На думку групы дэпутатаў Еўрапарламента cітуацыя ў дачыненні да асноўных правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі зусім не дэманструе прыкметаў якога-небудзь адчувальнага прагрэсу і змяненняў. Пра гэта гаворыцца ў іх лісце да віцэ-прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі і Вярхоўнай прадстаўніцы ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні і камісара ЕС па пытаннях палітыкі суседства і перамоваў аб пашырэнні Ёханэса Хана.
“Дакладней сказаць, мы ўстрывожаныя бачыць, што пытанне кардынальнай рэформы выбарчага заканадаўства ў Беларусі не атрымлівае належнай увагі на парадку дня ЕС-Беларусь”, — гаворыцца ў лісце, падпісаным трыццаццю пяццю еўрадэпутатамі.
Яны падкрэсліваюць, што Беларусь не дэманструе “прыкметаў узаемнасці, у першую чаргу, у галіне асноўных правоў чалавека і дэмакратыі” ў адказ на адмену абмежавальных захадаў ЕС у лютым 2016 года і “значна больш шырокія магчымасці для гандлю з Беларуссю”.
У лісце пералічваюцца асноўныя праблемы ў галіне правоў чалавека ў краіне, якія выклікаюць заклапочанасць прадстаўнікоў Еўрапарламента, у тым ліку наяўнасць двух палітычных зняволеных, Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенкі, “жорсткія захады і рэпрэсіі” ў дачыненні да мірных дэманстрантаў вясной мінулага года, пераслед незалежных журналістаў з замежнай акрэдытацыяй, блакаванне двух вядучых незалежных інтэрнэт-парталаў, а таксама адмова ў рэгістрацыі апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый.
“І апошняе, але, вядома, не менш важнае, што нас вельмі засмучае — гэта тое, што Беларусь працягвае ўжываць смяротнае пакаранне, нягледзячы на шматлікія заклікі ЕС на ўсіх магчымых узроўнях і нагодах”, — кажуць дэпутаты Еўрапарламента.
Яны таксама крытыкуюць нежаданне ўрада ажыццявіць рэформу выбарчага заканадаўства напярэдадні мясцовых выбараў у лютым 2018 года, якія “сталі чарговым доказам таго сумнага факта, што беларускі выбарчы працэс як такой працягвае быць нічым іншым, як імітацыяй на савецкі ўзор, з сістэмнымі маніпуляцыямі на абсалютна ўсіх этапах”.
“Гэта прымушае нас лічыць, што Еўрапейскі Саюз павінен заняць значна больш прынцыповую і рашучую пазіцыю ў патрабаванні да беларускіх уладаў распачаць, без далейшых затрымак, сапраўды справядлівую і ўсёабдымную рэформу выбарчага заканадаўства краіны і звязаных з імі працэдур, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Венецыянская камісіі і БДІПЧ АБСЕ. Мы цвёрда перакананыя ў тым, што якасць выбараў з’яўляецца менавіта тым пытаннем, якое павінна стаць выразным прыярытэтам у агульным парадку дня стасункаў паміж ЕС і Беларусь у бліжэйшыя месяцы і гады, у прыватнасці, у рамках дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю. Мы заклікаем перагледзець пазіцыю ЕС падчас бягучых перамоваў па пытанні прыярытэтаў партнёрства паміж ЕС і Беларуссю такім чынам, каб гарантаваць, што магчымы прагрэс у іншых галінах супрацоўніцтва залежыў бы ад пытання хуткай і глыбокай рэформы выбарчага заканадаўства беларускім бокам”, — падкрэсліваюць еўрадэпутаты.
Крыніца: Еўрадэпутаты ўстрывожаныя адсутнасцю “адчувальнага прагрэсу” ў галіне правоў чалавека ў Беларусі