06.03.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Лідчаніна арыштавалі за "Жыве Беларусь" у Twitter

У Лідзе 25 лютага адбыўся суд над інжынерам і бацькам двух непаўнагадовых дзяцей. Яго абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" паводле 24.23 КаАП.

Паводле пратакола, мужчына ў сацсетцы X (Twitter) размясціў надпіс "Жыве Беларусь". На судзе ён прызнаў сваю віну.

У выніку яму прызначылі 15 сутак арышту.

ГУБАЗіК адсправаздачыўся аб затрыманні 5 жыхароў Бярозы

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

У панядзелак сілавікі ўжо паведамлялі аб затрыманні чатырох жыхроў гэтага горада.

Былы палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля "сутак" — ён затрыманы па крымінальнай справе

Андрэй Кудзік. Фота з Facebook

Стала вядома, што актывісту з Вілейкі інкрымінавана ч. 1 арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Улічваючы гэта, мужчына зноў дададзены ў спіс палітычных зняволеных Беларусі.

Крыніца: Арышт за "Жыве Беларусь" і новыя затрыманні ў Бярозе: хроніка пераследу 6 сакавіка