25.03.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, заявы Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
17 ліпеня 2023 года ў Мінску быў затрыманы журналіст Ігар Карней. Пасля стала вядома, што журналіст быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а ў яго доме прайшоў ператрус.
Пасля сканчэння гэтага тэрміну Ігар Карней не выйшаў на волю, 28 ліпеня 2023 года стала вядома, што журналіста перавялі ў СІЗА і супраць яго заведзена крымінальная справа.
19 сакавіка 2024 года Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы. Ігара Карнея вінавацілі паводле часткі 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтамі здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці). У адпаведнасці з інфармацыяй ад дзяржаўнага СМІ SB.BY, абвінавачанне Ігара Карнея тычыцца супрацы з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, прызнанай у Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем". Ігара вінавацяць у напісанні журналісцкіх матэрыялаў для БАЖ, у якіх ён нібыта абражаў прэзідэнта і прадстаўнікоў улады, а таксама паведамляў ілжывыя звесткі пра эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь.
22 сакавіка 2024 года журналіста прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса і прыгаварылі да трох гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ігар Карней — беларускі журналіст, які раней працаваў пазаштатным карэспандэнтам "Радыё Свабода". У лістападзе 2020 года Ігар ужо сутыкаўся з затрыманнем падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў пры асвятленні акцый пратэсту. У апошнія гады Карней працаваў як журналіст-фрылансер.
Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Ігара Карнея з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Ігара Карнея з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Ігара Карнея палітычным зняволеным і патрабуем:
- неадкладнага вызвалення Ігара Карнея і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу;
- адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
- неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Беларуская ассацыяцыя журналістаў;
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва.
Крыніца: Заява аб прызнанні Ігара Карнея палітычным зняволеным