08.03.2024 Тэгі: палітвязні, відэа, гендарныя правы, гісторыі вязняў Праваабарончы цэнтр "Вясна" падрыхтаваў да Міжнароднага дня правоў жанчын фільм пра былую палітзняволеную Дар'ю Кароль, якую чатыры месяцы ўтрымлівалі ў СІЗА-1 у 2022 годзе за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яна распавяла сваю гісторыю ў засценках Музея праклятых жаўнераў і палітычных вязняў часоў Польскай народнай рэспублікі ў Варшаве. Яго ўмовы вельмі падобныя на мінскую "Валадарку".
На прыкладзе асабістай гісторыі студэнткі Дар'і, якой на момант затрымання было 19 гадоў, праваабаронцы паказалі, у якіх умовах утрымліваюцца палітзняволеныя жанчыны ў Беларусі, што яны перажываюць і з якімі пачуццямі пераносяць гэтае цяжкае выпрабаванне.
"Назва фільма — выраз Дашы пра тое, як яна ў СІЗА плакала фіялетавай падводкай, калі чытала лісты з волі. Нам падаецца, гэта вельмі сімвалічны выраз, улічваючы тое, што фіялетавы колер лічыцца афіцыйным колерам фемінізму і барацьбы жанчын за свае правы. "Фіялетавыя слёзы" — менавіта так можна апісаць сітуацыю з правамі і свабодамі жанчын у Беларусі.
Мы задакументавалі і паказалі гісторыю пераследу Дар'і, але мы таксама хочам гэтым фільмам данесці, што ў падобных умовах, думках і пачуццях у беларускіх месцах няволі ў гэтую хвіліну незаконна ўтрымліваюцца сотні жанчын. Яны сутыкаюцца з падобнымі праблема, а некаторыя — нават з горшымі. І пра гэта трэба крычаць на ўвесь свет усімі магчымымі спосабамі", — кажуць стваральнікі фільму Дзіяна Пінчук, Zm1tser, Дар'я Кароль.
Фільм прысвячаецца палітзняволеным жанчынам Беларусі і ўсім, хто пацярпеў ад рэпрэсій за абарону грамадска-палітычных правоў і свабод.
Крыніца: "Фіялетавыя слёзы": у Міжнародны дзень правоў жанчын "Вясна" прэзентуе фільм