21.03.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя, экстрэмізм Гомельскі абласны суд 21 сакавіка вынес прысуд палітзняволенаму журналісту-фрылансеру Андрэю Толчыну, абвінаваціўшы яго ў “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 арт. 361-4 КК) і “паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі" (ч. 2 арт. 367 КК). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Казлоў.
Андрэй Толчын — стваральнік гомельскай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», журналіст-фрылансер, які супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі. Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі.
Толчына затрымалі 27 верасня 2023 года ў Гомелі. На наступны дзень у яго сілавікі правялі ператрус. У выніку следчыя забралі камп’ютарную тэхніку і іншыя лічбавыя носьбіты, а Андрэя перавялі ў СІЗА № 3 і супраць яго заведзена крымінальная справа.
Перад пачатакам судовага працэсу было вядома, што яго абвінавачваюць і ў “дыскрэдытацыі Беларусі” (арт. 369-1 КК), аднак суд не стаў разглядаць гэты артыкул.
Толчыну 64 гады, ён пакутуе на шэраг хранічных захворванняў. Яго затрымлівалі ў 2020 годзе разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне акцый пратэстаў, якое палічылі ўдзелам у масавых беспарадках. Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе, кали ён здымаў сваякоў палітвязняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятара.
Абвінавачанне запрасіла для Толчына пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады.
Суд, які доўжыўся з 5 сакавіка, прызнаў Андрэя Толчына вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымайце палітвязня паштоўкай альбо лістом: СІЗА-3, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, 246003. Андрэй Мікалаевіч Толчын.
Крыніца: У Гомелі вынесены прысуд журналісту-фрылансеру АндрэюТолчыну