20.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Суд Партызанскага раёна Мінска 5 сакавіка вынес прысуд Алене Каспяровіч, абвінавачанай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады – выконваючага абавязкі начальніка УДВП па Віцебскай вобласці Ж. (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Вераніка Абзалімава.
Алена Каспяровіч знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за непаўналетнім дзіцем, які мае інваліднасць, а таксама даглядае састарэлых бацькоў. Пасля затрымання да суда зназодзілася пад падпіскай.
Па матэрыялах абвінавачання, жанчына размясціла тэкст каментара, які нібыта супярэчыць устаноўленым правілам зносін паміж людзьмі, патрабаванням агульначалавечай маралі, у якім прынізіла гонар і годнасць палкоўніка міліцыі Ж., у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, з пачуцця непрыязнасці да прадстаўнікоў улады.
У публікацыі вялася гаворка аб тым, што міліцэйскі начальнік дазваляў сабе здзекі над зняволенымі.
Суд прызнаў Алену Каспяровіч вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў, а таксама штрафу у памеры 50 базавых велічынь, што складае 2 000 рублёў.
Крыніца: Жанчыну ў Мінску асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады да "хатняй хіміі" і штрафу