15.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Гомельскі абласны суд меркавана 5 сакавіка ў закрытым рэжыме вынес прысуд грамадзянцы Украіны, палітзняволенай Наталлі Захаранцы і яе знаёмай Ларысе Крупа. Захаранку абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Украіны паводле арт. 358 КК, а яе знаёмую ў неданясенні аб злачынстве (ч. 2 арт. 406 КК). Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў.
Гэтая гісторыя атрымала агалоску яшчэ напачатку ліпеня мінулага года, калі жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка знікла па дарозе ў беларускі Мазыр, дзе жыве яе сястра. Да пачатку расійскай агрэсіі прадпрымальніца Наталля часта ездзіла ў Гомель гандляваць на мясцовым рынку.
Трывогу забіла дачка жанчыны: нумары і кантакты маці пасля перасячэння польска-беларускай мяжы сталі недасяжныя, а афіцыйныя органы маўчалі.
Як паведамлялі ўкраінскія медыі, Наталля з'яўлялася валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі. Вядома таксама, што Захаранка ездзіла ў Беларусь на ўласным аўтамабілі.
Захаранку затрымалі 4 ліпеня 2023 года і трымалі пад вартай да суда.
Пра прысуд Радыё "Свабода" даведалася са сваіх крыніц. Таксама гэтую інфармацыю падцвердзілі знаёмыя Наталлі з Чарнігава. У раскладзе пасяджэнняў Гомельскага абласнога суду на два сакавіцкія тыдні, ад 11 сакавіка і на наступны тыдзень, слуханняў па справе Наталлі Захаранкі няма. Суд пастановіў пакараць украінку пазбаўленнем волі тэрмінам на 9 гадоў, а таксама канфіскаваць у Наталлі мікрааўтобус. Разам з украінкай судзілі яе сяброўку, беларуску з Мазыра Ларысу Крупу. За «неданясенне пра злачынства» яна атрымала штраф у памеры 100 базавых велічынь (4 тысячы беларускіх рублёў).
Крыніца: Грамадзянку Украіны абвінавацілі ў шпіянажы і асудзілі на 9 гадоў калоніі