15.03.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, ціск, рэпрэсіі, салідарнасць, зборныя матэрыялы 13 студзеня стала вядома пра жудасныя наступствы пераследу за праяву салідарнасці. У калоніі памёр асуджаны на тры гады за данаты палітвязень Вадзім Храсько, які меў цяжкае захворванне.
У 2020 годзе ў адказ на гвалт з боку сілавікоў узнікла моцная хваля салідарнасці. Беларусы пачалі актыўна данаціць у шматлікія фонды для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Частку людзей, якія данацілі ў 2020 годзе актыўна выклікаюць у КДБ і просяць не ў працэсуальным парадку ахвяраваць сумы ў шмат разоў большыя за данаты, пагражаючы крымінальнай справай. Як паведаміла МУС, толькі з пачатку 2024 года 260 чалавек зрабілі "дабраахвотных ахвяраванняў" на суму больш за 356 тысяч даляраў. Некаторых данаціўшых адразу затрымліваюць у межах крымінальнай справы за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). На сённяшні дзень у Беларусі 64 чалавекі асуджаныя па гэтым артыкуле (або ў сукупнасці з іншымі) на тэрміны ад паўтара да 19 гадоў калоніі. За данаты ў структуры, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі", у Беларусі пагражае да пяці гадоў калоніі. Нават на момант, калі яны не былі прызнаныя гэткімі. Таксама ў Беларусі пачасціліся выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" — за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад, у BYPOL і "Кіберпартызанам". Па ім асудзілі як мінімум траіх чалавек агулам на 26,5 гадоў калоніі.
Расказваем, як у Беларусі пераследуюць за данаты і праяву салідарнасці. А таксама нагадваем парады юрыстак "Вясны", што рабіць, калі выклікаюць на размову за данаты.
У 2020 годзе на хвалі салідарнасці ўзнікла шмат розных фондаў і ініцыятываў па дапамозе пацярпеўшым ад рэпрэсій. Гэта была беспрэцэдэнтная з’ява паводле аб’ёма дапамогі і жадаючых ахвяраваць. Так, напрыклад, 14 жніўня 2020 года Андрэй Стрыжак заснаваў фонд салідарнасці BYSOL, а з 2017 года ўжо дзейнічала ініцыятыва Аляксея Лявончыка By_help. Таксама збор сродкаў на меддапамогу для пацярпелых ад гвалту сілавікоў адкрыў фонд "Имена". Грашовы зборы арганізоўваліся пераважна праз сацсетку Facebook. Акрамя фондаў салідарнасці беларусы данацілі розным іншым ініцыятывам і арганізацыям: суполцы ананімных хакераў "Кіберпартызаны", палку Каліноўскага, медыяпраекту "Мотолько Помоги" і іншым.
Тых, хто данацілі беларускім добраахвотнікам ва Украіне пераследуюць за "фінансаванне вайны" (ч. 2 арт. 361-3 КК). На сённяшні дзень вядома як мінімум пра 13 чалавек, асуджаных па гэтым артыкуле. Мы іх вылучаем у асобную групу і ў гэтым матэрыяле не ўлічваем. Падрабязней пра іх можна пачытаць у нашым матэрыяле пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.
Фонды салідарнасці — "экстрэмісцкія фармаванні"
У 2021 годзе ўлады пачалі актыўна прызнаваць фонды "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а некаторыя ініцыятывы "тэрарыстычнымі арганізацыямі".
Беларусаў, данаціўшых у фонды, затрымліваюць або выклікаюць "на размову" у КДБ ці ДФР. Некаторым сілавікі прапануюць "адкупіцца": зрабіць нібы дабравольнае ахвяраванне ў памеры ў шмат разоў большым за суму даната. Як правіла сродкі прапануюць перавесці на спецыяльны рахунак медычнай установы. Але падкрэслім, што такое ахвярванне з'яўляецца непрацэсуальнай працэдурай і не з'яўляецца штрафам ці іншым відам пакарання. Пасля следчы можа выдаць пастанову аб спыненні крымінальнай справы. Улічваючы пануючае ў Беларусі беззаконне, нельга выключаць паўторнае ўзбуджэнне крымінальнай справы па тым жа эпізодзе.
Следчы камітэт у лютым 2024 года паведаміў, што беларусы зрабілі "дабраахвотных ахвяраванняў" на суму больш за 37 мільёнаў рублёў (каля 11,5 млн. даляраў). Прадстаўнікі Следчага камітэту назвалі гэта "механізмам вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія здзейснілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з'явіліся з пакаяннем і загладзілі прычыненую шкоду".
Таксама ў лютым праваабаронцам стала вядома, што Следчы камітэт даслаў у шэраг навуальных установаў дакладную запіску "аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў". У ёй паведамляецца, што як мінімум 155 супрацоўнікаў БДУ данацілі "экстрэмісцкім фармаванням". Сцвярджаецца, што ў дачыненні да гэтых людзей "праводзяцца адпаведныя следчыя і працэсуальныя дзеянні".
А 14 сакавіка 2024 года УУС Мінскага аблвыканкама паведаміла, што толькі сёлета было выяўлена 260 чалавек, якія рабілі данаты ініцыятывам і арганізацыям, прызнаным уладамі "экстрэмісцкімі фармаваннямі" на суму больш за 5000 даляраў. Сілавікі прымусілі зрабіць "дабраахвотныя ахвяраванні" на суму больш за 356 тысяч даляраў.
"Крымінальная справа або перавод грошай у РНПЦ". Беларус распавёў пра пераслед за данаты
Як раней распавёў праваабаронцам адзін з беларусаў, данаціўшы ў 2020 годзе, КДБшнікі амаль адразу прапанавалі заплаціць 1500$ на "дабрачыннасць" у якасці кампенсацыі за данаты "экстрэмісцкім фармаванням". Чалавек адмовіўся, матывуючы гэта тым, што ніякім "экстрэмістам" ён грошы не ахвяраваў. У адказ на гэта супрацоўнікі запатрабавалі тэлефон і прасілі даць пароль ад Facebook-старонкі чалавека.
Зайсці на старонку ў сацсетцы ў КДБшнікаў не атрымалася, таму яны адпусцілі беларуса, аднак сказалі, што ён павінен прыйсці да іх зноў і даць ім доступ да Facebook. Мужчына праігнараваў іх патрабаванне — праз некаторы час да яго прыйшлі з ператрусам і забралі на “суткі”. У выніку, перад ім паставілі ўмову — ці ён плаціць 1500$, ці супраць яго можа быць распачата крымінальная справа.
- У студзені 2024 года ў Мінску з'явіліся банеры з пагрозамі крымінальнай адказнасці тым, хто данаціў у арганізацыі, прызнаныя ўладамі "экстрэмісцкімі фармаваннямі"
Стваральнік часопіса, танцорка, загадчык аптэкі. Каго судзяць за данаты
На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 64 асуджаных за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання). Агулам іх асудзілі на 192 гады і шэсць месяцаў пазбаўлення і абмежавання волі. Гэта людзі розных прафесій, сфераў дзейнасці і сацыяльнага статуса: галоўны інжынер буйнога прадпрыемства і былы супрацоўнік банка, сын палітыка і выкладчыца англійскай мовы, псіхалагіня і прэс-сакратар.
Палітзняволеную мінчанку Ксенію Ходыраву затрымалі ў кастрычніку 2023 года за данаты і некалькі месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ. У лютым 2024 года яе асудзілі за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" і за "фінансаванне вайны" (ч. 2 арт. 361-3 КК) на пяць гадоў калоніі.
Ксенія вучыласа на культуралогіі ў БДУ і была адзначана ў намінацыі "Лепшы выпускнік БДУ-2018". Таксама дзяўчына займаецца футболам і танцамі.
Галоўнага інжынера "Мілкавіты" Аляксандра Стругальскага асудзілі ў лютым 2024 года за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" на тры гады "хатняй хіміі". Яго затрымалі яшчэ восенню 2022 года. Паводле праўладных тг-каналаў, мужчына дасылаў грошы ў BySol.
Танцорку і маці дваіх дзяцей Вікторыю Гаўрыліну асудзілі ў верасні 2023 года на тры гады і тры месяцы калоніі. Жанчыну абвінавацілі паводле трох крымінальных арыткулаў, у тым ліку за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). Жанчыну разам з мужам затрымалі зімой 2023 года. Мужчыну пасля адбыцця 30 сутак арышту выпусцілі на волю.
Стваральніка навукова-папулярнага часопіса Pamylka Юрыя Адамава затрымалі вясною 2023 года. Ён удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, правёў некалькі даследванняў па фізіцы ў ЗША. Навукоўца асудзілі ў ліпені 2023 года за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" на тры гады калоніі.
Салідарнасць з ініцыятывамі, прызнанымі "тэрарыстычнымі"
Таксама ў Беларусі пачасціліся выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" - за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад у BYPOL і "Кіберпартызаны". Па ім ужо асудзілі як мінімум траіх чалавек агулам на 26,5 гадоў калоніі : Мікалая Васілевіча на дзевяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі, Дзмітрыя Слука на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі, Алега Дзегцярэнку на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі. Яшчэ пяць чалавек цяпер знаходзяцца пад вартай у чаканні суда па гэтым арыткуле.
Трэнера-масажыста з Мінска Мікалая Васілевіча абвінавацілі ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК), "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 290-1 КК).
Прапагандысцкія СМІ распавялі, што агулам за два гады Мікалай зрабіў не менш за 54 данаты ў фонды салідарнасці і розныя ініцыятывы.
Агулам 12 верасня 2023 года Мікалая асудзілі на 9,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Бабруйчаніна Дзмітрыя Слука затрымалі 10 лютага 2023 года. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні тэрарстычнай дзейнасці" (ч. 1 арт. 290-1 КК) за данаты "Кіберпартызанам".
4 ліпеня 2023 года яго асудзілі на 8,5 гадоў калоніі і штраф 300 базавых велічыняў.
Пра справу гамельчука Алега Дзегцярэнкі амаль нічога невядома, бо суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Яго абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК) і "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 290-1 КК). У Гомельскім абласным судзе сёмага сакавіка 2024 года Алегу прысудзілі 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў.
Палітвязня Аляксандра Зіязэтдзінава асудзілі восенню 2022 года за "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (ч. 1 арт. 361-2 КК) на тры гады калоніі. Зімою 2024 года яго зноў пачалі судзіць. Да папярэдняга арыткула яму паставілі ў віну "фінансаванне тэрарэстычнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 290-1 КК). Яму пагражае да 15 гадоў калоніі. За некалькі месяцаў да пачатку суда над палітвязнем, выйшаў прапагандысцкі фільм з яго ўдзелам. З фільма стала вядома, што Аляксандр пісаў прашэнне аб памілаванні і пералічыў у якасці водкупа на рахункі медычных установаў 31 біткоін (прыкладна два мільёны даляраў). Але 29 лютага 2024 года Аляксандра зноў пачалі судзіць.
Што рабіць, калі я данаціў у фонды салідарнасці
"Гарачая Лінія" і юрысткі "Вясны" распавядаюць, што рабіць і як сябе засцерагчы, калі выклікаюць на размовы ў КДБ за данаты
Што рабіць, калі выклікаюць на размову?
У першую чаргу, важна разумець, што ў праваахоўных органаў можа не быць зусім ніякіх пэўных доказаў і падстаў для вашага затрымання, штрафу, спагнання ці крымінальнага пераследу роўна да таго моманту, пакуль вы не дасце ім такую інфармацыю. У большасці вядомых нам выпадкаў людзі прыходзілі на такія размовы, на іх аказвалі псіхалагічны ціск — і яны падпісвалі тлумачальныя, дзе выкрывалі сябе ў “парушэннях”. У выніку з такой тлумачальнай можа пачацца крымінальны пераслед. Мы заўсёды радзім з’яўляцца ў праваахоўныя органы толькі па позве і толькі ў межах афіцыйнай працэдуры — допыту.
Мы рэкамендуем памятаць пра права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (артыкул 27 Канстытуцыі) і карыстацца дадзеным правам. Каб мінімізаваць магчымасць ціску, радзім прыходзіць з адвакатам як на допыт, так і на прафілактычную гутарку (калі вы з нейкай нагоды ўсё ж вырашылі туды пайсці).
Як мінімізаваць рызыкі затрымання?
Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак каментаваў, што ўцечка інфармацыі пра ахвяраванні тычыцца менавіта беларускіх банкаўскіх картак і, хутчэй за ўсё, не ўтрымлівае звестак пра тое, на карысць каго ажыццяўлялася ахвяраванне. Каманда фонду BYSOL раіць перарэгістраваць акаўнт у Facebook на новую электронную пошту і потым яго выдаліць.
- "Кааліцыя Пратэстных Двароў" распрацавала складанейшую шматступеньчатую інструкцыю пра тое, што рабіць з Facebook-акаўнтам, з якога ажыццяўляліся ахвяраванні ў фонд.
- Таксама медыя-рэсурс Zerkalo.io прыводзіць меркаванні адвакатаў, з чым карысна азнаёміцца.
Што рабіць, калі патрабуюць "заплаціць" за свой данат?
Калі сілавік патрабуе ў вас праз данат перавесці суму на нейкі дабрачынны рахунак, то выкананне гэтага патрабавання не гарантуе, што крымінальную справу не завядуць.
А што, калі данат быў да прызнання BYSOL "экстрэмісцкім фармаваннем"?
Юрыстка "Вясны" адзначае, што звычайна прымяненне крымінальнай адказнасці грунтуецца на прынцыпе "закон зваротнай моцы не мае". То бок, не могуць крымінальна пераследавацца дзеянні, якія былі зроблены да моманту ўвядзення за іх крымінальнай адказнасці.
Фонд BYSOL быў прызнаны экстрэмісцкім фармаванне 3 снежня 2021 года па пастанове Міністэрства ўнутраных спраў. І, атрымліваецца, крымінальны пераслед, звязаны з гэтым фактам, дапушчальны толькі за дзеянні, якія былі ажыццёўлены ўжо пасля прызнання фонда экстрэмісцкім.
Аднак у выпадку з экстрэмісцкімі фармаваннямі практыка такая, што экстрэмісцкімі яны прызнаюцца ад самага пачатку сваёй дзейнасці, а не з даты прыняцця пастановы. І гэта дае ўладам прастору для распаўсюджвання новага заканадаўства на старыя выпадкі.
Нашы кантакты:
Instagram: @viasnasos
Telegram: @ViasnaSOS, @SOSViasna
Telegram-bot: @viasna_bot
Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Распавесці пра пераслед за данаты журналістам "Вясны": Telegram: @Viasnainfo | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.