19.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм У Мінскім гарадскім судзе 19 сакавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы блогера і журналіста Ігара Карнея. Яго абвінавачваюць ва “ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні” паводле ч. 3 арт. 361-1 КК. Па гэтым артыкуле журналісту можа пагражаць абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Справу прызначаны разглядаць суддзя Сяргей Кацэр.
Ігар Карней быў затрыманы 17 ліпеня, дома ў журналіста быў праведзены ператрус. Напачатку ён быў арыштаваны на 10 сутак, меркавана за падпіскі “на экстрэмісцкія” каналы. Затым супраць Ігара ўзбудзілі крымінальную справу.
Ігар Карней доўгі час працаваў журналістам на “Свабодзе”, вядомы як эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. Неўзабаве пасля затрымання сям'я Ігара выехала за мяжу.
Нагадаем, паводле БАЖ, у зняволенні ў Беларусі зараз 34 прадстаўнікі медыя.
Дзяржаўныя СМІ пішуць, што Карней, нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з экстрэмісцкай арганізацыяй БАЖ, якая была ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага Суда яшчэ ў 2021 годзе, але насуперак закону працягвала сваю працу. Ужо ў лютым 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў БАЖ экстрэмісцкай арганізацыяй.
Паводле абвінавачання Ігар Карней актыўна пісаў "негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады. Акрамя таго, у сваіх артыкулах ён даваў ілжывую карціну аб эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь"
З 1 чэрвеня па 14 ліпеня 2023 года ён размясціў на рэсурсах БАЖ не менш за 54 інфармацыйныя матэрыялы. Неўзабаве пасля гэтага быў затрыманы.
У судзе Ігар прызнаў сваю віну цалкам і пагадзіўся з абвінавачваннем.
Падтрымайце Ігара паштоўкай альбо лістом: СІЗА №1, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, 220030. Ігар Пятровіч Карней.
Крыніца: У Мінску ідзе суд над блогерам і журналістам Ігарам Карнеем Дапоўнена