14.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 14 сакавіка вынеслі прысуд каталіцкаму верніку Уладзіславу Беладзеду — тры гады калоніі, піша "Хрысціянская версія". Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Верніка ў закрытым рэжыме судзіла Алена Ананіч.
Затрымалі Уладзіслава 31 траўня 2023 года. Некалькі разоў запар быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядаў як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню. Але ён захоўвае маральныя сілы.
Уладзіславу інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
- ч. 1 арт. 343 (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару);
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Вядома, што Уладзіслаў мае сур'ёзныя праблемы са здароўем. Як паведамляла "Хрысціянская візія", яго "прымусілі запісаць "пакаяннае відэа", у якім ён выглядаў прыгнечана і пад відавочным прымусам заяўляў аб сваёй гомасексуальнай арыентацыі, што ставіць яго пад дадатковую пагрозу. У прапагандысцкім відэа пра яго выказваліся ў зневажальным тоне, прымушалі агаворваць сябе, а таксама дэманстравалі фота і відэа, накіраваныя на дыскрэдытацыю яго ў вачах вернікаў".
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Уладзіслаў Сяргеевіч Беладзед
Крыніца: У Мінску каталіцкага верніка асудзілі да трох гадоў калоніі