15.03.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі жыхара Мінска — ён пакідаў каментары ў падтрымку Украіны
На "пакаяльным" відэа ад 15 сакавіка затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў каментары ў падтрымку Украіны і пра прадстаўнікоў улады, а таксама нібыта далучыўся да плана "Перамога" і ініцыятывы "Супраціў".
Мяркуючы па відэа сілавікоў, верагодна, пасля затрымання мужчына быў збіты.
Затрыманні ў Шчучыне
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць 15 сакавіка аб затрыманнях на прыватным прадпрыемстве "РынаПластык" у Шчучыне. Папярэдне, яны звязаныя з "распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Колькасць затрыманых і іншыя падрабязнасці высвятляюцца.
"РынаПластык" працуе на рынку шлангаў і садовага інвентара з 2004 года.
У Мінску затрымалі настаўніка фізікі з 20-гадовым стажам — ён нібыта "здзекаваўся з вучня-патрыёта"
На "пакаяльным" відэа ад 15 сакавіка мужчына кажа, што падтрымлівае Украіну і супраць вайны, не падтрымлівае ваенна-патрыятычнае выхаванне дзяцей у школе і што прымушаў вучня, які прыйшоў на ўрок у вайсковай форме, яе зняць.
Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Аляксандр Шыдлоўскі.
У Брэсце за ўдзел у акцыі пратэсту затрыманы мужчына
Праўладныя тэлеграм-каналы ў "пакаяльным" відэа ад 15 сакавіка сцвярджаюць, што ён кідаў камяні ў міліцыянтаў.
Падчас затрымання адзін з сілавікоў сеў каленямі на мужчыну.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 18 чалавек — цяпер у ім 3882 прозвішчы
15 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі былога "афганца" Уладзіміра Лісіцу, асуджаную за данаты Дзіяну Стульба, "талакоўца" Алега Кацапава.
Крыніца: Затрыманне настаўніка фізікі, абнаўленне "спіса экстрэмістаў": хроніка пераследу 15 сакавіка