20.03.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўнікоў "Народных амбасадаў" і "Беларусаў замежжа"
20 сакавіка ў ведамстве заявілі, што прадстаўнікі гэтых ініцыятыў "спрабавалі прычыніць шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі".
"У цяперашні час Следчы камітэт мае поўную інфармацыю больш чым пра 100 прадстаўнікоў радыкальных дыяспар. Ужо ўстаноўлена больш за 30 аб'ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам, на тэрыторыі нашай краіны", — гаворыцца ў паведамленні СК.
Крымінальная справа распачата па арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Напачатку сакавіка ініцыятывы "Народные посольства" ("Беларусы зарубежья"/"Беларусы замежжа") былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі".
У Мінску праходзіць ператрус у кватэры ў кіраўніка Malanka Media і платформы ZUBR Паўла Марыніча
"Ператрус праходзіць у кватэры па месцы прапіскі, дзе пражывае родны брат з сям'ёй. Пакуль інфармацыі няма, чакаю копію пратакола ператрусу. У Мінску я не жыву з 2010 года і ў Беларусі ўвесь гэты час не быў. Пакуль я не ведаю, што яны там шукаюць, проста ствараюць "конскі тупат", а можа чарговую крымінальную справу ўжо сфальсіфікавалі", — паведаміў "Malanka Media" Павал.
Днямі Паўлу прызначылі 4 гады калоніі завочна па справе за "зрыў рэспубліканскага рэферэндуму" ў 2022 годзе.
Сілавікі затрымалі адміністратара мінскага рэстарана Umami Neobistro
"Пакаяльнае" відэа з затрыманым з'явілася 20 сакавіка ў праўладным тг-канале. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.
Паводле інфармацыі "Медыязоны", яго завуць Мікіта Лявіцкі.
Сілавікі затрымалі жыхара Гродна
У "пакаяльным" відэа ад 19 сакавіка сцвярджаецца, што ён удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана "Перамога" і пакідаў абразлівыя каментары.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — праект "Бобруйск 375"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 18 сакавіка. Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае 28-гадовы Максім Хвашчынскі.
Крыніца: Новае "экстрэмісцкае фармаванне", затрыманні і ператрусы: хроніка пераследу 19-20 сакавіка