у Расіі — сілавікі здзекліва напісалі, што ў яго "пачаліся праблемы з вухам"

Пра гэта стала вядома 25 сакавіка. 

Таксама хлопца абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".

Мінчука арыштавалі за вокліч "Жыве Беларусь" з акна кватэры

У судзе Ленінскага раёна Мінска 26 лютага адбыўся суд над мужчынам, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Згодна з пастановай суда, "мінчук 24 лютага выгукнуў з акна правакацыйны лозунг "Жыве Беларусь". Гэта пачулі мінакі, а таксама супрацоўнікі Ленінскага РУУСа.

У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым у "пікеце" і прызначыў яму 13-сутачны арышт.

Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні хлопца за фота вайсковай тэхнікі — на "пакаяльным відэа" ў яго падбіта вока

kiryl-haurylau.jpg
Кірыл Гаўрылаў

На "пакаяльным" відэа ад 25 сакавіка хлопца прымусілі сказаць, што ён за грошы павінен быў сабраць інфармацыю пра беларускія вайсковыя аб'екты.

Паводле інфармацыі тг-канала "Суды, задержания. Гродно и область", затрыманы — Кірыл Гаўрылаў.

Жыхара Брэста затрымалі за "счэпку" на пратэстах у 2020 годзе

ihar-varanovicz_.jpg
Ігар Варановіч

Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Ігар Варановіч.

Праўладныя тэлеграм-каналы 25 сакавіка апублікавалі відэа затрымання Варановіча — у кватэру да яго прыйшлі як мінімум пяцёра сілавікоў са зброяй, у бронекамізэльках і шлемах. Мужчыну ў адной бялізне павалілі на падлогу.

Сілавікі затрымалі жыхара Гродна

2024_03_24_zatrymanne_zhykhar-hrodna.jpg
Уладзімір Ніканаў

Пра гэта стала вядома 24 сакавіка з "пакаяльнага" відэа. У ім сцвярджаецца, што мужчына пакідаў абразлівыя каментары пра Лукашэнку, прадстаўнікоў улады, а таксама міліцыянтаў і іх сем'і.

На відэа ў затрыманага бачныя сляды збіцця.

Паводле інфармацыі тг-канала "Суды, задержания. Гродно и область", затрыманы — Уладзімір Ніканаў.

На беларуска-латвійскай мяжы ў дальнабойніка знайшлі "экстрэмізм" у тэлефоне — мужчыну аштрафавалі

Як паведаміла "Віцебская Вясна", старшыня суда суддзя суда Верхнядзвінскага раёна Віктар Баліка 7 сакавіка за распаўсюд "экстрэмізму" ў сацыяльных сетках аштрафаваў на 1200 рублёў кіроўцу-дальнабойшчыка Сяргея Нікіціна. Адміністрацыйная справа была разгледжана без удзелу мужчыны.

У судзе высветлілася, што Сяргей, знаходзячыся на тэрыторыі Міжнароднага аўтамабільнага пункту пропуску "Грыгораўшчына" ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" размясціў інфармацыйную прадукцыю з сайта "Хартыя-97", які раней быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У Жлобіне затрыманыя і адміністрацыйна асуджаныя не менш за чатыры чалавекі

Як паведаміла  23 сакавіка "Гомельская вясна", гэта прадпрымальнік Дзмітрый Панамароў, пенсіянерка Марыя Леоненка, Леанід Лісны і Іна Волкава.

Пакуль што праваабаронцам вядомы толькі вырак адносна Дзмітрыя Панамарова — мужчыну арыштавалі на 10 сутак.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 23-26 сакавіка